ТОП-10 прычын наведаць Люблін

14.02.2014

 - Статьи / Отзывы о путешествиях

Автор: Раман ЛАТУШКА, фота аўтара


ТОП-10 прычын наведаць Люблін

Горад, вядомы ўсім нам з падручнікаў па гісторыі Беларусі. Менавіта тут у 1569 годзе была падпісаная ўнія, што аб’яднала Вялікае княства Літоўскае і Польскае Каралеўства ў адну вялікую дзяржаву Рэч Паспалітую, межы якой амывалі адначасова два моры –  Балтыйскае і Чорнае. Люблін – добры варыянт  для баўлення канца тыдня непадалёк ад Беларусі.

Сярэднявечныя Кракаўская, Рыбная і Гарадская брамы, Каронны трыбунал у атачэнні аўтэнтычных камяніц – ад Ратушы да старажытнага замка брукоўкай старых люблінскіх вуліц адбіваецца рэха праўдзівай даўніны. Ажыўленасць жыццю Старога горада надае незлічоная колькасць утульных рэстарацый і кавярняў, дзе падаюць традыцыйныя журэк і капыткі ды вараць фірмовыя гатункі піва.

Сетка падвалаў, якія некалі мелі прамое гаспадарчае прызначэнне, цяпер уяўляе сабой прывабную турыстычную падземную трасу пад самым Старым горадам. Вандроўка сутарэннямі старажытнага Любліна знаёміць са шматвекавой гісторыяй горада. Напрыклад, знішчальны пажар 1719 года прадстаўлены ў выглядзе відовішчнай, кшталту батлеечнай, пастаноўкі.

Адным з напраўду найкаштоўнейшых помнікаў сярэднявечнага мастацтва не толькі Польшчы, але і Еўропы ў цэлым з’яўляецца капліца Святой Троіцы ў Люблінскім замку. Сцены невялікага касцёла ўпрыгожваюць даўнія руска-візантыйскія фрэскі часоў Ягайлы. Асаблівасць культавай пабудовы грунтуецца якраз на яднанні заходняй каталіцкай і ўсходняй праваслаўнай хрысціянскіх традыцый. Напамінам пра падпісанне Люблінскай уніі застаўся след нявіннага вандалізму аднаго з удзельнікаў тых падзей Пятра Яжэўскага, які надрапаў на сцяне капліцы сваё імя і прозвішча, а таксама дату.

З аглядовай пляцоўкі, што на вяршыні неагатычнай Трынітарскай вежы, адкрываецца найпрыгажэйшы панарамны від на стары Люблін. Каб адолець вышыню ў 40 метраў, неабходна ўзняцца на цэлых 207 прыступкаў. У комплексе ж замкавых пабудоў размешчаны яшчэ адзін добры пункт для агляду горада зверху – вежа-данжон XIII стагоддзя, накшталт нашай Камянецкай. Не менш выкшталцона сярэднявечны Люблін выглядае ў лагодных промнях вечаровага сонца з узгорку Чвартак, дзе месціцца касцёл Святога Мікалая.

У адной з выставачных залаў Люблінскага замка экспануецца бадай найвядомейшы твор пэндзля выбітнага польскага мастака ХІХ стагоддзя Яна Матэйкі «Люблінская унія», напісаны з нагоды 300-годдзя стварэння дзяржавы «абодвух народаў». Спраўджаны шэдэўр аўтара цэлай нізкі карцін на гістарычную тэматыку ашаламляе сваёй маштабнасцю ды веліччу выяўлення, падобна «Грунвальдскай бітве», выстаўленай у Каралеўскім замку ў Варшаве.

Поўная цікавостак і цэнтральная вуліца Любліна Кракаўскае прадмесце, якая  змясціла цэлы шэраг архітэктурных помнікаў. Гэта і густоўна аздобленыя камяніцы, і будынак Новай Ратушы, і некалькі старых касцёлаў. Добры кавалак Кракаўскага прадмесця з’яўляецца выключна пешаходнай зонай з разнастайнымі кавярнямі і крамамі. Судакранаецца вуліца і са знакавай Літоўскай плошчай, на якой усталяваны помнік Люблінскай уніі. Манумент прызнаны на ўзроўні Еўрасаюза сімвалам еўрапейскай спадчыны.

Наведваючы Люблін, абавязкова трэба скаштаваць найбольш вядомы мясцовы ласунак цыбуляж, які ўяўляе сабой прасяную булку, пакрытую сумессю цыбулі з макам. Таксама Любліншчына славіцца сваімі алкагольнымі напоямі – гарэлкай Lubelska з самымі рознымі прысмакамі (журавінавым, парэчкавым і нават ананасавым), пітным мёдам APIS ды півам Per?a.

Люблін – горад студэнтаў. Кожную восень з надыходам навучальнага года яго насельніцтва павялічваецца ледзь ці не ўтрая. І беларусаў у тым ліку можна сустрэць сярод студэнтаў прэстыжных Люблінскага ўніверсітэта Марыі Складоўскай-Кюры або Люблінскай палітэхнікі. Цікава, што менавіта ў Любліне працяглы час працаваў на выкладчыцкай пасадзе Караль Вайтыла, будучы Папа Рымскі Ян Павел ІІ, імя якога цяпер носіць тутэйшы Каталіцкі ўніверсітэт.

На дзіва, Люблін – адзін з усяго трох польскіх гарадоў, апрача Гдыні і Тыхаў, вуліцамі якога курсуюць тралейбусы. Гэтай акалічнасцю ўдала скарысталіся мясцовыя ўлады, што стварылі адмысловы турыстычны маршрут, па якім запусцілі старэнькі савецкі ЗіУ. Па дарозе ж экскурсавод распавядае пра архітэктурныя помнікі, якія мінае тралейбус.

У горадзе, сувымерным па колькасці насельніцтва з беларускімі Магілёвам або Віцебскам, знаходзіцца адразу некалькі буйных гандлёва-забаўляльных цэнтраў. Адным з найбольш папулярных з’яўляецца размешчаны непадалёк ад гістарычнага цэнтра Lublin Plaza. Паміж шопінгам па крамах вядомых еўрапейскіх брэндаў (H&M, Promod, Wrangler, Boss) ёсць мажлівасць выпіць добрай кавы са смачным пірагом у Coffeehaven альбо згадаць смак «руркі» ці «гофраў» з узбітымі вяршкамі ды фруктамі.

Апрача «горада натхнення», як  пазіцыянуе сябе Люблін, на адлегласці ў гадзіну-паўтары ад яго цягніком альбо аўтобусам знаходзяцца яшчэ колькі неабыякіх турыстычных мясцін, якія варта ўціснуць ў свой план падарожжа. Гаворка вядзецца найперш пра «перліну Рэнесансу» Замасць, горад, унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Альбо невялікі, размешчаны на ўзгорыстай мясцовасці ля берага Віслы Казімеж-Дольны. Таксама не менш натхняе і пабудаваны ў французскім стылі палацава-паркавы ансамбль Замойскіх у Казлуўцы.

Карысныя парады:

? завітайце ў цэнтр турыстычнай інфармацыі (ul. Jezuicka 1/3), дзе можна задарма атрымаць карту горада і колькі каляровых брашур, прыдбаць чарговы магніцік на лядоўню альбо ўзяць ровар на пракат;

? уладальнікі Карты Паляка могуць разлічваць на зніжкі пры наведванні Люблінскага замка і некаторых музеяў;

? шмат цікавай інфармацыі пра горад, яго культурнае і турыстычнае жыццё можна знайсці на www.lublintravel.pl

Адлегласць:
Брэст → Люблін – каля 160 км.

Як дабрацца?

? туды:
аўтобус «Брэст – Люблін», пн-нд, акрамя ат: 14.50–16.40; пт, нд: 8.00–9.50, кошт – 180 000;

? назад:
аўтобус «Люблін – Брэст», пн-нд, акрамя ат: 16.00–21.50; пт, нд: 6.00–11.50, кошт – 180 000.

Страны: Польша


Комментарии

Аватар

07.03.2015 21:20
Цётка
ответить

Ніяк не "Ажыўленасць жыццю", а АЖЫЎЛЕНАСЦІ

вазьміце ўжо на працу рэдактара з веданнем мовы!

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах