На зубрах – да Суворава і Касцюшкі

08.09.2011

 - Статьи / Отзывы о путешествиях

Автор: Раман АБРАМЧУК


На зубрах – да Суворава і Касцюшкі

Ужо па дарозе да месца збору нашай вандроўнай кампаніі я гартаў “Путеводитель по туристическим маршрутам региона Беловежской пущи”. Выдадзены на дзвюх міжнародных мовах (але толькі не па-тутэйшаму), ён здзіўляе якраз  сваёй тутэйшасцю ў горшым значэнні гэтага слова. На першых жа старонках вас сустрэнуць кіеўскія і літоўскія князі, польскія каралі, рускія цары, – усе, хто заўгодна! Усе, хто заўгодна валодаў пушчай, паляваў тут, карыстаўся лесам, адпачываў, усе, акрамя мясцовых абарыгенаў.

Жнівеньскі рэлакс-тур па Кобрыншчыне і Белавежы

Ужо па дарозе да месца збору нашай вандроўнай кампаніі я гартаў “Путеводитель по туристическим маршрутам региона Беловежской пущи”. Выдадзены на дзвюх міжнародных мовах (але толькі не па-тутэйшаму), ён здзіўляе якраз  сваёй тутэйшасцю ў горшым значэнні гэтага слова. На першых жа старонках вас сустрэнуць кіеўскія і літоўскія князі, польскія каралі, рускія цары, – усе, хто заўгодна! Усе, хто заўгодна валодаў пушчай, паляваў тут, карыстаўся лесам, адпачываў, усе, акрамя мясцовых абарыгенаў.

Аўтар пуцяводніка, відавочна, так і не паглядзеў галоўнай п'есы стагоддзя аўтарства Янкі Купалы... Ага, а вось і беларусы на 43-й старонцы – згадка пра музей “беларускага побыту”. А ў апісанні турыстычных аб'ектаў Свіслаччыны (радзіма Канстанціна Каліноўскага) узгадваюцца бюсты Леніна, Сталіна, Траўгута і інш., аднак вы змарнуеце нямала часу, каб адшукаць тыя пару няшчасных радкоў, якія аўтар брашуры ўсё-такі вырашыў прысвяціць аднаму з лепшых грамадзян гэтай краіны. Ды нават з гэтых радкоў, калі б я быў замежным турыстам, я ніколі не зразумеў бы, чаму гэтае імя стала такім важным для цэлай нацыі.

Але Жабінка была ўжо за акном. Не было часу аддавацца тужліваму настрою.

Проста-горад

Жабінка – ну бываюць такія гарады, нічога з гэтым не зробіш: іх не захоплівалі шведы, не было тут замкаў з падземным лазам да Вільні, не чакаў тут сваёй кароны вялікі Вітаўт, нават Сувораў – і той не вешаў картуз на бярозу. Вырасла з вёскі ў гарадок за сто з лішкам гадоў з-за праведзенай тут чыгункі. Але людзі –  ветлівыя, блінная каля вакзала здзіўляе якасцю сэрвісу. Шкада толькі, што галоўная плошча ніяк тут не называецца. Яшчэ, відаць, чакае сваіх герояў.

Паслядажынкаўскі пейзаж

Іншая справа – Кобрын. Горад з найбагацейшай гісторыяй, старымі вулачкамі, шыкоўным паркам, храмамі розных рэлігій... Кідаюцца ў вочы паслядажынкаўская чысціня і дагледжанасць, адрамантаванасць помнікаў і навюткія ахоўныя шыльды на помніках гісторыі і культуры. Але веды аб тым, як дасягаюцца дажынкаўскія перамогі, недаробленыя заднія фасады будынкаў і гранітная пліта на гіганцкім валуне аб “бязмежнай удзячнасці” кобрынцаў дзяржаўнай уладзе (цытую даслоўна), – псуюць уражанне.

z2

Пад скляпеннямі Кобрынскай сінагогі (перакрыцце з'явілася ў савецкі час)

За Кобрынам дагэтуль захоўваецца слава “горада Суворава”. І гэты міф старанна падтрымліваюць мясцовыя ўлады: на невялікі гарадок тут тры бюсты гэтага палкаводца, вуліца і парк яго імя, дом-музей, бульвар... Магчыма, я штосьці яшчэ і прамінуў. Але гэтага мне хапіла. Замнога. Адпужвае. Нейкі “горад Сувораўск” атрымліваецца. Але гэта не стасуецца ані з гісторыяй горада, ані з яго атмасферай.

Сувораў, атрымаўшы маёнтак у Кобрыне за перамогу над Касцюшкам, пражыў тут усяго некалькі непрыкметных гадоў.

Але час няўмольна бярэ сваё. На галоўнай плошчы – новы помнік летапісным князям-заснавальнікам. Шляхецкія могілкі, разрабаваныя ў савецкі час, – сёння прыбраны (тут жа – магіла Аляксандра Міцкевіча, брата знакамітага паэта). У будынку Спаскага манастыра XV стагоддзя замест нядаўняга аддзелу міліцыі ізноў загучала праваслаўная манаская малітва. Толькі старая вялізарная сінагога яшчэ не вызвалена канчаткова ад абсталявання цэха безалкагольных напояў, які месціўся тут у савецкі час...

Жнівеньскае сонца, заходзячы, залоціць кобрынскія падворкі, убраныя ў кветкі, – так яно заўжды было, няхай так заўжды будзе. Няхай заўжды тут на звечарэлай плошчы запальваюцца старыя ліхтары, а ў паветры пахне свежай выпечкай ад булачнай, што схавалася на адной з вуліц.

z1

Вячэрні Кобрын

Сяхновічы: музей схаваўся

Ну хто ведае, што тут – сямейны маёнтак Касцюшкаў? Што гэтае месца, па ўсім відаць, сам генерал лічыў сваёй малой радзімай? А хутар Мерачоўшчына быў толькі часова арэндаваны Касцюшкамі, дзе і паспеў нарадзіцца будучы кіраўнік паўстання. Зусім нядаўна ў Сяхновічах адкрыўся новы музей, дзе, акрамя традыцыйна-ідэалагічных “беларускай хаткі” і пакойчыка ВАВ, даволі талкова тлумачаць, хто такі быў той самы Андрэй Тадэвуш Банавентура, герой чатырох краін, двух кантынентаў. Акрамя гэтага, вам пакажуць будынак старой касцюшкаўскай сыраварні, рэшткі старога парку і месца сядзібы, парослае паўтараметровай крапівай... Цікавая сама па сабе мясціна відавочна сумуе па наведвальніках, падзеях, імпрэзах, фестывалях...

z3

Бард Аляксей Жбанаў каля бюста Касцюшкі ў Сяхновічах

Чаго не скажаш пра Камянец. Гэты, размешчаны на славутым турыстычным шляху “з варагаў у грэкі” (дакладней, з Масквы – у Белавежу), не пакутуе ад адсутнасці наведвальнікаў. Якасна адрэстаўраваная Камянецкая вежа (не блытаць з белай вежай палаца, які цяпер знаходзіцца на польскім баку!), – прывітае гасцей выдатным музеем, хоць сабе і яшчэ старой, савецкай, школы. Галоўнае – талковасць і добрасумленны падыход да сваёй працы тых, хто яго ствараў. Акрамя гэтага, само мястэчка камянецкае – сваёй утульнай плошчай, вулачкамі, што “скотваюцца” уніз да плошчы з высокіх пагоркаў, высачэзнымі купаламі царквы, маляўнічымі даляглядамі на добры дзесятак кіламетраў, – так і просяць затрымацца яшчэ на крыху.

Шклопакеты VII стагоддзя

Кобрыншчына, як і ўсё Палессе, – багатая на драўляныя цэрквы. Здзітава і Вялікія Сяхновічы, Шарашова і Хмелева... Збольшага ўсе яны былі збудаваны як уніяцкія храмы ў XVII стагоддзі самімі ж сялянамі. У тым і прыгажосць – яны капіравалі формы барока “высокай” архітэктуры, перайначвалі іх на свой вясковы лад. Але сёння пераважна ўсе гэтыя цэрквы належаць праваслаўнай царкве. А сучасныя святары не заўжды цэняць старыя, крыху дзіўнаватыя па форме матавыя макаўкі, якія вянчаюць храмы, а таксама шыбы з “прастакоўскімі”, па-свойму прывабнымі вітражамі. Так і з'яўляюцца на гэтых цэркаўках, звычайна пафарбаваных у блакітны колер, аднатыпныя залатыя купалы, пластыкавыя вокны...

Можна зразумець, калі ў царкве папросту халодна і святару прыходзіцца ахвяраваць якімі-небудзь гісторыка-культурнымі “цацкамі”. Можна таксама зразумець жаданне сцвердзіць сваю прыхільнасць да маскоўскай залата-купальнай эстэтыкі. Але як згадзіцца з гэтым, калі яно выдае звычайнае безгустоўе, эстэтычную слепату палескіх бацюшак? Да таго ж, амаль усе гэтыя цэрквы – помнікі гісторыі і культуры, і кожны з падобных крокаў мусіць быць узгоднены з чыноўнікамі з упраўлення культуры. Зрэшты, Хрыстос быў даволі паслухмяны адносна рымскіх законаў...

Пушчанская цывілізацыя

Доўга-доўга я напружваўся, каб пачуць “векавечны напеў”. Але дзе там: прагулачныя маршруты – гэта асфальтаваныя аўтамабільныя дарогі, там-сям чуваць шум будоўлі: узводзяцца катэджныя дамы, сам лес – раздзелены на кварталы пранумараванымі дарогамі-прасе?камі... Усё гэта нагадвае музей з экспанатамі ў выглядзе векавога дуба або яліны, балота або возера. Ды нават самі экспанаты часам уражваюць сваёй недарэчнасцю: каралеўскі шлях, якім павінны ўразіцца турысты, на думку супрацоўнікаў пушчы – гэта звычайная асфальтаваная дарога, пад якой знаходзяцца тыя самыя брукаваныя камяні... Магчыма, гэтую частку пушчы можна назваць узорнай лясной гаспадаркай, але ніяк не векавым лесам. Сябры, у каго там былі знаёмыя леснікі з прапускамі?..

Маёнтак Дзеда Мароза – гэта ўвогуле тэма для асобнага артыкула. Мне хапіла ўражанняў ад экскурсіі на апошнія Каляды. Уся праграма нагадвае ёлачны канвеер. Дзякуй паньству, але ад хатняга чытання кніжкі пра святога Мікалая пазітыўных уражанняў куды болей.

Адзінае суцяшэнне – гэта, бадай, жывёлы ў вальерах, якім можна ціха пажаліцца на гэты свет з яго вар’яцтвам. Ды яшчэ неадольна вабіць пеша-роварны турыстычны пераход у Польшчу, дзе знаходзіцца другая частка Белавежскага парку, кажуць, нашмат цікавейшая для турыстычнага агляду...

Палац на палацы ў Высокім

Рэдкая турыстычная група са сталіцы з'яўляецца ў гэтым мястэчку – і вельмі дарэмна. Акрамя таго, што тут вырабляюць знакамітыя сыры, якія можна купіць на сталічнай Камароўцы, тут з 1770-х гадоў захаваўся стары Траецкі касцёл незвычайнай шырыні. Але сцежка-дарожка сама засмоктвае турыста ў гушчары старога парку, дзе на чароўна-высокіх берагах ракі Пульвы са шлюзавымі перападамі хаваюцца руіны палаца Сапегаў XVII ст. Відавочна, ён быў падобны на іх ружанскую “прыгажуню”, але ад гэтай “паненкі” засталіся толькі ўязная брама, абарончыя валы і рэшткі цэнтральнага корпусу, а ў палацавым двары сёння – футбольнае поле. Я наўмысна распавёў спачатку пра тое, што знаходзіцца ў глыбіні паркавых прысад, бо палац Патоцкіх XIX стагоддзя, які знаходзіцца каля цэнтральнага ўваходу ў парк, хоць і захаваўся нашмат лепей, але і па ўзросце, і па прыгажосці відавочна саступае сапегаўскім руінам. Дзіўна, але “гісторыка-культурнай каштоўнасцю” з гэтых двух высокаўскіх палацаў лічыцца якраз палац Патоцкіх. Сапегаўскія руіны, прызначаныя апошнім часам быць столікамі для пралетарскага адпачынку, “пралятаюць” у сэнсе аховы і зберагання...

Воўчын і Чыжэўшчына: аддамо палякам крэсы!

Здавалася б, будуем ужо помнікі Сувораву, дык і ўсё на тым. Але ж не. Аднекуль вылазіць яно – цяга да герояў “іншага ідэалагічнага фронту”. Вось і на табе: у Воўчыне аднаўляецца касцёльная капліца, дзе быў пахаваны апошні кароль Рэчы Паспалітай – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Нічога не кажу, сам цешыўся, калі ўбачыў навюткую медную вежу са старадаўнімі гадзіннікамі, па-новаму пакрыты дах над яшчэ нядаўнімі “горкімі” руінамі. Але насцярожвае тое, што гэта робіцца... палякамі. Толькі чорная будаўнічая праца – рукамі і бульдозерамі беларусаў за польскія грошы. І вось мне падумалася: калі прыйдзе той залаты момант, калі ўвядуць закон аб тым, што толькі беларускія экскурсаводы, з беларускім пунктам гледжання могуць праводзіць экскурсіі па Беларусі, – як мы абыдземся з экскурсіямі па Воўчыне і падобных “польска-фундаваных” аб'ектах? Няёмка будзе адмаўляць палякам, бо фактычна ўжо раней адмовіліся ад самога Воўчына, палічыўшы гэтую капліцу не сваёй...

А вось Чыжэўшчына – гэта ўжо наша, роднае. Ужо пабелка абсыпаецца, хоць пастаўлена ў 2004 г. А галубы па няведанню робяць сваю справу прама на лік Багародзіцы, што на гранітнай пліце. Але рамантаваць капліцу збіраюцца ўсё адно толькі “на прыезд палякаў” у верасні, калі будзе адзначацца гадавіна бітвы паміж атрадамі Касцюшкі (кіраваў Серакоўскі) і войскам Суворава. І толькі надпіс на цэнтральнай пліце – “За нашу і вашу волю” (лозунг касцюшкаўскага паўстання) – выдае пазіцыю тутэйшых насельнікаў. У астатнім капліца цалкам укладаецца ў атмасферу гэтай краіны, чые сыны вучацца ў сувораўскай вучэльні, а на пікнічок ездзяць і зарабляюць грошы на турыстах ў касцюшкаўскіх мясцінах. Як спявае бард, з якім мне пашчасціла вандраваць у гэты раз:

Не на тыя глядзім гадзіннікі,

Ходзім вуліцамі не тымі, –

Не Сапегі і не Баторыя,

А Суворава і Дзяржынскага...

З летуценнікаў выйшлі цынікі,

Патрыётаў – сляды прастылі...

Хтосьці з нас заўважае яму, маўляў, ёсць ужо ж вуліца Сапегі ў Мінску, дый Баторыя – у Гродне. Але майго знаёмага гэта не цікавіць, ён чакае перайменавання галоўных праспектаў. І мне ўзгадваецца светлы Кобрын з яго скрыжаваннямі Талстога і Крылова, Пушкіна і Дастаеўскага, слонімскі Патрыс Лумумба, мінскі Бангалор... І само сабой напрошваецца пытанне: а пры чым тут бедныя кобрынцы, мінчукі і сланімчукі, – усе мы? Відаць, коласаўскі дзядзька Міхась яшчэ так і не купіў зямлі, не прыдбаў свой кут...

Хрыстос у Чарнаўчыцах

Ва ўсіх падобных падарожжах заўжды ёсць светлы вырай, месца, якое загойвае раны папярэдніх расчараванняў. У Чарнаўчыцах з-за аблокаў выглянула яркае сонца. Ну ведаеце, як па Караткевічу, калі здаецца, што зараз насамрэч Хрыстос прызямліцца ў Гародні. Мне падалося нават, што вось ён, дзядзька Ўладзімір збочыў у адзін з вясковых падворкаў перад намі. А ён і так увесь час, на працягу ўсёй вандроўкі быў побач, бадзяўся разам з намі. Бо адкуль жа тады раптоўна ў адначассе, у нашых вушах загучала ягонае:

І тады закахалася хмара...

Ў паплавы, ад расы прамяністыя,

І ва ўсю Беларусь маю чыстую,

Ў мары бору, ў палёў абшары.

І заплакала ад кахання,

І слязою чыстай абмыла

Ўсе абшары зямлі маёй мілай,

Ўсе калыскі яе і магілы,

Ўсе змярканні яе і світанні.

І пад птушак зялёны гоман

Нарадзіліся для абшараў, –

Плод кахання бору і хмары, –

Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.

Я пабываў у шмат якіх гарадах і мястэчках старой Еўропы, але гэйнал (сігнальная трубная мелодыя) я чуў толькі ў двух месцах: на галоўнай плошчы Кракава з вежы Марыяцкага касцёла і тут, у Чарнаўчыцах, з вежы Траецкага касцёла, пабудаванага каля 400 гадоў таму Мікалаем Радзівілам Сіроткам. Кожны дзень а 8-й вечара, пасля таго, як званы падкажуць вам актуальны час, чароўная мелодыя трубы пакрывае працяжнымі ноткамі дом ксяндза, вясковыя хаты з падворкамі і асфальтаваную дарогу. Чарнаўчыцкая мелодыя, надзвычай прыгожая, гучыць даволі доўга і не абрываецца пасярэдзіне ў адрозненне ад кракаўскай. З апошнімі нотамі, з загоенымі ранамі мы выпраўляемся далей у шлях, каб яшчэ да цемнаты пабачыць старую сядзібу Пузынаў і вадзяны млын у Грымячы. У страўніках характэрна буркоча.

жнівень'2011

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах