Конкурс журналісцкіх работ «Самая незвычайная крыніца рэгіёна». Адраджэнне Захаранкі

12.01.2016

 - Статьи

Автор: Мікола ЛЕЎЧАНКА, галоўны рэдактар газеты «Маяк Прыдняпроўя»


Конкурс журналісцкіх работ «Самая незвычайная крыніца рэгіёна». Адраджэнне Захаранкі

У кожным раёне ёсць крыніца, якая з даўніх часоў бруіцца з зямных глыбінь, мае сваю багатую гісторыю, нібы магнітам прыцягвае да сябе людзей, бо яе чысцюткая, як сляза, вада ўтрымлівае ледзь ці не ўсю табліцу славутага вучонага — хіміка Дзмітрыя Мендзялеева, мае лекавыя якасці.

На Слаўгарадчыне — гэта вядомая кожнаму Блакітная крыніца, прызнаная помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. На Быхаўшчыне ж, у лясным масіве паблізу вёскі Гамарня, ёсць так званая Захаранка, да якой таксама ідуць і едуць людзі, каб напіцца ды ўзяць з сабою святой вадзіцы, якая можа стаяць многія месяцы, не губляючы сваіх каштоўных уласцівасцяў.

У маладыя гады мне расказаў пра яе тагачасны сябра, рэжысёр раённага Дома культуры Мікола Макарцоў. Ён нарадзіўся і вырас у суседняй з Гамарняю вёсцы Уюн, добра ведаў тыя мясціны, крыніцу Захаранку, а дакладней будзе сказаць — каскад крыніц, паколькі ў забалочанай нізіне б’юць з-пад зямлі ў розных месцах, паблізу адзін ад аднаго, тры ключы.

Ад Міколы Фёдаравіча, які, на вялікі жаль, дачасна пайшоў у лепшы свет, даведаўся, што ў гады ягонага дзяцінства ў царкоўныя святы да Захаранкі ішлі не толькі аднавяскоўцы, але і жыхары суседніх вёсак. Маліліся і з бутэлькамі жывой вады вярталіся дахаты.

Чым жа прыцягвала да сябе Захаранка? Мой сябра ў сваіх успамінах спасылаўся на суседку, доўгажыхарку Ганну Новікаву. Ганна Рыгораўна неяк распавядала яму пра тое, што  назва «Захаранка» паходзіць з даўніны. Калі людзі яшчэ жылі аднаасобна, мелі свае кавалкі зямлі, то іхнія надзелы даходзілі амаль да крыніцы. Аднойчы некалькі мужыкоў, апрацоўваючы зямлю коньмі, спынілі іх у цяні пад разгалістым дубам, а самі пакрочылі да вады, каб наталіць смагу ў спякотны летні дзень. Наблізіўшыся да патрэбнага месца, нечакана ўбачылі прыгожую маладзіцу з доўгімі распушчанымі валасамі, якія закрывалі амаль усё яе голае цела. Тая, нахіляючыся над вадою, абмывала ёю сваімі зграбнымі рукамі твар.

— Хто ты такая? — спыталіся мужыкі. — Адкуль і чаго сюды прыйшла?

— А вы мяне бачыце? — замест адказу запыталася яна.

— Бачым! — прамовілі тыя.

Павярнуўшы бялявую галаву, яна гучна сказала: «Я завуся Захаранкаю». І раптоўна знікла.

Ёсць і такое паданне. Некалі тут стаяла царква, якую нябачна падмывалі грунтовыя плыні. З цягам часу невялічкі храм праваліўся пад зямлю. На тым месцы ўтварыўся балоцісты яр, у якім забруілі тры крыніцы. З гадамі дзве з іх зацягнула жвірам, потым іх ачысцілі, трэцяя ж давала і дае гаючую ваду па сённяшні дзень.

Ёсць меркаванне, што царква тая звязана з імем святога Захарыя. Адсюль паходжанне назвы — Захаранка.

Там, у нізіне, стаяла капліца. Яе пасля Вялікай Айчыйнай вайны зведаўшыя  гора вяскоўцы збудавалі да свята Іллі-прарока — 2 жніўня. Казалі, што пасляваенныя гады часта суправаджаліся засухаю. Тады сяляне ішлі да Захаранкі, шчыра маліліся. І Усявышні пасылаў на засмяглую зямлю жыватворны дождж.

Дно крыніцы тады было ўслана медзякамі, металічнымі грашыма больш высокага кошту. Наведвальнікі кідалі іх у ваду з тым, каб мець у жыцці шчасце, выклікаць да сябе спагаду з боку таго ж Усявышняга. Дзеці гэтага не разумелі. Яны, каб не бачылі дарослыя, употайкі даставалі з ледзяной вады грошы, беглі з імі ў кіно. Так рабіў і мой сябра. Ды калі вырас, асэнсаваў свае ўчынкі, вельмі шкадаваў аб іх. Казаў, што яшчэ хапіла розуму, каб крыжы не паваліць ці абразы святых не разбіць. Атэізм жа тады праяўляўся ваяўніча. На шчасце, да гэтага не дайшло.

Лекавыя ўласцівасці вады з Захаранкі пад сумненне ніхто не ставіць. Старажылы казалі, што быў выпадак, калі ў цэлага статку кароў пачалі хварэць вочы. Што рабіць? Вырашылі прыгнаць іх да крыніцы для прамывання вачэй. Выкапалі рыдлёўкамі канаву, па якой пацякла гаючая вада, пусцілі да яе жывёлу. Буронкі не толькі пілі яе. Гаспадыні прамывалі ім яшчэ вочы. І хвароба адступіла.

Цяпер вернемся да ваяўнічага атэізму ў савецкія часы. На ўскрайку яра расла вялікая альха. Дык вось знайшліся маладыя атэісты, якія прыйшлі сюды з пілою, падрэзалі дрэва і піхнулі яго на каплічку. Ад магутнага ўдару тая, вядома, развалілася, а хлопцы, зрабіўшы сваю чорную справу, весела рагочучы, пайшлі дадому. Наступствы аказаліся для іх трагічнымі. Яшчэ нядаўна дужыя, здаровыя людзі з цягам часу пачалі хварэць, кожнага потым паралізавала. Ды так, што ніхто не дажыў да старасці.

Святое для ўсіх месца паступова дзічэла, шлях да яго зарастаў крапіваю. Адраджаць святыню зямлі Быхаўскай узяўся, стаўшы знакамітым рэжысёрам-пастаноўшчыкам рэспубліканскіх народных святаў Мікола Фёдаравіч Макарцоў. Ён, калі ладзіў у 1993 годзе на роднай Быхаўшчыне Баркалабаўскае Купалле, сустрэўся з аднавяскоўцам, тагачасным старшынёю калгаса «Спадарожнік» Уладзімірам Сцепанцовым. Той падключыў яшчэ двух старшынь калгасаў — Пятра Міхалапа і Міколу Лызя. Разам пайшлі да старшыні райвыканкама Аляксандра Пазюмкі. Той ухваліў ідэю адраджэння Захаранкі. А калі так, Макарцоў адразу звярнуўся ў Міністэрства культуры Беларусі да галоўнага рэдактара рэдакцыйнай калегіі, пісьменніцы Ніны Загорскай. Ніна Сымонаўна ўхваліла ідэю таксама. Як і айцец Мікалай, святар Быхаўскай царквы Святой Жывапачатковай Троіцы.

Тым часам на добраўпарадкаванні крыніцы кіпела работа: будавалася капліца, рабіліся сходні ў яр, устанаўліваліся зрубы. Кіраўнікі трымалі слова. Усё задуманае, як і намячалі, зрабілі да 5 чэрвеня. А  ў дзень памяці нябеснай заступніцы нашай — Еўфрасінні Полацкай — пачалося свята адраджэння Захаранкі. Арганізатарам гэтай духоўнай дзеі выступіла Рэспубліканская дырэкцыя Нацыянальных мастацкіх праграм на чале з Міхасём Масюковым, ураджэнцам гэтых мясцін. Шкада, вельмі шкада, што Міхась Андрэевіч таксама дачасна пайшоў з жыцця. Але гэта здарылася значна пазней. Тады ж усе рыхтаваліся да ўрачыстага адкрыцця Захаранкі. Упамянёная Ніна Загорская, вяртаючыся з камандзіроўкі ў Польшчу, прывезла з сабою на Быхаўшчыну шэраг абразкоў, у тым ліку святога Іллі-прарока для капліцы.

Прыехала сюды за некалькі дзён да свята рыхтаваць хрэсны ход і вядомая ў краіне мастачка — даследчыца беларускага арнаменту Марыя Жабінская.

У дзень свята з самага ранку церусіў дробны дождж. І ўсё роўна на скрыжаванні дарог у вёсцы Гамарня, адна з якіх вядзе да крыніцы, сабралася багата людзей не толькі з гэтай, а і з многіх навакольных вёсак. Прысутнічалі таксама ўсе вышэйназваныя кіраўнікі, святары з Быхава, Магілёва, сталіцы Рэспублікі Беларусь. А дакучлівы дождж усё сыпаўся на зямлю. Не зважаючы на яго, распачынаўся хрэсны ход. Ды раптам покрыва хмараў рассунулася, і на нябесным шаўковым блакіце засвяціла сонца, заспявалі птушкі. Не толькі людзі, а і сама прырода і яе Стваральнік радаваліся адраджэнню святой Захаранкі. Народ ішоў да яе пад бомы царкоўных званоў, з песнямі ў выкананні хору з Магілёва. Калі праходзілі па драўляным мастку праз рачулку Уюнок, я нават забаяўся, што гэтае несамавітае збудаванне, крый Божа, не вытрымае столькі людзей. Але яно вытрымала, будаўнікі ўлічылі нагрузку.

Потым адбыўся ўрачысты малебен з асвячэннем адбудаванай Свята-Ільінскай капліцы, самай галоўнай крыніцы, і дзвюх меншых, з якіх людзі несупынна набіралі святую ваду ў слоікі, бутэлькі. І яе хапала ўсім.

Ішоў час. Адроджаную Захаранку зноў напаткала бяда. Мясцовы п’яніца па мянушцы Мякода неяк пайшоў у лес да крыніцы. Пайшоў у добрым падпіцці. Алкаголь, відаць, і затуманіў ягоны розум, бо чалавек узяў запалкі і падпаліў капліцу. Яна згарэла поўнасцю.

Казалі потым, што мужчына, калі працвярэзіўся і ўсвядоміў, што нарабіў, горка заплакаў. Не стрымаў слёз і на судзе, калі яму дазволілі сказаць  апошняе слова. Ён прасіў не адпраўляць яго ў турму, а даць магчымасць уласнымі рукамі адбудаваць капліцу, бо будаваць умеў. Такой магчымасці не далі.

Праз колькі часу даведаўся, што асуджаны Мякода, адседзеўшы за кратамі вызначаны судом тэрмін і вярнуўшыся дадому, скончыў жыццё самагубствам.

Свята-Ільінскую капліцу адбудавалі зноў. Да яе па-ранейшаму ідуць і едуць людзі, каб памаліцца, узяць святой, гаючай вады, якая ніколі не замярзае нават у моцныя маразы.

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах