Агратурыстычны адпачынак на Лепельшчыне

07.08.2014

 - Статьи

Автор: Алена Ляшкевіч, фота аўтаркі, а таксама Кацярыны Ціхановіч і Міхася Аракчэева


Агратурыстычны адпачынак на Лепельшчыне

Сёлета адбыўся мой дэбют аграсядзібнага адпачынку. Для мяне, дзяўчыны, што захапляецца беларускай традыцыйнай культурай, усе аграсядзібы выглядалі «на адзін твар» – моцна стылізаваныя, без прывязкі да лакальных этнаграфічных адметнасцей. Ды і што там рабіць? Гарэлку піць? Дык я не ўжываю... Само сабой, я чула пра «свядомых» гаспадароў аграсядзіб, якія адраджаюць беларускія традыцыі, ладзяць фальклорныя фестывалі. Але ж гэта кропля ў моры... І публіка на такіх фестывалях, здавалася, збольшага мінская, усіх ведаю, нашто кудысьці ехаць?

І вось, патрапіла на аграсядзібу да спадара Васіля Шкіндзера ў вёску Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна. Ён сёлета ўжо трэцім разам зладзіў фэст «Жнівень».

Атмасфера сяброўская, прыехалі рамеснікі і мастакі з паўночнай Беларусі.

Мінчукоў, акрамя нашай машыны і адных з выступоўцаў – сярэднявечнага гурта «Літы талер», не было. Фэст сапраўды рэгіянальны! Яно і не дзіўна, рэкламаваўся ён толькі праз сайт lepel.by, мы даведаліся выпадкова.

«Літы талер» цешыў публіку сярэднявечнымі і беларускімі традыцыйнымі танцамі, у якіх разам з гасцямі ўдзельнічаў і гаспадар сядзібы.

Гасцям прапаноўвалі кашу, прыгатаваную на вогнішчы, гарбату з зёлак, печыва.

«Паўночная Сухадроўка», пост-фольк-гурт з Віцебска, выканала жніўныя песні і балады пра цмока, які дзякуючы супрацы мясцовых краязнаўцаў з кампаніяй «Будзьма беларусамі» стаў пазнавальным брэндам Лепельшчыны. Ды такім папулярным, што, як пісаў Джані Радары, яго нават крадуць: з брамы сядзібы спадара Шкіндзера знікла таблічка «Тут жыве беларускі Цмок». Нягледзячы на знікненне таблічкі, жывёлку тут памятаюць: перад фэстам на сядзібе прайшоў пленэр «У княстве Лепельскага Цмока».

Вынікі пленэру – скульптуры, карціны – наведвальнікі фэсту маглі ацаніць на вернісажы. Як падкрэсліваюць мясцовыя краязнаўцы, Цмок Лепельскі пішацца з вялікай літары, бо Лепельскі – ужо амаль прозвішча, так шмат пра яго вядома. Бадай што, самая «раскручаная» – легенда пра тое, што ў Цмока маладыя прасілі блаславення на шчаслівае сямейнае жыццё, а хто не прасіў, у таго жыццё і не складалася. Апавядаюць пра перакананую камуністку і атэістку, якая «ісці да Цмока» падчас свайго вяселля адмовілася кардынальна. І вось падчас рэпрэсій забралі яе мужа, потым памерлі ад хвароб сыны... Тады жанчына зрабілася галоўнай «прапагандысткай» Цмока, яе унук, краязнаўца Уладзімір Шушкевіч, быў адным з актывістаў усталявання помніка Цмоку ў Лепелі.

Гаспадар аграсядзібы «Поўсвіж» Васіль Шкіндзер – беларускамоўны, сябры-госці, якіх ён запрасіў на фэст, суадносна, таксама. Спадар Васіль да таго ж грае на дудзе, спрыяе захаванню ў Вялікім Поўсвіжы каляднага абраду «Жаніцьба Цярэшкі». Абрад адбываецца на Стары Новы год (ці, цяпер, у бліжэйшую да яго суботу) і ўяўляе сабой жартоўнае вяселле адначасова для шматлікіх пар моладзі. Гульня мае, тым не менш, вялікі міфалагічны сэнс, «паўтараючы» першы на Зямлі, «нябесны» шлюб: Бога і Багіні. Бога замяшчае міфічны персанаж Цярэшка. Такое імя сустракаецца ў народнай казцы як імя драўлянага хлопчыка, што ажывае на радасць старым бяздзетным бацькам. У тапанімічных паданнях Цярэшка праяўляе сябе як заснавальнік паселішча, міфічны продак, апякун людзей, дарадчык. Калі на большай частцы тэрыторыі Беларусі асноўным калядным дзеяннем з'яўляецца абыход двароў, калядаванне, то ў Паўночнай Беларусі – менавіта «Жаніцьба Цярэшкі». Лепельскі раён з'яўляецца эпіцэнтрам захаванага старажытнага абраду. Лепельская «Цярэшка» нават ахоўваецца дзяржавай як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць. Таму прыехаць у Лепельскі раён узімку, ужо пасля Новага году, ёсць па што. Можна спыніцца ў спадара Васіля, які выступае за «бацьку» (адзін з галоўных персанажаў «Жаніцьбы Цярэшкі») падчас здзяйснення абраду ў мясцовым клубе. На Лепельшчыне 8 аграсядзіб, калі ў адной няма месца, то гаспадар тэлефануе сябрам і турыстаў такі прыстройваюць. Таму на вуліцы не застанецеся! Хаця замаўляць месцы, вядома, лепш загадзя.

Спадар Васіль лічыць, што для Лепельскага раёна, дзе так шмат азёраў, увогуле цудоўная прырода, 8 аграсядзіб – гэта зусім няшмат. Калі яго пытаюцца аб прыбытках, гаспадар кажа «Займіцеся агратурыстычным бізнесам – і самі пабачыце, што справа вельмі выгодная».

Акрамя жнівеньскага фэсту і «Жаніцьбы Цярэшкі», аграсядзіба «Поўсвіж» часам праводзіць у канцы верасня фэст «Багач», які, на жаль, пакуль не стаў штогадовым.

Хапае заняткаў на сядзібе і без святаў: побач аднайменнае возера, на тэрыторыі сядзібы – арэлі, рыцарскі рыштунак і этнаграфічны музей.

Калекцыю спадар Васіль збіраў сам, па суседніх вёсках і раёнах.

Тут і сельскагаспадарчыя прылады, і цэлая выстава ліхтароў, кераміка, прыспасобы для прадзення і ткацтва.

Адны з самых цікавых экспанатаў – цяслярская сякера, што выглядае як сярэднявечная алебарда, польскія вагі міжваеннага часу, якія дасюль працуюць, аграмаднае люстэрка з панскай сядзібы.

Ад аграсядзібы «Поўсвіж» да Лепеля вельмі блізка, каля чатырох кіламетраў, адлегласць, што лёгка пераадальваецца на ровары ці нават пешкі.

А ў Лепелі – помнік ужо згаданаму Цмоку, а таксама Льву Сапегу, русалцы і... расійскаму рублю.

Да таго ж – касцёл 2-й паловы XIX ст., цагляныя будынкі мяжы XIX і ХХ стст., драўляная сінагога, перабудаваная пад жылы дом, гандлёвыя рады, дом рамёстваў, што актыўна гандлюе сувенірамі, для аматараў – старыя каталіцкія і габрэйскія могілкі.

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах