Крымскія санеты пад беленькае паўсухое, пад каньячок і на цвярозую галаву

18.10.2013

 - Статьи / Отзывы о путешествиях

Автор: Раман АБРАМЧУК


Крымскія санеты пад беленькае паўсухое, пад каньячок і на цвярозую галаву

Вось і я, увесь такі еўрапеізаваны, далікатны і выкшталцоны, аматар Балтыкі і Міжземнамор'я, пацёгся да Крыма. Матывацыя была найпрымітыўнейшая: мінулым летам у Чарнагорыі я быў зачараваны лагодным прыморскім кліматам, які адчуваецца не толькі лёгкімі, але ўсёй скурай. І мне падумалася, што прыморскі Крым знаходзіцца дзесь на той жа геаграфічнай шыраце, а значыць – мае тыя ж кліматычныя выгоды. Што ж, квіткі на цягнік набыты, любімыя мп3-шкі - запампаваны на тэлефон, баявая торба  належна запакавана – гоп у вагон! Каб праз суткі апынуцца ў незвычайнай краіне пад назвай...

Аўтаномная Рэспубліка Крым

На жаль, першае, што кідаецца ў вочы, узровень засмечанасці гэтага чароўнага кутка планеты набыў характар нацыянальнага бедства. Дарэчы, з гэтай нагоды спрэчка аб тым, якой нацыі належыць Крым – рускім, украінцам або татарам, набывае нечаканы падтэкст: хто возьме адказнасць за разведзены ср*ч? Скінуць усю адказнасць на турыстаў – не выпадае. Тым больш што некаторыя турысты, наадварот, па прыездзе добраахвотна займаюцца прыборкай смецця. Але добрым крокам стала тое, што самыя прыгожыя мясціны Крыма апошнім часам сталі набываць статус запаведнікаў, а значыць – з платным уваходам, а значыць – з працоўным персаналам, які рэгулярна прыбірае яго тэрыторыю. Вось толькі я не ведаю, за што трэба было плаціць на подступах да знакамітай гары Аю-даг: нават вяршыня гары – знакавае месца – засеяна купкамі пластыкавага лайна, і побач з сімвалічна абазначаным камянямі пікам – яшчэ адзін «пік» з бутэлек. Зрэшты, завяршаючы размову пра міжнацыянальную спрэчку за Крым, я б аддаў гэты кавалачак планеты грэкам. Дзеля адной толькі чысціні. Альбо далучыў бы да сінявокай. З многімі мясцовымі я ўжо перамовіў, яны не супраць. Беларусь у іх – на добрым рахунку.

8

Імідж беларуса

У гэта цяжка паверыць, але ў чыіхсьці вачах мы выглядаем еўрапейцамі. На мае закіды пра засмечанасць Крыма ўкраінцы ківалі галавой у мой бок: «а, ну гэта ж беларус, у іх там усё як у людзей». Я не развенчваў гэтую ілюзію, тым больш што я сам пачынаў верыць у яе, гледзячы на тамтэйшы дабіты грамадскі транспарт (тут яшчэ можна пакатацца на славутым ЛАЗе!) і асфальт ходнікаў, што не мяняўся з часоў апошняга нашэсця Чынгісхана. Маё самалюбства распальвалі вітрыны крам у крымскіх гарадах: «Белорусская мода», «Белорусские двери» – тыя словазлучэнні, якія ў нашых шыротах вымагаюць зусім іншых, больш «заходніх» эпітэтаў. Я хадзіў пыхлівым гусём, з пачуццём годнасці адказваючы на пытанне пра край свайго паходжання. Я маўчаў з разумным выглядам і не пярэчыў, калі мне пачыналі расхвальваць беларускую эканамічную мадэль і наша мудрае кіраўніцтва. Гэтак жа маўчаў я і на прапановы наведаць той ці іншы клуб, музей або кавярню, бо запас грывен, набытых на радзіме на цэлы месячны заробак, таяў з шалёнай хуткасцю ў маіх кішэнях...

16

Галоўныя жабы на балоце

Калі ў Кактэбелі сапраўды няма ходнікаў, а замест іх – дарожныя узбочыны, засеяныя цэлафанавым лайном, то Ялта і Судак могуць пахваліцца новапакладзенай пліткай і іншай абноўленай інфраструктурай. Калі Кактэбель дагэтуль жыве савецкімі здабыткамі, карыстаючыся імі без шкадавання, што Ялта і Судак – гарады, дзе адчуваюцца перамены. Але роўна адваротнае можна сказаць пра ўзровень культуры гэтых мясцін. Калі Кактэбель нават па заканчэнні свайго знакамітага фестывалю радуе самабытнымі артыстамі, клубамі з жывой музыкай, кавярнямі, многія з якіх маюць сваё аблічча і стыль, то Ялта і Судак прымітыўна спакушаюць паўголымі дзеўкамі, што таньчаць прама на вуліцы, вабячы ў стрып-бар, бяздарным «Лю-ю-юбовь, похожая на со-о-он...», што б'е па вушах з адкрытых тэрас пампезных рэстаранаў. Дарэчы, бядой усяго Крыма (акрамя, бадай, Кактэбеля) я б назваў татальнае панаванне кавер-гуртоў. Амаль ніхто не хоча спяваць сваё. Усе проста грабуць грошы за выкананне даўно вядомых хітоў. І якая мне розніца, за чым схаваўся артыст – за эстраднымі куплетамі або за папулярнымі тэмамі піцерскага року? Ці ён трапна саладжавіць у тон Філіпу Кіркораву ці ён тонка і ўдала капіруе вакал Віктара Цоя? Як і ў любой правінцыі: шуму многа, ды ўсё толькі – жабін хор, што капіруе адгалоссі вялікай зямлі... З гэтымі думкамі блукаю па нябярэжнай Ялты і, пачуўшы з аднаго клуба хітовую тэму з фільма Кустурыцы, міжволі прыпыняюся. «Во дае трубач, як у арыгінале піліць!» Але каля клуба ахова – у тры шэрагі. «Прабачце, імпрэза закрытая, квіткоў няма». Як высвятляецца, у клубе грае ўласна аркестр Горана Брэгавіча, за якім па праграме – «Океан Эльзи». Гэта заключная вечарына Ялцінскай штогадовай канферэнцыі па пытанні інтэграцыі Украіны ў еўрапейскую прастору, сярод гасцей якой – Тоні Блэр, Біл Клінтан з жонкай Хілары, Штэфан Фюле, Герхард Шродэр, Віктар Януковіч... Цяжка сказаць, хто з іх прысутнічаў на гэтым канцэрце, але простыя смяротныя абляпілі клуб з усіх бакоў, слухаючы гукі жывой музыкі з адкрытай тэрасы. Пашкадаваўшы, што я не Біл ці хаця б не Хілары Клінтан, сплюнуўшы сваю пралетарскую злосць у пляжны пясок, шыбую далей, каб праз двесце метраў кінуць дзве свае пралетарскія грыўны дзядку ў капітанскай фуражцы, што пад гармонік галосіць пра сады, якія цвітуць адзін раз на год. «Айцец, ты  – мой Брэгавіч на сёння, давай, рэж!»

Крымскія санэты, пад каньячок

 Вадзіцелі Крыма як асобная нацыя

«Усё проста. Трэба проста настроіць сябе, што вакол усе хочуць цябе падмануць. Тады цябе ніхто тут не падмане», – кажа мне адна знаёмая беларуска ў Крыму. Сапраўды, ведаючы беларускі турызм знутры, міжволі глядзіш падазрона на крымскі сэрвіс. Але дзень за днём – ніхто і не думае браць з мяне больш, чым належыць. Уваходы ў музеі – строга па квітках, ніякіх схаваных коштаў. Кошты на жыллё – даволі прымальныя, і бяруць столькі, наколькі акуратныя і дагледжаныя самі апартаменты. Гандлявацца ўвогуле не прынята – адразу называюць адзіны магчымы кошт. Хацеў я спачатку абурыцца продажам пітной вады «на разліў», але як сталася, Крым сапраўды небагаты на гэты рэсурс. Калі едзеш аўтаспынам, то хаця вадзіцелі і даюць зразумець, што не будуць супраць грашовай аплаты, але, па сутнасці, згодныя падвезці і так. Нават вадзіцелі маршрутак – не ў прыклад мінскім калегам – падрабязна патлумачаць турысту, як яму будзе зручней і хутчэй дабрацца да патрэбнага пункту, хоць і згубяць кліента такім чынам. Зрэшты, вадзіцелі маршрутак і тралейбусаў Крыма – гэта ўвогуле асобная нацыя, якая, я спадзяюся, напрасткі ўвойдзе ў Царства Нябеснае, нягледзячы на свой запал да брыдкаслоўя і палення. Дзе вы бачылі яшчэ, каб вадзіцель прыгараднага аўтобуса, які едзе з пасажырамі позна ўвечары высока ў гарах, заўважыўшы вандроўніка дзесь пры дарозе (нават не на прыпынку!), вырашыў даць трыста метраў назад па вузкай дарозе тылам, каб толькі той бядак не застаўся адзін у гэтай глушы? Я спачатку не верыў, што едуць па маю душу, але зразумеўшы, што гэта так, здалёк стаў махаць рукамі, маўляў, «не трэба, едзь далей». І не кажыце мне пра дзве з паловай грыўны за праезд... Дзе вы бачылі, каб вадзіцель міжгародняга аўтобуса, стаўшы пасярод дарогі, цярпліва чакаў свайго п'яненькага пасажыра-півалюба, які адышоў у лес па-маленькаму? Яшчэ адзін буська-вадзіцель балагурыць усю дарогу з Ялты да Севастопаля, і быццам паміж іншым віртуозна, бяспечна і акуратна адольвае крымскія віражы. Ён жа на адным з прыпынкаў падцвярджае маю здагадку, што смецце ў Крыму – гэта норма культуры мясцовых людзей: заўважыўшы бутэльку пры дарозе, шчыры хлапчыска з усяго размаху нагі адпраўляе яе на схіл гары, маўляў, каб было чыста. Зрэшты, у многіх вадзіцеляў на лабавым шкле боўтаецца расійскі трыкалор. Так тут ужо павялося з канца XVIII стагоддзя.

Севастопаль. Рускія. Адназначна

Крымскае ханства – магутная дзяржава крымскіх татар, заснаваная ў XV ст. пры дапамозе беларуска-літоўскіх князёў, перастала існаваць разам з гэтымі самымі князямі – як толькі расійскі арол паклаў свае лапы і на тых, і на другіх (канец XVIII ст.). Сведкам даўняй эпохі застаўся Ханскі палац у Бахчысараі – сёння турыстычны аб'ект, які сваім узроўнем не саступае нашаму Нясвіжу. Нягледзячы на поўнае панаванне рускіх у Крыму напрацягу апошніх двух стагоддзяў, татары жылі тут аж да самай іх дэпартацыі ў 1944-м г. улюбёным сталінскім метадам – у вагонах для скаціны (болей 180 тыс. было вывезена за двое сутак у аддаленыя раёны СССР). Сёння на чыгуначных станцыях – мемарыяльныя шыльды. Па вяртанні многіх татар на гістарычную радзіму ў 1990-я акцэнты значна змяніліся, але толькі не ў Севастопалі.

Калі ў Судаку гаспадыня кватэры, гаворачы пра засілле вярнуўшыхся татар, зацішала голас, то ў Севастопалі татарына ўвогуле цяжка было пабачыць. Калі ў Бахчысараі цябе на кожным метры запрашае татарская шашлычная, то ў Севастопалі такую трэба доўга шукаць. Калі па вячэрняй Ялце разносіцца мусульманская малітва з дынамікаў мінарэта, то ў Севастопалі – я нават не ўпэўнены, ці ёсць мячэць увогуле. Нават афіцыйная дзяржаўная ўкраінская тут гучыць недарэчна. Севастопаль – саветызаваны і, збольшага, як Мінск пасляваенны, поўны сталінскага ампіру горад. А яшчэ Севастопаль густа засеяны помнікамі і памятнымі знакамі аб тых рускіх, што ніяк не хацелі сыходзіць адсюль, колькі б іх не ўпрошвалі аб гэтым англічане, французы, немцы, – карабельнай артылерыяй і авія-ўдарамі. Над горадам, які перажыў дзве гераічныя абароны, сёння лунаюць расійскія сцягі і няма месца для глупага пытання «чаму?». Таму што рускія так умеюць – стаяць да канца і ісці напралом. Сваёй ці чужой галавы. Пасля ўбачаных мною ў Крыму прыкладаў рускага патрыятызму я зрабіў выснову, што гэта такая рыса нацыянальнага характару – патрэбнасць у вайне. Рускім абавязкова патрэбны вораг, непадобны да іх (еўрапеец, амерыканец, «чурка» г.д.), каб апраўдаць разгул сваёй багатырскай сілушкі. Гэтая сілушка, што выглядае аднолькава захапляльна з палотнаў Вясняцова і з вайсковых караблёў Чарнаморскага флота РФ,  выклікае ў мяне шчырае захапленне. І разумееш, што народу, які знаходзіцца пад бокам у такіх таварышаў, нічога не застаецца, каб стаць такім жа моцным і размаўляць з імі на роўных. Рускія, моцныя і смелыя, паважаюць у іншых толькі моц ды смеласць. І тым малым народам, якія не збіраюцца прымаць такія правілы гульні, толькі і застаецца, што дзяўкаць на бяспечнай адлегласці пра перамогі над маскалямі ў дараманаўскую эпоху, фанабэрыцца сваёй еўрапейскасцю і для падстрахоўкі што раз азірацца на гэтую самую Еўропу – ці ўхваліць. А рускія не чакаюць, каб іх хтосьці ўхваліў, – звернуць шыю і не мігнуць, у імя сваёй вялікай радзімы, святаацечаскай веры і пакутніка цара Мікалая.

13

Праваслаўны бункер

Такой была спецыфіка майго падарожжа: вайсковыя часткі (былыя і дзейныя) ды праваслаўныя храмы з манастырамі. Мне сапраўды пашчасціла пабываць на ракетнай базе расійскага Чарнаморскага флоту. Я сапраўды жыў некалькі дзён у Свята-Георгіеўскім манастыры, які ў гэтыя дні адцяпвае па кавалачку святой зямлі ў той самай ракетнай базы (калісьці гэтая тэрыторыя цалкам нележала манастыру). Углядаючыся ў побыт вайсковай базы і манастыра, я усё болей пачынаў паважаць тых, хто падвізаецца на першай, і ўсё болей засмучаўся ад таго, што бачыў у другім. Мне было прыемна бачыць на тэрыторыі базы плошчу Аляксандра Пушкіна з бюстам паэта, ідэалагічныя стэнды з расійскім гімнам, гербам і сцягам (нават штангі брам на спартыўным стадыёне пафарбаваны ў патрыятычнае белае-блакітнае-чырвонае), а апроч таго – дысцыпліну, строгасць  да знешняга выгляду салдат і афіцэраў, ахайнасць і прыбранасць тэрыторыі (хоць, вядома, я не магу судзіць аб узроўні парадку на базе на належным узроўні). І ад гэтага ж самага – зашкальваючага патрыятызму, строгасці да знешняга выгляду і абрадаў і парадку – я задыхаўся ў манастыры. На месцы, дзе магла б вісець раздрукоўка дзесяці запаведзяў (ці сапраўды, усе праваслаўныя могуць іх назваць?), строгая інструкцыя таго, як нельга апранацца; замест асветніцкага тлумачэння таго, што Святая Тройца –  гэта не Хрыстос з Багародзіцай і святым Міколам,  – расійскі чорна-жоўта-белы сцяг (адзін з сімвалаў радыкальнай палітычнай апазіцыі ў Расіі); замест цёплага і лагоднага «Да любите друг друга» – сумніўна-праведнае «Разговаривающим в храме посылаются скорби» на кожным слупе храма; замест імёнаў дванаццаці апосталаў (ці ўсе праваслаўныя могуць іх пералічыць?) і іх подзвігаў за веру – спіс «ворагаў сучаснай Расіі і праваслаўя». І ўжо зусім перакрывала мне кісларод па вядомых прычынах, калі з вуснаў тамтэйшых манахаў гучалі «душеполезные» аповеды пра подзвігі «святого народа русскаго», што надаваў па мардасам паганым літоўцам, палякам Сапегам і злодзею Лісоўскаму...

1

11

Крымскія санэты, выключна на цвярозую галаву

Царкоўныя супермаркеты

Праваслаўныя цэрквы і манастыры Крыма сёння паспяхова граюць ролю цэнтраў грамадска-палітычнай барацьбы з усялякай нечысцю – украінізацыяй, пашпартамі з асабістым нумарам, інтэрнэтам і тэлебачаннем... Я са сваім беларускім патрыятызмам у такім асяродку выглядаў амаль як ерэтык. Зрэшты, адзін манах так мяне і назваў.

Калі рускаму патрэбны вораг іншай нацыянальнасці, то праваслаўнаму ў Крыму патрэбны мусульманін, іудзей, каталік або лепш яшчэ масон, каб на прыкладзе патлумачыць, чаму ўсе яны будуць гарэць у пекле, а праваслаўныя – піць гарбатку з Госпадам Богам. Лішнім будзе заўважыць, што іконы цара Мікалая і яго сям'і – на самым бачным месцы ледзь не ў кожным храме (Хрыстос з Багародзіцай ціха стаяць у баку), а царкоўныя шапікі поўняцца дыскамі і кнігамі накшталт «Жидо-масонский заговор против России» або «Почему невозможен православно-мусульманский брак».

У маёй збалелай праваслаўнай галаве ўсё мацней гучала ляпісаўская экуменічная «Я верю в Иисуса Христа, я верю в Гаутаму Будду...». Я не хацеў верыць, што Гасподзь будзе сарціраваць усіх па наяўнасці праваслаўнага крыжыка на шыі...

«Усім праверыць – які крыжык на вас: праваслаўны або каталіцкі!» – крычыць настаяцель манастыра вернікам замест святочнай казані на свята Уздвіжання Крыжа Гасподняга. – Прадаць! Грошы – на храм, а сабе набыць нармальны, праваслаўны!» Крымскія праваслаўныя цэрквы і манастыры, апроч грамадска-палітычнай ролі, яшчэ паспяхова граюць ролю буйных супермаркетаў, дзе можна набыць хоць... не, чорта лысага я там не бачыў. Але ўменню сучасных праваслаўных зарабляць грошы на святыні ў Крыму можна толькі павучыцца.  На ўваходзе ў манастырскі пячорны храм – таблічка-рэклама ў лепшых традыцыях амерыканскага маркетынгу: «Все таинства – бесплатны!» Як я даведаўся ўжо ў самім храме, значная частка якога занята пад гандаль, бясплатна тут можна паўдзельнічаць у таінстве саборавання, але вянчанне і адпяванне тут увогуле не правяцца. Яшчэ запомнілася гасцініца пры Свята-Георгіеўскім манастыры на Фіяленце, дзе летняя тэраса, што наскрозь прадзімаецца марскім ветрам, а таксама доўгі прахадны калідор, па вызначэнню халодны і шумны, – спрэс застаўленыя ложкамі для гасцей, там-сям – двухпавярховымі. Што ж, усім нам хочацца вытрасці грош з кожнага квадратнага метра сваёй нерухомасці, але... чаму я не сустракаў такога нялюдскага стаўлення да гасцей у звычайных свецкіх гасцініцах? І ўжо зусім заняло мне мову, калі ў адказ на маю просьбу пра гарачы душ мне заявілі, што я першы госць, якому захацелася такой раскошы...

18

«Вспять не ходи! Крестись пальцами до живота! Направления света крести четыре раза по четыре!» – мой унутраны канфлікт дайшоў да крытычнай кропкі: я не хацеў верыць, што перада мной – праявы той самай веры, якая выцягвае людзей з самага дна і дае крыніцу бясконцай жыццёвай энэргіі. У той жа час нельга не сказаць, што гэтыя ж людзі з густым павуціннем на вачах – ледзь не адзіныя ў Крыму, хто змагаецца са смеццевай навалай, адзіныя, хто дае прытулак тым, каму месца ў грамадстве папросту не знайшлося, у тым ліку  валацужным катам і сабакам. Зрэшты, праз гэтае павуцінне, як гэта ні парадаксальна - веяла цеплынёй, працінала ўнутранай сабранасцю. Зрэшты, той самы, што назваў мяне ерэтыком, прапанаваў болей не кранацца палітычных тэм як бясконца далёкіх ад самага важнага.

...На мысе Фіялент няспынна пульсуе маяк, густым чырвоным. Тут жа калісьці запульсавала ікона святога Георгія і гэтым не дала загінуць у караблекрушэнні вандроўным грэкам. Выйшаўшы на бераг, яны заснавалі Свята-Георгіеўскі манастыр у знак удзячнасці за сваё цудоўнае выратаванне. Хто ведае, можа сапраўды часам трэба, каб карабель з таварам і майном  быў знішчаны, але самае каштоўнае – выжыла, магнітам было прыцягнута на чароўны чырвоны. Гасподзь не раз паказваў у гісторыі, як з састылага чорнага вуголля, густа палітага тлушчам ад сытай і п'янай вячэры, можна выкрасаць агонь. Вось і сёння – маяк пульсуе, прарываецца  сярод шолаху банкнот у храмах, пазбаўленых падаткаабкладання, сярод тонаў макулатуры – кніжак аб тым, што праваслаўным нельга жаваць жуйку і насіць красоўкі, сярод удушлівага фіміяму, што кадзяць мітрапаліты і патрыярхі тыранам і дыктатарам. Маяк не згасае і будзе даваць светлы сігнал заўжды – ці паспеюць яго заўважыць, пакуль яшчэ гром з неба не растрос золата на купалах пампезных сабораў, «благоукрашенных при поддержке господ государственных благопопечителей»? А што, такі ўжо матэрыял гэты чалавек, як груша: пакуль не трасанеш як след – нічога і не пасыплецца...

...З кішэнямі, вытрасенымі дашчэнту, саджуся на мінскі цягнік. Са здзіўленнем пачынаю ўзгадваць, што кіпень, а разам з ім шклянка да гарбаты – могуць быць бясплатныя, а ў прыбіральні – у абавязковай наяўнасці папера і мыла. Не без самазадаволенасці адзначаю той момант, калі на ўзбочынах знікаюць кучы раскіданага смецця, а на перонах – знікаюць натоўпы людзей, што ўпрошваюць пасажыраў набыць што-небудзь у дарогу. Канешне, гэта дзяржаўная мяжа РБ. І хоць мяне замілоўваюць украінскія жанчынкі з іхняй бульбай хатняй гатоўкі, свойскім малачком і ўсімі відамі піва, якія яны ўмудрыліся прыцягнуць на перон для продажу, але мне прыемна, што ў маёй краіне адсутнічае такі самапальны сэрвіс. Бо часам нават страшна глядзець на прадаўца і пакупніка, што разлічваюцца тады, калі цягнік ужо набірае хуткасць...

17

Калі бутэлькі - пустыя

Цягнік ужо ляціць праз родныя нізіны ды ўзвышшы, глінкі і суглінкі. Задубеўшы за пару хвілін на пероне беларускай станцыі ад вільготнага ветру і непрыстойна нізкай тэмпературы, узгадаўшы трапнае Багушэвічава «Бог не роўна дзеле», я скокаю ў вагон і ўжо пачынаю напяваць сабе пад нос свае крымскія санеты, панегірыкі, трэнасы і вадэвілі: «Гасподзь, калі ствараў гэтую пяшчотную далоньку планеты – Крым – верагодна, хацеў, каб чалавек, дыхаючы гэтым празрыстым паветрам, сам станавіўся такім жа празрыстым. Але чалавек прабуравіў тут скалы і напічкаў іх зброяй, а лазурны бераг стаў бяздумна заліваць цэментам... «Чый катэдж будзе вышэй і бліжэй да мора?» - так сёння называецца ці не самая папулярная гульня на ЮБК (паўднёвы бераг Крыма). Дарэчы, можна прапанаваць гульню для ўсіх тамтэйшых турыстаў і жыхароў: скласці з пластыкавага і іншага смецця гару і назваць яе Ай-ды-парадак з пікам Ахайнасці. Зрэшты, выйдзе не ніжэй за Ай-петры. І зрабіць гэта можна прама на тых кар'ерах, дзе самыя хітрыя прыдумалі сёння наладзіць здабычу пяска ва ўрон прыроднаму асяроддзю...Зрэшты, усе астатнія куплеты гэтай песні вы ўжо чулі. Ды і ўсе бутэлькі ад прывезенага крымскага – даўно на сметніку. Ні слова болей. Да новай порцыі.

Страны: Украина


Комментарии

Аватар

20.04.2015 07:53
Odysseus
ответить

Весьма политизированое мнение, за которым я не узнал Крыма, который знаю.

Жаль, автор не впечатлился морем, местным крымских колоритом, удивительным климатом, рассказам местных сторожилов Коктебеля о художниках и писателях любивших эти чудные места. Интересно посмотреть в пригороде Ялты дворцы, которые теперь опять принадлежат государству и обществу, а не алегархам украинским, проходимцам и людаедам. Да конечно и продегустировать прекрасные Крымские вина. Не оставили бы равнодушным и горы, открывающие не обыкновенные виды на море.  

Ну что же кому что надо... 

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах