https://www.traditionrolex.com/8

Калі не ведаеш, адкуль пачаць, то пачні спачатку. Менавіта так і зрабілі турысты з клуба «Жаўлучкі», пачаўшы сваю жнівеньскую вандроўку з вытокаў Вяллі. (Па-беларуску назва дзіцячага турклуба «Чарапашкі» Вілейскага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мае свой адпаведнік – «Жаўлучкі»).

Адшукалі ў лесе балоцістую лагчыну – месца вытокаў ракі ля вёскі Вялікае Поле, а потым рушылі на месца старта ў вёску Кромавічы Докшыцкага раёна, дзе шырыня ракі становіцца ўжо дастатковай для байдаркі. Але вось глыбіня аказалася малаватай. Таму першыя гадзіны сваёй воднай вандроўкі «Жаўлучкі» ішлі не ў байдарках, а побач з імі, дзе па гразкім беразе, а дзе і проста па рацэ, вымяраючы глыбіню вады і багны пад нагамі, перацягваючы лодкі цераз завалы.

Рака паступова рабілася шырэй і глыбей і рыхтавала турыстам ўсё новыя і новыя падарункі. Маладзенькая рачулка віхляла вузенькай стужкай і ледзьве не за кожным паваротам адкрывала для вандроўнікаў чаканыя нечаканасці. Такой рознай і такой неверагоднай была наша Вялля, звыклая кожнаму віляйчаніну. І цяжка было паверыць, што гэта рака праз шмат кіламетраў будзе той самай, што цячэ праз Вілейку.

Краявіды змянялі адзін аднаго. Пасля панавання высокіх дрэў, што шчыльна абступілі раку і сплялі над ёй свае густыя кроны, рэчка выбягала на лугавы абшар, дзе яе шчодра сагравала і залаціла шчырае сонейка. Неўзабаве турысты, кіраваныя павольнай плынню, папалі ў маўклівае царства бяскрайніх зялёных заток, парослых раскай. Маленькія лісточкі шчыльна спляліся між сабою, утварыўшы мяккія дываны. А часам гэтыя дываны здаваліся падобнымі да люстэркаў, што надзейна схавалі раку ад усяго старонняга. Толькі на хвілінку пад цяжарам вёслаў і лодак прыадкрывалася для вандроўнікаў гэтая заслона, а потым хуценька спляталася ізноў, назаўсёды хаваючы сляды руху турыстаў. І высіліся сярод гэтых бясконцых зялёных дываноў старыя адзінокія дрэвы, узносячы дагары свае чорныя голыя галіны, пільна назіраючы за веслярамі. І не пакідала адчуванне, што ты ў гэтым царстве госць, якому пашчасціла любавацца нейкай таямнічай прыгажосцю, але і злоўжываць гасціннасцю гаспадароў не належыць – трэба рухацца далей.

А далей вандроўнікаў чакалі шматкіламетровыя зараслі высачэзнага чароту, праз якія часам прыходзілася літаральна прабіваць сабе дарогу. Гэта быў сапраўдны лес, які на многія гадзіны паглынуў весляроў, дзе замест зямлі была вада, а з яе замест дрэў раслі чараты. І лес гэты гойдаўся і шумеў у вышыні, спяваючы над галовамі сваю песню.

На змену чаротаваму лесу прыйшлі неверагодныя «акварыумы» – вялізныя разлівы, у якіх зноў і зноў гублялася наша дарагая Вялля. Наколькі хапала агляду, прастора складалася з заток, абмежаваных зараслямі з рагозу, вятроўніка і рачной мяты, дзікіх парэчак, абвітых хмелем. Затокі параслі гарлачыкамі, а пад празрыстай вадой высцілаліся доўгія ніткі водарасцей, утвараючы пышныя ўзорыстыя дываны. І вядома ж, усё гэта шчодра абстаўленае асяроддзе было густа населена шустрымі жучкамі і марудлівымі слімакамі, пагрозліва-добрымі і надзвычай разнастайнымі павукамі, няўлоўнымі вадамеркамі, порхкімі матылькамі і бліскучымі рознакаляровымі стракозамі. Гэтыя затокі-акварыумы былі як вялікія і малыя люстэркі. І праз люстра вады бачны быў цэлы свет – свет, у якім кожная травінка, кожная сцяблінка была на сваім месцы, дзе існавалі мільёны жывых істот, і жыццё кожнай з гэтых мільёнаў сцвярджала і дапаўняла жыццё ўсіх астатніх. Такая вось прыгажосць.

Але памыляецца той, хто лічыць, што вандроўка выдалася марудна-сузіральная. Сумаваць не было калі, бо на працягу першых чатырох дзён на шляху турыстаў пастаянна трапляліся вынікі дзейнасці баброў – гэтых неўтаймоўных будаўнікоў, безумоўна таленавітых інжынераў і проста шматлікіх жыхароў на нашай Вяллі. Месцамі яны пераўтварылі раку ў паласу перашкод, шчодра начыненую заваламі з перагрызеных дрэў ябо проста асобнымі паваленымі бярвеннямі, бабровымі хатамі і плацінамі, дзякуючы якім на рацэ ёсць цяпер і вадаспады, і бяскрайнія затокі. Падчас пераадолення гэтых перашкод вандроўнікі адпрацавалі тэхніку пераходу праз завалы, спуску лодак с вадаспадаў і, галоўнае, змаглі пазнаёміцца адзін з адным і самі з сабой яшчэ раз. Бо вядома ж, такія прыгоды звязаны з цяжкасцямі, а ў такіх умовах чалавек відавочна становіцца самім сабой. І як у песні пра сябра, ты разумееш, хто побач з табой (а пры жаданні яшчэ і хто ж ты на самой справе).

Але вось ўжо Вялля наша стала шырэйшай – яна ўжо рака, а не рачулка. Ход байдарак стаў хуткім, імклівым. Турыстаў праваджалі позіркам акенцы хатак набярэжных вёсак, прывячалі прыемнай прахалодай сосны на высокіх пяшчаных берагах. Сустракаліся і перашкоды: карчы, камянюкі, паваленыя дрэвы, нізкія масточкі і палі разбураных мастоў. Рака патрабавала ад весляроў хуткай і правільнай рэакцыі, дружнай працы і паразумення, застаўляючы злівацца з плынню.

Неўзабаве рака перайшла ў вадасховішча – хутка ўжо і дадому. Але заставаўся яшчэ вельмі адказны і выключны адрэзак маршруту. Вядома ж, дзе вадасховішча, там і вецер, там і хвалі. Напярэймы гэтым хвалям і рушылі «Жаўлучкі» на птушыны востраў. Гэты невялічкі востраў, што на самой справе перастае ўжо быць птушыным, стаў вандроўнікам домам і прытулкам на паўтара сутак. Наступны дзень выдаўся ветраным, і вырашана было заставацца на востраве, чакаючы змены надвор’я. Так і прайшоў гэты дзень, напоўнены ветрам, сонцам, шаматаннем чароту, сяброўскімі размовамі, чытаннем кніг, песнямі ля вогнішча, замкамі на пяску і роздумам…

Якой была яна, гэта васьмідзённая вандроўка? Цяжкай? Так. Непрадказальнай?  Безумоўна. Захапляльнай?  Так! Так! Так! Як маленькае жыццё пранеслася перад вачыма. Кожны дзень быў няпросты, кожны паварот рыхтаваў новыя выпрабаванні, кожны чалавек быў як цікаўнейшая кніга і стаў такім дарагім сэрцу. І, як у звычайным жыцці, кожны вечар было вяртанне дадому, адпачынак. І адпачывалі па-рознаму. Хаваліся ад буры і навальніцы ў лесе ці наадварот, адпачывалі на бяскрайнім абшары скошанага поля, назіраючы за месяцам і зоркамі і слухаючы вецер. А як добра сядзець у сасновым лесе на высокім беразе ракі і бачыць у акенцы з сасновых галінак вялізны ярка-жоўты, нават амаль аранжавы месяц, быць і жыць ў гэтай цішыні і прыгажосці. Вялікі Творца ўсё прадугледзеў для сваіх дзяцей, заставалася толькі шырэй адкрываць вочы, сэрца, душу, каб пастарацца больш убачыць, адчуць, менш прапусціць.

Назаўтра на досвітку турысты пакінулі востраў, нібы развіталіся з гэтай вандроўкай, з гэтай гісторыяй. Хутка яны будуць дома.

За паўдня, але не без прыгод, «Жаўлучкі» пераадолелі рэшткі маршруту, сустрэўшы-такі вецер і хвалі. Добра і ад душы папрацавалі вёсламі (і галавой). Падганяемыя хвалямі, што так і імкнуліся заліць праз карму і левы борт, турысты прыйшлі на бераг. Хуткія зборы – і вандроўка скончана. Час развітання. «Жаўлучкі», надзеўшы на спіны свае заплечнікі, ішлі дадому з радасцю ад хуткай сустрэчы з роднымі, з палёгкай, што яны здолелі прайсці ўвесь маршрут, і з нязменным шкадаваннем, што ўсё  так хутка скончылася. Але вядома ж, што такія гісторыі не канчаюцца, яны паўтараюцца зноў і зноў. Хутка наша Вялля сустрэне новую групу юных турыстаў (гэтых і іншых – бо турысты ж усе юныя), многія з гэтых дзяцей вернуцца да вытокаў…

Тым больш што некаторыя з іх пакінулі на рацэ аддзенне, красоўкі і іншыя асабістыя рэчы.

https://www.traditionrolex.com/8