На дне Сармацкага мора: захапляльная вандроўка на Палессе

16.05.2016

 - Статьи

Автор: Юрась НЕРАТОК


На дне Сармацкага мора: захапляльная вандроўка на Палессе

Навошта людзі ходзяць у музеі, на экскурсіі, вандруюць па розных краінах, у тым ліку – па ўласнай? Пытанне зусім не простае, хоць банальны адказ на паверхні: цікаўнасць. Для масавага турызму адказ, можна сказаць, правільны. Думка «А ці не з’ездзіць куды на выхадныя (або ў адпачынак)?» павінна адразу атрымліваць прапановы папулярных маршрутаў: у адпаведных газетах і на сайтах. …І неяк асацыятыўна ўспомніўся анекдот філасофскай ілюстратыўнасці:

– Паглядзіце, шаноўныя экскурсанты, на храм XVI стагоддзя…

– Прабачце, а што там за будаўнічы кран за храмам?

– Гэта будуюць замак XV стагоддзя…

Гэта пра дагледжанасць турысцкіх маршрутаў і гатоўнасць паказаць турысту тое, што яму будзе ўбачыць прыемна. Пра масавы турызм.

У вандроўках чальцоў «Беларускай хаткі», якіх да вандровак некалі прывучыла легендарная Ала Ходан, напэўна, галоўнае – эмоцыі, магчымасць спрычыніцца да кола аднадумцаў і адчуць жыццятворны подых нашай гісторыі: трагічнай, складанай і ўстойлівай адначасова.

Адразу хацелася б патлумачыць, што папулярны ўспамін Герадота пра мора, на якім цяпер месціцца Палессе, меў працяг – у часы Вялікага перасялення назва тэрыторыі была «Сармацкае мора» (або «возера»). Нізіннае месца, якое Прыпяць залівала амаль спрэс, пэўна, і з космасу магло б глядзецца не горш, чым сённяшняе Аральскае мора.

Вандроўку на пачатку красавіка «белхаткаўцы» гэтым разам самастойна не адолелі – далучыліся да групы Мікалая Гарона, які і быў каардынатарам паездкі. І расселіся – па абодва бакі аўтобуса. Зрэшты, у самой экскурсіі ніякага падзелу не было: роўныя, розныя, родныя.

Суправаджае паездку слынны краязнаўца і гісторык Ігар Валер’евіч Гатальскі. У размове пра каларыт палесскай зямлі ён не абмінае ніводнага знакавага месца, міма якога ідзе аўтобус. Геаграфічныя, гістарычныя, тапанімічныя звесткі падмацоўвае літаратурнымі фрагментамі з твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў і даследчыкаў. Увогуле, Ігар Гатальскі па любых мясцінах Беларусі здольны правесці экскурсію, як па роднай хаце: вычэрпна, дасканала, эмацыйна.

Першы санпрыпынак – перад Баранавічамі. Туалетная тэма – непазбежная частка вандроўкі. Усё дагледжана, нават музыка гучыць.

Ад Івацэвічаў з «алімпійкі» (магістраль М1) зварочваем на Пінск, трасу, першапачаткова пабудаваную «за польскім часам». Тут дарогі, зразумела, вузейшыя, ды і рух неактыўны. Экскурсійны прыпынак будзе ў Лагішыне. Гатальскі распавядае пра вёскі, якія мільгаюць за вокнамі.

«Аброва – назва вёскі, хутчэй за ўсё пайшла ад племені обраў або авараў, людзей незвычайнай фізічнай сілы». Так, сам з Івацэвіцкага раёна і ў Аброва даводзілася бываць і нават сустракацца з мясцовым асілкам, здольным выдраць з коранем з зямлі двухгадовую елку. Зразумелае пытанне «Навошта?», аднак паспрабуйце зрабіць тое ж. Зрэшты, з выгляду гэты абровец быў даволі нашанскі: і па выглядзе, і па сціпласці.

Назва «Лагішын» – ад імя баярына Логіша. Сённяшні пгт (пасёлак гарадскога тыпу) вядомы з 1552 года (звесткі княства Літоўскага), з 1643-га займеў магдэбургскае права. Герб Лагішына (воўк з ласінымі нагамі) у мястэчку сустрэць не давялося. Затое ў Петрапаўлаўскім касцёле ксёндз Тадэвуш эмацыйна і даходліва расказаў пра каранацыю Божай Маці Лагішынскай, распавёў некалькі эпізодаў пра ўздзеянне малітвы. Пан Тадэвуш добра размаўляе на беларускай мове, аднак польскія эквівалентныя словы дае ў арыгінале. І падрыхтаваўся выключна для нашай экскурсіі.

У Лагішыне цяпер каля 2,8 тысячы насельніцтва: прыблізна пароўну (па тысячы) католікі і праваслаўныя, а ёсць яшчэ і баптысты. Праваслаўная царква, якая знаходзіцца за сто крокаў ад касцёла, дарэчы, у гэты дзень таксама працавала напоўніцу.

КАСЦЁЛ І ЦАРКВА Ў ЛАГІШЫНЕ

Наступны экскурсійны прыпынак – у Пінску, які адзначыць 920-годдзе ў наступным годзе. Не губляю выпадку, каб па дарозе выскачыць і наведаць родную цётку Ксенню, якой ідзе 90-ы год. Дзякуй інтэрнету, карты горада раздрукаваныя, таму блукаць не даводзіцца. Цётка, былая настаўніца, у светлым розуме і пры добрай рухомасці. Сорак хвілін, максімальна адведзеных, каб не падвесці каманду, пралятаюць імгненна.

Няшмат страчана: экскурсавод музея Беларускага Палесся («У вас экскурсія аглядная? То і аглядайце!») – яўна выпадковы чалавек, якога і вінаваціць няма за што: прадпрыемствы ў сталіцы Беларускага Палесся існуюць намінальна, а зямлі тут было мала заўсёды.

Падмосце праз Піну радуе выдатнымі жоўта-чырвонымі графіці калегіума езуітаў (старэйшага будынку Пінска, у якім і месціцца музей Палесся), і герба горада (нацягнуты лук са стралой), а сваі маста праз Піну – манахромнымі мастацкімі выявамі пінскіх флатылій.

ГРАФІЦІ МАСТА ПРАЗ ПІНУ

Наведваем і францысканскі касцёл, які часам называюць Успенскім саборам. Тут сапраўды планавалася экскурсія без мясцовага суправаджэння, затое на тэрыторыі ёсць сувенірная крамка, а айцец Фёдар дае дазвол і суправаджае жадаючых у крыпту, дзе ў мармуровым саркафагу пахаваны знакаміты ксёндз-кардынал Казімір Свёнтак. Па статусе пахаванне магло б адбыцца ў Мінску, але – родныя мясціны.

Далей шлях ляжыць на Моталь. Амаль чатырохтысячная вёска, якая ў 2022 годзе будзе адзначаць 600-годдзе, носіць статус аграгарадка. Герб Моталя (рука трымае скрутак з пячаткай) распрацаваны, аднак пакуль афіцыйна не зацверджаны.

Частка мотальцаў – нашчадкі рамеснікаў з Італіі і Германіі, што дагэтуль адгукаецца ўнікальнымі для Беларусі прозвішчамі.

Тут нас сустракаюць у музеі народнай творчасці. Пасля экскурсіі, якую правяла дырэктар Вольга Грыгор’еўна Кульбеда, фальклорна-этнаграфічны тэатр «Мотальскія суседзі» зладзіў сапраўднае інтэрактыўнае шоў: абрадавы спектакль «Вясельны каравай». Цікава, што і экскурсавод, і кіраўніца «Мотальскіх суседзяў» выдатна размаўлялі адпаведна на рускай і беларускай мовах, пры гэтым нязмушана ўстаўлялі аўтэнтычныя словы, не рызыкуючы псаваць іх фармальным перакладам. Ды і ў музеі фрагменты фальклорных песень і вершаў пададзены менавіта на палескай мове: са сваім вымаўленнем, са сваім напісаннем.

Развіталіся з намі гасцінныя мотальцы таксама выдатна: меладычнымі і энергічнымі народнымі песнямі. Пазітыў і крэатыў, як кажуць.

«МОТАЛЬСКІЯ СУСЕДЗІ»

Раз на два гады ў Моталі праводзіцца міжнародны кулінарны фестываль «Мотальскія прысмакі». Сёмы па ліку быў у 2015 годзе, восьмы – плануецца ў 2017-м. А калі давялося трапіць паміж, а мясныя і рыбны цэхі працуюць увесь час, то не лішнім падалося закупіцца ў мясцовай краме, тым больш шопінг – таксама паўнацэнны складнік экскурсіі, асабліва калі тавары маюць мясцовую спецыфіку. Адным заходам план за тыдзень, мабыць, выканалі.

Райцэнтр Іванава, да якога належыць Моталь, тут называюць, як і да пераймення – «Янава». Калі на зваротным шляху праязджаем міма, Ігар Гатальскі распавядае пра янаўскіх лабораў, прафесійных зборшчыкаў ахвяраванняў на царкву. Бадай, падобны занятак сведчыць не столькі пра дзелавую хватку палешукоў, а пра тую ж асаблівасць Палесся – недахоп урадлівых зямель, з-за якога даводзіцца шукаць занятак, які б пракарміў.

Толькі на тэрыторыі Мотальскага сельсавета апроч ракі Ясельды з яе шырокімі балацінамі ёсць чатыры даволі буйныя возеры. Сармацкае (або Герадотава) мора па-ранейшаму нагадвае пра сябе.

…Магчыма, яшчэ адна перавага экскурсій – сутыкнуцца з тым, што было да нас і будзе пасля нас, адысціся хоць на нейкі тэрмін ад цяперашняга неазначанага часу, зазірнуць у мінулае і – люстраным адбіткам – у будучыню.

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах