25.11.2014

 - Статьи

Автор: Алена Ляшкевіч, фота аўтаркі, Людмілы Паўлоўскай і Настассі Дашкевіч


Адпачынак у вёсцы: не толькі карпаратывы і вяселлі ў аграсядзібах

У Беларусі часцей за ўсё з выразамі «аграэкатурызм» ці «адпачынак у вёсцы» ўстойліва асацыюецца наведванне адной са шматлікіх беларускіх аграсядзіб, нейкі карпаратыў ці вяселле, зладжаныя там. Безумоўна, некаторыя нешматлікія аграсядзібы прапануюць цікавую культурную праграму, нават ладзяць уласныя фестывалі. Але як жа вёскі, дзе мясцовы бізнес па нейкіх прычынах не зацікавіўся аграсядзібамі? Дзе іх папросту няма? Няўжо ў такіх мясцінах няма чаго прапанаваць аграэкатурысту, акрамя «зялёных сцяжынак»?

Між тым у вёсках не такіх і глухіх яшчэ жывыя носьбіты беларускай традыцыйнай культуры. І зацікавіць яны могуць не толькі даследчыка-навукоўца ці вельмі спецыфічную групу аматараў. Практыка паказвае, што і масавага турыста можна прывабіць, правільна падаўшы інфармацыю.

Што ж паказваць турыстам у вёсцы, дзе няма аграсядзіб? Вядома ж, нешта, чаго яны не пабачаць у горадзе. А гэта ў першую чаргу традыцыйныя святы і абрады, аўтэнтычныя спевы і танцы, старажытныя прадметы побыту.

Практычна кожнае свята беларускага традыцыйнага календара яшчэ можна назіраць у натуральным асяродку яго бытавання. Часам гэта абрад, што спраўляўся без перапынку нават за савецкім часам, насуперак «барацьбе з рэлігіяй». Бывае, што свята адноўленае па расповедах старажылаў пры дапамозе мясцовых работнікаў культуры. Ёсць, канечне, рызыка патрапіць на псеўдафальклорную імпрэзу, з выдуманым без уліку мясцовых асаблівасцей сцэнарам. Таму раю, плануючы паездку, звяртацца па дапамогу да экспертаў. Ключавым пытаннем, якое варта задаваць, з’яўляецца «Ці рабілі ў вас так даўней?» І калі адказваюць нешта кшталту «Мы гэта самі… з кніжак…», то ехаць не варта.

Не ўсе святы дазваляюць удзел турыстаў. Ёсць абрады камерныя, закрытыя, сямейныя, на якіх нават прысутнасць журналістаў можа замінаць мясцовай супольнасці. Але асноўная частка традыцыйных святаў прадугледжвала ўдзел усёй вёскі, не святкаваць, застацца дома было нельга. Улічваючы цяперашнюю дэмаграфічную сітуацыю ў сельскай мясцовасці, турыстам будуць толькі радыя. Іншая справа, што традыцыйнае свята не дазваляе гледачоў, трэба, каб усе прысутныя ўдзельнічалі ў абрадзе. Таму паўстае пытанне падрыхтоўкі турыстаў. Па дарозе можна распавесці аб асаблівасцях абрада, на які яны едуць, раздаць словы песень, паставіць праслухаць запісы.


Калядаванне ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна

Бліжэйшае і адно з самых вядомых вялікіх святаў – Каляды. Што могуць рабіць на вясковым абрадзе прыезджыя турысты? Канечне, яны не павінны ўмешвацца ў ход калядавання, прыцягваць да сябе ўвагу. Можна назіраць за абыходам двароў, танцаваць разам з каляднымі персанажамі, падпяваць. Перакрычаць вясковых спевакоў гарадскому чалавеку, якому з дзяцінства кажуць «Ціха!», немагчыма. Так што падпяваць – можна. Танцы добра вучацца на месцы. Для гаспадароў, якія прымаюць калядоўнікаў, чым большы гурт, тым большае будзе шчасце і дабрабыт у наступным годзе. Але і пачастункаў трэба рыхтаваць больш. Таму нехта павінен папярэдзіць мясцовую супольнасць. У канцы абыходу з накалядаванага можна зладзіць сумеснае застолле мясцовых калядоўнікаў і прыезджых. На пачатку 2013 года турфірма «Дэльфін-груп» здолела сабраць аўтобус на 40 чалавек для паездкі на калядны абрад«Цары» ў вёску Семежава Капыльскага раёна. І ўсім спадабалася! Калядны абрад найлепш захаваўся на Палессі, але можна наведаць і Клічаўскі раён, і Лепельскі, і Бярэзінскі.


Масленка ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна

Далей – Масленка. Нават у гарадскім асяродку ведаюць, што святкаваць трэба, інакш наступны год будзе невясёлым. Але куды падацца гараджаніну? На «провады рускай зімы» па зацверджаным яшчэ ў савецкі час сцэнары ў бліжэйшы парк? А можна ж паехаць на вёску і паўдзельнічаць у сапраўдным масленічным абрадзе. Гулянні на гары за сялом ладзяць у вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна. Тут паляць пудзіла, але ёсць і асаблівасці: усцягваюць на дуб упрыгожаную ёлачку, гуляюць у адмысловыя гульні, пякуць печыва ў выглядзе птушак – «чырачак», якім частуюць усіх удзельнікаў свята…


Масленка ў в. Выхадцы Лёзненскага раёна

У Лёзненскім раёне абыходзяць двары з «калодкамі» – нізкамі цукерак і абаранкаў, якія даруюць усім, каго масленічны гурт сустракае па дарозе. Вядома, мясцовых работнікаў культуры ў выпадку, калі едзе вялікі аўтобус турыстаў, трэба папярэдзіць загадзя. На Масленку можна з’ездзіць таксама ў Любанскі раён, у Барысаўскі…

Потым пачынаецца цыкл веснавых святаў, з карагодамі, гуканнем вясны, завіваннем бярозак. Калі каму адсутнасць шэнгенскай візы не дазваляе наведаць віленскі кірмаш «Казюкас», едзьце ў Гарадзенскі раён – тут вырабляюць «пальмы» (кампазіцыі з сухакветаў, што замяняюць велькодныя вербачкі), якія так і завуць – «віленскія». Не горшыя за «казюкі», між іншым. Там жа распісваюць воскам велікодныя яйкі па старажытнай тэхналогіі. Могуць нават прапанаваць майстар-класы для груп.


Фэст «Зялёныя святкі» ў Магілёве

А вось Купалле, насуперак стэрэатыпу, у аўтэнтычным выглядзе ў Беларусі амаль не святкуецца. Яшчэ жывыя бабулі, што памятаюць і могуць выканаць купальскія песні, але выйсці на святкаванне ім ужо не дазваляе здароўе. Таму большасць святкаванняў ладзіцца з большай ці меншай ступенню стылізацыі, і сучасныя вясковыя Купаллі мала адрозніваюцца ад гарадскіх.
Шматлікія летне-восеньскія абрады асвячэння новага ўраджаю (яблыкаў, жыта, мёду, арэхаў) цікавыя асаблівай атмасферай. Уявіце сабе: маленькая вясковая царква, прадукты з уласных падворкаў, святар, які ведае ўсіх прыхаджанаў… Пра візіт турыстычнай групы варта папярэдзіць загадзя і атрымаць згоду ад бацюшкі ці ксяндза, падрыхтаваць мясцовую супольнасць. У большасці выпадкаў і святары, і прыхаджане рады ўвазе да сваёй вёскі і святыні.


Фэст «Багач» у Вязынцы

Паездкі на дні памінання продкаў – гэта, канечне, не масавы від турызму. Людзі наведваюць могілкі сваіх родных. А тым, хто ўсё ж хоча паглядзець, як гэта робяць іншыя, варта рабіць гэта вельмі далікатна. У Заходняй Еўропе даўно развіваецца могілкавы турызм, калі людзі едуць паглядзець на надмагіллі. Чым Беларусь горшая? На нашых могілках – і камяні са знакамі, і драўляныя «хаткі»-зрубы, і каменныя крыжы, і нават паганскія стоды сустракаюцца. На Радуніцу пагосты Усходняй Беларусі белыя ад абрусоў, што сцеляць проста на магілы. На Задушкі (Дзень усіх святых, восеньскія Дзяды) могілкі Заходняй і Цэнтральнай Беларусі зіхацяць ад лампадак. Незабыўнае відовішча!

У цёплую пару года можна наведваць аб’екты сакральнай тапаграфіі – святыя камяні і крыніцы, дрэвы і лясныя каплічкі.

Круглы год мясцовыя ўстановы культуры ладзяць канцэрты, на якіх можна пачуць пярліны аўтэнтычнага фальклору. Сустракаюцца гурты, якія маглі б стаць цвіком праграмы якога еўрапейскага фальклорнага фестывалю. Звычайна такія мерапрыемствы наведваюць аднавяскоўцы, і, дай Бог, нехта з райцэнтра прыедзе. Калі работнікі культуры падтрымліваюць сувязі з гарадской моладдзю, што цікавіцца фальклорам, то з’яўляюцца абвесткі ў сацыяльных сетках, і тады ўзрастае шанец на тое, што даедуць гледачы з вялікіх гарадоў. Але такога самапальнага піяру недастаткова. Таму на месцах прагнуць кантактаў з зацікаўленымі бізнесоўцамі, турагентамі. Бабулі рады ўвазе да сваёй творчасці, і на канцэртах вялікая колькасць турыстаў цалкам дарэчы.


Гурт «Журавушка» з в. Ямінск Любанскага раёна

Традыцыйная культура захавалася ў жывым бытаванні не паўсюдна. У вёсках, блізкіх да вялікіх гарадоў, часта прыязджае насельніцтва, якое не падтрымлівае мясцовыя традыцыі. Тым не менш на мапе Беларусі ёсць пункты, у якія ездзіць можна круглы год, бясконца. У адну толькі вёску Пагост Жыткавіцкага раёна студэнткай Універсітэта культуры Марыяй Міхан пры падтрымцы грамадскага эксперта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Рэгіны Гамзовіч распрацавана восем маршрутаў на розныя святы, з аглядам мясцовых цікавостак: каменных крыжоў у Тураве, борцяў на могілкавых дрэвах…

Для турфірм, якія хочуць адысці ад «аграсядзібнага» аграэкатурызму, распрацаваць новы напрамак, можна прапанаваць развіваць галіну этнатурызму.

Пачаткоўцам у галіне этнатурызму магу параіць Любанскі раён: недалёка ад сталіцы дзякуючы падтрымцы работнікаў культуры добра захавалася традыцыйная культура. У вёсках раёна ладзяцца святы народнага календара, захаваныя носьбітамі традыцый ці адноўленыя па іх расповедах: Каляды, Масленка, Гуканне вясны, Вялікдзень, Русальная нядзеля, Пятроўскі фэст, Макавей. Сярод цікавых мерапрыемстваў, што праходзяць у самім горадзе Любань, варта згадаць з’езд калядных гуртоў, што прымяркоўваецца штогод да Старога Новага года і адбываецца ў бліжэйшыя да яго выходныя. На Купалле ў Любань звычайна запрашаюць вясковыя гурты, у гарадскім парку разам з дзіцячым гуртом «Верабейкі» можна развучыць традыцыйныя танцы.


Гурт «Глыбокія крыніцы» з в. Закальное Любанскага раёна на гарадскім Купаллі ў Любані

У раёне шэсць аўтэнтычных гуртоў, якія дзякуючы ўдзелу ў фестывалях «Берагіня» і «Таўкачыкі» добра вядомыя сярод аматараў фальклору па ўсёй Беларусі. Тры гурты з’яўляюцца носьбітамі спеўнага стылю выканання, унесенага ў інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. На паседжанні навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры спеўнаму стылю нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці РБ.


У гасцях у бабуль у в. Обчын Любанскага раёна

Не абавязкова прымяркоўваць паездку да пэўнага свята. У сакавіку 2014 г., напрыклад, РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» зладзіла для сваіх сяброў паездку ў в. Обчын Любанскага раёна. Пра начлег і харчаванне дамовіліся з бабулямі пры дапамозе супрацоўніка Любанскага раённага Дома культуры Сяргея Выскваркі і мастацкага кіраўніка Обчынскага клуба Наталлі Акуліч. Замовілі маршрутку ў мясцовага кіроўцы. У выніку атрымалася душэўная сустрэча, паспявалі разам з бабулямі, пакаштавалі вясковых прысмакаў. Для обчынцаў і гасцей бабулі разам з любанскімі танцорамі далі канцэрт і майстар-клас па танцах. Выдатныя выходныя!


У гасцях у бабуль у в. Закальное Любанскага раёна

Па дарозе можна заехаць паглядзець этнаграфічны куток-музей. Яны дзейнічаюць у вёсках Закальное, Жораўка, Обчын, Нежын, Малыя Гарадзяцічы, Палічын, Пласток і Рачэнь.


Этнаграфічны куток в. Закальное Любанскага раёна

Вёска Шыпілавічы Любанскага раёна з’яўляецца радзімай Паўла Шпілеўскага (1823–1861), даследчыка этнаграфіі, фальклору і гісторыі Беларусі. Яго пяру належаць нарысы і артыкулы«Падарожжа па Палессі і Беларускім краі», «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках», «Беларускія народныя павер’і», «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскву ў 1600 годзе», «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх», «Даследаванне пра ваўкалакаў», «Мазыршчына». На будынку Шыпілаўскага сельскага клуба змешчана памятная дошка Паўлу Шпілеўскаму. Знакамітага земляка ўшаноўваюць у Любані кожныя 5 год, ладзячы мерапрыемства «Фольк-вандроўка».

З Любанскага раёна паходзіць паэт Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862). Нарадзіўся ў фальварку Смольгава, які апісаў у публікацыі «Вёска» (надрукавана ў газеце Kurier Litewski № 201 за 1912 г.). У вершах шырока выкарыстоўваў беларускую народную лексіку. Акрамя вершаў, вядомы і даследчымі працамі: «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», «Нёман ад вытокаў да вусця», «Экскурсія па Літве ў радыусе ад Вільні», «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі».


Маляваны дыван П. Марціновіча. Фота Н. Дашкевіч

У вёсцы Засмужжа Любанскага раёна нарадзіўся і працаваў Павел Марціновіч, мастак-самавучка, што вырабляў маляваныя дываны. Сёння калекцыя яго твораў захоўваецца ў музеях у Любані і Закальным. Акрамя таго, маляванкі Паўла Марціновіча да гэтай пары ўпрыгожваюць інтэр’еры хат у вёсках Рачэнь, Обчын, Закальное, Шыпілавічы.

У наіўным мастацтве Беларусі пакуль не так шмат адкрытых імёнаў, большасць твораў стваралі самі гаспадыні для сябе і сваёй сям’і, таму не падпісвалі. Але сустракаюцца і выпадкі, калі мастак зарабляў дыванамі сабе на жыццё, як Алена Кіш, Язэп Драздовіч і… Павел Марціновіч з Засмужжа.

Такім чынам, Любанскі раён з’яўляецца надзвычай цікавым для этнатурызму. Справа за арганізатарамі, там і турысты падцягнуцца.

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах