Патрыятычная вандроўка. На што звярнуць увагу дзетак-беларусаў у еўрапейскiх сталiцах

07.04.2015

 - Статьи

Автор: Хрыстафор ХIЛЬКЕВIЧ, малюнкi Лiзаветы ХIЛЬКЕВIЧ (13 год)


Патрыятычная вандроўка. На што звярнуць увагу дзетак-беларусаў у еўрапейскiх сталiцах

Падарожжы дзяцiнства ўразаюцца ў памяць ярчэй за тыя, што былi потым. Малады мозг усмоктвае iнфармацыю хутчэй i выкарыстоўвае яе пасля ўсё жыццё. Таму так важна скарыстацца момантам i падчас замежных падарожжаў распавесцi свайму дзiцяцi пра мясцiны, звязаныя з беларусамi i Беларуссю, тым самым зрабіўшы ягоны свет шырэй.

Вiльнюс (Вiльня)

Гэта наша колiшняя сталiца, збольшага пабудаваная продкамi сучасных беларусаў – старажытнымi лiцвiнамi. Узыйдзiце на вежу Гедымiна – адзiную, што засталася ад некалi магутнага замка, з якога нашыя прадзяды кiравалi агромнiстай дзяржавай ад мора да мора, што звалася Вялiкiм княствам Лiтоўскiм. З замкавай гары вы ўбачыце Вiленскi ўнiверсiтэт, адзiн з найстаражытных ва Усходняй Еўропе, i нiбы цацачны касцёл Святой Ганны, якi, згодна з паданнем, пабудаваў мiнскi дойлiд Янка.

Вiленскiя вулкi памятаюць безлiч герояў беларускай гiсторыi – Францiшка Скарыну, Кастуся Калiноўскага, Янку Купалу, г.д. – пошук дамоў з прысвечанымi iм мемарыяльнымi дошкамi можа ператварыцца для вас у цiкавую гульню. Абавязкова падыдзiце да Вострай Брамы, з якой калiсьцi пачынаўся шлях ад Вiльнi да Мiнска i дзе на другiм паверсе знаходзiцца Астрабрамскi абраз Божай Мацi, прататыпам якога, кажуць, паслужыла прадстаўнiца найуплывовага роду ў беларускiм сярэднявеччы – Барбара Радзiвiл. Яшчэ яна была бадай што адзінай каралевай у Еўрапейскай гісторыі, якая выйшла замуж па каханьні, але ж была за гэта атручана. Распавядзiце гэтую гiсторыю дзеткам – прынамсi, дзяўчынак яна мусiць усхваляваць.

 

Варшава

А хлопчыкам пэўна больш спадабаецца аповед пра гераiчнага Тадэвуша Касцюшку. «Швед з-пад Брэста» – так звалi за яго аскетызм будучага кiраўнiка нацыянальна-вызваленчага паўстання беларусаў i палякаў яго аднакашнікі па варшаўскай Рыцарскай школе. Яна знаходзiцца побач з былой каралеўскай рэзiдэнцыяй Лазенкi – улюбёным месцам апошняга караля Рэчы Паспалiтай Станiслава Аўгуста Панятоўскага (ураджэнца беларускага Воўчына, што таксама пад Брэстам). Менавiта з Лазенак у 1795 годзе, пасля таго як паўстанне Касцюшкi пацярпела паразу, кароль паехаў у Гродна, дзе адрокся ад трона.

Прах Панятоўскага пахаваны ў варшаускiм саборы Святога Яна. Сэрца Касцюшкi захоўваецца ў спецыяльнай скрынi ў Каралеускiм палацы ў Варшаве, а цела – у катэдры на Вавелi ў Кракаве – былой сталiцы Польшчы. Дарэчы, там знайшлi апошнi прытулак шмат дзеячаў у тым лiку беларускай гiсторыi – Ягайла, Стэфан Баторый, Жыгімонт III Ваза, Ян Сабескi…

Але ж вернемся да Варшавы. Непадалёк ад Стара Мяста ўзвышаецца гмах Нацыянальнай оперы, дырэктарам і дырыжорам якой у 1858-1872 гг. працаваў наш славуты зямляк Станіслаў Манюшка. Ураджэнец Міншчыны, які лiчыцца заснавальнікам польскага опернага мастацтва, часцяком выкарыстоўваў у сваёй творчасці менавiта беларускі фальклор.

Парыж

У горадзе на Сене завiтайце яшчэ ў адзiн тэатр – на гэты раз у Парыжскую оперу (яна ж Гранд-опера), плафон якой размаляваў наш непаўторны Марк Шагал. Аднойчы ўбачыўшы дэкарацыі Шагала для аднаго з балетаў, мiнiстр культуры Францыi прапанаваў мастаку, якому на той час было ужо 77 гадоў (!), зрабіць роспіс купала славутага будынка, i той пагадзiўся.

Яшчэ пра аднаго ўслаўленага земляка нагадвае помнiк на плошчы Альма – пра Адама Мiцкевiча, якi правёў апошнiя гады свайго жыцця ў Парыжы, дзе з 1840 года працаваў прафесарам у Калеж дэ Франс. Дарэчы, помнiкi паэту з Навагрудка вы знойдзеце яшчэ шмат у якiх еўрапейскiх гарадах: у Вiльнi i Варшаве, Львове i Санкт-Пецярбургу, Кракаве i Веймары...

Берлiн

Напэўна самы высокi помнiк беларусу ў свеце ўстаноўлены ў берлiнскiм Трэптаў-парку. Адным з прататыпаў 30-метровага Воiна-вызвалiцеля быў сяржант Трыфан Лук'яновiч з Мiнска (да вайны ён працаваў тут на радыёзаводзе), якi коштам уласнага жыцця выратаваў нямецкую дзяучынку ў красавiку 1945-га. Цiкава, што пры будаўніцтве гэтага мемарыяла былi выкарыстаны часткі сценаў гiтлераўскай рэйхсканцэлярыi, якая размяшчалася… у былым берлiнскiм палацы князя Антонiя Радзiвiла – таго, што першым у свеце напiсаў музыку да оперы «Фаўст» на лiбрэта Гёте.

Прага


Паводле легенды, у пражскiм раёне Градчаны, дзе раней знаходзiлася рэзiдэнцыя караля, а цяпер – прэзiдэнта Чэхii, амаль 500 гадоў таму залажыў каралеўскi сад сам Францiшак Скарына. Але гэта было напрыканцы яго жыцця, калi наш выдатны асветнiк раптам стаў біёлагам, а нам ён усё ж больш вядомы як першадрукар. Таму не палянуйцеся i адшукайце ў пражскiм Старым горадзе мемарыяльную дошку з выявай Скарыны, якая iнфармуе, што з 1517 па 1519 год беларускi асветнiк выдаў тут 22 асобнiкi Бiблii ў перакладзе на сваю мову, пасля чаго ягоная друкарня пераехала ў Вiльню.

Масква

Скарына мог бы прадоўжыць сваю справу i у Маскве, але яго там кепска сустрэлi – у 1534 годзе скарынавы Бiблii спалiлi на Краснай плошчы, каля крамлёўскiх сцен (праз чатыры стагоддзi амаль на гэтым месцы арцель будаўнiкоў з Гомельшчыны пабудуе Маўзалей Ленiна). Але друкарства ўсё ж прыйшло у Маскву з iншымi беларусамi – Iванам Фёдаравым, што нарадзiўся на памежжы Мiншчыны i Брэстчыны, i Сімяонам Полацкім – першым у Расіі прафесійным пісьменнікам, настаўнікам царскіх дзяцей і складальнікам прамоў самога цара. Дзеля земляка Скарыны нават была заснавана адмысловая друкарня ў крамлёускiм палацы.

Гэтаксама ў Крамлi знаходзiцца Цар-гармата, адлiтая ў ХVII стагоддзi беларускiм майстрам Андрэем Чохавым па замове маскоўскага гасудара. Побач з гэтым 40-тонным «гаджэтам» здаюцца маленькiмi i дзецi, i дарослыя.

Кiеў

Сiмвал украiнскай сталiцы – Кiева-Пячэрская лаўра. У адной з тутэйшых пячор з 1187 па 1910 год захоўвалася труна з нябеснай заступніцай Беларусi Ефрасінняй Полацкай, пакуль яе не перанеслi на радзiму. Таксама ў лауры быў пахаваны сын Усяслава Чарадзея – князь Глеб Мiнскi, якi першым пачаў паспяхова праводзiць палiтыку аб'яднання вакол Мiнска гарадоў Полацкай землi. I яшчэ адзiн беларус – князь Сямён Алелькавiч – знайшоў вечны спакой у пахавальнi пад Успенскiм саборам лаўры. Менавiта ён аднавiў гэты храм пасля разбурэння крымскiмi татарамi у ХV стагоддзi.

Падчас таго набегу была разрабавана i кiеўская Дзесяцiнная царква, а старажытныя абразы апынулiся ў Дняпры. Праз некалькi гадоў адна з iкон даплыла (заўважце, насуперак плыні) да Мiнска, дзе стала правобразам гарадскога герба, якiм мы да гэтага часу карыстаемся.

Страны: Чехия Франция Польша Литва


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах