23.12.2011

 - Статьи / Отзывы о путешествиях

Автор: Мінчук-віленчук Раман Абрамчук і вершыкі-ліхтарыкі - ад Сяржука Вітушкі, фота Сяргея Плыткевіча


Калядны маршрут. Вандроўка па Вільні з перапынкам на духмяную каву

Мне надакучыла распавядаць беларускім турыстам пра тое, наколькі важна нам пабываць у Вільні, што яна знаходзіцца бліжэй за любы абласны беларускі цэнтр і г.д. і г.д. Я ўсё адно ведаю, чым гэта скончыцца – паходам у «Акропаліс» і ў банальны аквапарк, у больш цяжкім выпадку – паездкай на ковенскі аўтарынак. Усё! Баста!

Мне надакучыла распавядаць беларускім турыстам пра тое, наколькі важна нам  пабываць у Вільні, што яна знаходзіцца бліжэй за любы абласны беларускі цэнтр і г.д. і г.д. Я ўсё адно ведаю, чым гэта скончыцца – паходам у «Акропаліс» і ў банальны аквапарк, у больш цяжкім выпадку – паездкай на ковенскі аўтарынак. Усё. Баста. Здымаю з сябе ролю натхняльніка беларусаў да паездак у літоўскі край. Мне прыкра потым чуць ад іх, як цудоўна яны з'ездзілі «в Вільнюс», бачылі «праспект Гедымінаса» і куплялі сувеніры на «Аўшрас варту» ці ў «Діджёі гятве». Мяне так і цягне перапытаць: а да помніка Костасу Калінаўскасу не падыходзілі? а можа бачылі памятныя мясціны, звязаныя з жыццём Максімаса Багданавічуса? А як дабраліся да Менскаса?

І вось, стомлены ад наракання на тое, што Вільня, блізкая і родная, – амаль нікому невядомая, бяруся я за пяро... цьху ты, за ноўт, каб тым, хто ўсё-такі знаходзіць пару вольных гадзінак паміж шопінгам і аквапаркам, распавесці пра скарбы Вільні, да якіх Беларусь мае самае прамое дачыненне.

Крыху гісторыі

Мінула XIII-е стагоддзе. Нашыя князі-баяры з т.зв. Заходняй Русі ўжо сталі паціху згаджацца на ваенна-палітычны саюз з балцкімі ваяўнічымі згуртаваннямі. Тым больш што перад вачыма быў добры прэцэдэнт – дамова наваградскіх князёў з Міндоўгам, каб той княжыў і абараняў Наваградскае княства (1252 г.). І вось прайшло некалькі пакаленняў тых балцкіх уладароў, мінула больш за паўвека. Уладу па спадчыне атрымаў Гедымін. Той ваенна-палітычны саюз – новае дзяржаўнае ўтварэнне – меў ужо свой герб – Пагоню, а таксама свае пячаткі, шалёныя планы захопу новых зямель ды, вядома ж, знешніх ворагаў. У адным з паходаў на поўнач князь ставіць лагер пад высокай гарой і, засынаючы, бачыць сон пра жалезнага ваўка, што вые на ўсё наваколле. Раніцой Гедымін пытае жрацоў, каб патлумачылі яго начны відзеж. Тыя ж раяць яму будаваць на гары горад, слава якога разнясецца па свеце як выццё таго ваўка ў сне. Дарэчы, паводле легенды адным з тых жрацоў быў Ліздзейка, ад якога паходзіць род Радзівілаў, і нават прозвішча быццам сугучнае выразу «радзіць Вільню» (рус. – «советовать»). Мы не будзем разбураць прыгожых легенд, толькі адзначым, што сам корань «vil-» і значыць «воўк», «воўчы» ў літоўскай мове. Ды і гара тая стаяла пры ўпадзенні ракі Віленкі (Vilnia) ў раку Вілію (Neris):

Віленка смехам залілася,
У пырскі, у шалёны рух далася,
У Вілію вільнула і за хвілю
Застыла стыльна, стала Вільняй...

Vilnius-2

Вось такі «воўчы» пачатак быў у таго слаўнага горада, які ўжо праз колькі гадоў абвяшчаецца новай сталіцай маладой, але надта перспектыўнай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Я спадзяюся, што мой дарагі чытач ведае, што «рускія» ў дадзеным выпадку – і ёсць продкі сучасных беларусаў, жыхары і стваральнікі тых самых «заходне-рускіх» княстваў – Полацкага, Турава-Пінскага, Гарадзенскага і іншых, якія цягам ста з лішкам год і ўвайшлі у склад новай краіны, ВКЛ. Але чаму ж некаторыя вельмі начытаныя людзі нашай сучаснай Беларусі так ўпэўнена заяўляюць, што Вільня – беларускі горад, і літоўцы, маўляў, тут толькі нервова паляць у куточку? Ну што ж, давайце расстаўляць кропкі над беларускімі «і».

Жыхары Вільні

Пачнем з таго, што Гедымін начаваў не проста ў глухім полі. Вакол, зразумела, былі паселішчы, якія існавалі ўжо да пачатаку нашай эры. Адкрываю страшную тайну, якая можа не спадабацца многім: гэта былі балцкія паселішчы. І таму натуральна, што адной з першых моў, якая гучала ў горадзе, што пры Гедыміне стаў сталіцай, была балцкая гаворка (аб літоўскай на той час яшчэ цяжка казаць, бо яна існавала ў выглядзе некалькіх дыялектаў).

Продкі сучасных літоўцаў пад Гедымінавай гарой яшчэ доўга палілі язычніцкі святарны агонь, аж пакуль адзін з наступных уладароў, князь Ягайла ў канцы XIV ст.  не загадаў загасіць яго і збудаваць на яго месцы касцёл. Наступныя сто год Вільню хрысцілі па каталіцкім абрадзе (найперш балтаў – самых упартых у Еўропе язычнікаў). У выніку ўзніклі новыя касцёлы з манастырамі, колькасць якіх толькі павялічвалася з веку ў век.

Vilnius-3

Але, сябры мае, калі ў аснове тэрыторыі ВКЛ ляжалі этнічныя беларускія землі, калі 80% ліцвінскай шляхты была беларускага паходжання (літоўцаў сярод шляхты адпаведна – 19%), як вы думаеце: як хутка загучала там наша гаворка і з'явіліся нашы дзяды-прадзеды? Менавіта так – амаль адразу. Панаехалі, панабеглі з усёй Беларусі, набудавалі сваіх «рускіх» кварталаў (першы з іх узгадваецца ў хроніках ужо ў 1383 г.), праваслаўных цэркваў. Магнатэрыя (самая багатая праслойка сярод шляхты) набудавала палацаў, гарадскіх рэзідэнцый (Сапегі, Астрожскія, Хадкевічы). У выніку такой беларускай (і украінскай) экспансіі сюды з Кіева была перанесена кафедра (адміністрацыйны цэнтр) праваслаўнай царквы, і ў XVI ст. на 8 касцёлаў у Вільні прыходзілася 14 цэркваў (у той час этнічныя беларусы яшчэ заставаліся пераважна праваслаўнымі). А пазней, калі дзяржаўная ўлада стала афіцыйна падтрымліваць каталіцкі касцёл, сцены Вільні ўбачылі дзіва дзіўнае: пратэстанты селі за адзін стол разам з праваслаўнымі, каб падумаць-пагадаць, як жа не страціць свае пазіцыі ў новых палітычных умовах (1599 г.).

Трэба сказаць, што ўся тагачасная памежная тэрыторыя паміж Літвой і Беларуссю выглядала т.зв. «цераспалосіцай»: балцкія паселішчы, вёскі перамяжоўваліся з нашымі. Ішоў працэс беларускай асіміляцыі колішніх балцкіх зямель. І дзе цяпер тыя ятвягі, што жылі на Палессі? І дзе цяпер тая Літва ад Наваградка да Мінска? Нашыя продкі выцяснялі балтаў вышэй і вышэй на поўнач. Акрамя таго, нягледзячы на тое, што княжацкая дынастыя прынцыпова заставалася балцкай па паходжанні (самі імёны князёў – Вітаўт, Гедымін, Ягайла – не даюць сумнявацца), усе тагачасныя літоўцы паціху зміраліся, што афіцыйнай дамінуючай культурай і афіцыйнай мовай дзяржавы будзе мова «руская», якую навукоўцы праз 700 год, аналітычна параўнаўшы яе з тагачаснай мовай Масквы, трапна назавуць «старабеларускай». Ды і мову Масковіі тады называлі не іначай, як маскоўскай, або маскавіцкай, каб адрозніць ад «рускай» мовы літвінаў.

Але і такой мяшанкі было малавата для горада, які з'явіўся пад такое шалёнае воўчае выццё ды на такой высокай гары. Вядома, што пры Вітаўце на землях ВКЛ з'яўляюцца яўрэі. З таго часу Вільня становіцца і яўрэйскім горадам, з вуліцай Жыдоўскай. І на стагоддзі тут загучаў ідыш. А яшчэ – нашы вечныя, наканаваныя Богам і геаграфіяй сябры і адначасова заклятыя ворагі – немцы, не маглі прамінуць такое слаўнае месца і не паспрабаваць «закруціь» тут такі-сякі бізнес. І загучала тут нямецкая. Найперш – на вуліцы Нямецкай. І крыху пазней узніклі лютэранскія храмы (першы – у 1555-м). У XV стагоддзі ўжо існаваў і Ляцкі канец, населены, па ўсім відаць, палякамі. Добра, што хоць караімаў з Азіі Вітаўт пасяліў у Троках, пад Вільняй. Але ўсходнія ноткі загучалі тут і без іх, праз гасцей з Масковіі.

Такім чынам, Вільня ўжо ў свае першыя стагоддзі была горадам многіх, што захавалася і да нашых дзён. Гэта быў інтэрнацыянальны кацёл, дзе варылася некалькі розных народаў, традыцый і рэлігій. І нам мусіць быць прыемна, што нашы продкі ў той час былі далёка не апошнія ў гэтым вялікім шэрагу. А вось першыя ці другія – гэта ўжо як каму даспадобы. Гледзячы з якога балота паглядаць на гэтыя высокія пагоркі.

Vilnius-4

А раней паглядалі з усіх балотаў. Вядома, што ледзь не ў кожным мястэчку быў Віленскі тракт, або Віленская вуліца (у некаторых гарадах назвы захаваліся і па сёння). Вільня стала своеасаблівым узорам для ўсіх гарадоў: «Круці жорны пільна, то й тут будзе Вільня» – казала народная прымаўка. І адным з самых блізкіх суседзяў Вільні, якому прасцей за ўсё было «падглядаць» за сталіцай, быў наш Менск (няхай чытач мне даруе, што выкарыстоўваю старабеларускую назву Мінска, бо яна адпавядае часу, аб якім мы гутарым). І трактаў у нас да сённяшняга дня захавалася нават два – Старавіленскі і Новавіленскі. А тыя гандлёвыя рады каля менскай ратушы, у якіх сёння «прапісаўся» піўны рэстаран, называлі «Віленчукамі», бо тут, на прэстыжных землях Верхняга горада гандлявалі таварамі з Вільні (параўнайма з яўрэйскім Ніжнім рынкам у раёне сучаснай Нямігі). Як бачыш, дарагі чытач, шапінгуй ні шапінгуй, усё адно нам сёння ехаць у Вільню за таварам і пакупкамі, асабліва мінчукам. А наконт моў – не турбуйся, мой чытач. Вільня засталася «інтэрнацыянальным катлом» і па сёння. Калі адважышся спытаць па-беларуску – зразумеюць (асабліва людзі сталага веку і ў крамах), па-польску – яшчэ прасцей (польская была тут афіцыйнай да 1939-га), па-руску – можна таксама... Але гэта ўсё збольшага не тычыцца маладых (акрамя супрацоўнікаў сферы абслугоўвання). Пасля 1990-га многія прынцыпова адмовіліся вывучаць рускую. І сёння некаторыя маладзёны ледзь не выхваляюцца гэтым няведаннем славяншчыны і фанабэрыста могуць падчапіць вас фразачакай «Only English, if you can» («Толькі па-англійску, калі  можаш»). Але не звяртай увагі на іх, маладых і зялёных, мой чытач, ведай, што сапраўдная мова Вільні – ніякая не англійская, не літоўская і нават не польская з беларускай. У Вільні і на Віленшчыне пражываюць здавён-даўна т.зв. тутэйшыя людзі. Ніхто не ведае, адкуль яны родам і з якога марса яны зваліліся на гэтую грэшную зямлю. Гавораць па-простаму, мяшаючы сваю дыялектную беларускую з польскімі словамі і словаформамі, часта ўжываючы рускія і нават літоўскія словы. Такі кактэйль можна пачуць на рынках ад бабулек, ад мужычкоў у целагрэйках, ад моладзі, што відавочна прыехала з вёскі, з-пад Вільні, заваёўваць сталіцу. Хтосьці кажа пра самабытнасць гэтай сучаснай культурнай з'явы, а мне іх шкада... Шкада, што іх так і не прыбіла ні да аднога з «нацыянальных» караблёў... І цяпер хтосьці з іх пазірае з незразумелай для самога сябе тугой у накірунку Мінска, а хтосьці, паверыўшы ў сваю «пальшчызну» і «казыраючы» некалькімі польскімі слоўцамі, едзе ў Польшчу, каб там канчаткова зразумець, якая вялікая мяжа пралегла паміж ім і сучаснымі палякамі.

Беларускія мясціны ў Вільні

Беларусу лепш пачынаць вандроўку па Вільні з Вострай брамы (Ausros Vartai). Бо, па-першае, яна якраз і была ўваходам у стары горад з боку мінскага шляху, і менавіта да яе вы пад'едзеце на аўто, едучы з беларускай мяжы. А па-другое, гэта вельмі блізка да цэнтральных аўта- і чыгуначнага вакзала. Калі ў вас усё нармальна з уменнем паводзіць сябе «не як усе», можаце спыніцца на пару хвілін пад знакамітай Пагоняй і прачытаць тэматычны верш Максіма Багдановіча. Затым, увайшоўшы ў горад, зняць шапку і пакланіцца маці Божай Вострабрамскай. І вось тут ужо можаце не баяцца выглядаць марсіянінам – так робіць велізарная колькасць турыстаў. Некаторыя групы паломнікаў нават ладзяць богаслужэнні прама на вуліцы, не падымаючыся на верх брамы да самога абраза.

Далей беларускі маршрут праз двесце метраў збочвае направа, у двор Свята-Духава манастыра. Заснаваны ў XVI ст., пасля таго як праваслаўны Траецкі манастыр (да яго мы хутка падыйдзем) быў перададзены ўніятам, новы храм на доўгі час стаў праваслаўным «бастыёнам» у часы даволі агрэсўнай пракаталіцкай палітыкі польскіх каралёў у XVII ст. Тут актыўна дзейнічала праваслаўнае брацтва, былі свая друкарня і школа. Незалежна ад таго, якой вы веры, падыйдзіце з пашанай да нятленных парэштак святых пакутнікаў – Антона, Яна і Яўстафія. Яны былі прыдворнымі баярамі князя Альгерда (славянскія язычніцкія імёны да хрышчэння – Кумец, Няжыла і Круглец – выдаюць іх славянскае паходжанне). Прыняўшы хрысціянства, яны, відавочна, не спадабаліся прыдворным жрацам, якія дамагліся, каб іх павесілі ў дубовым гаі. Пакутнікаў прылічылі да ліку святых, а на месцы тых дубоў, паводле легенды, збудавалі Траецкую царкву. Каб падыйсці да Траецкага храма, трэба выйсці са Свята-Духава манастыра, прайсці далей па вуліцы Вострабрамскай/Ausros Vartai і збочыць у двор налева, да т.зв. Базыльянскіх муроў.

Сёння свв. Антон, Ян і Яўстафій належаць да ліку святых Беларускай праваслаўнай царквы, і абраз з часцінкай іх парэшткаў можна знайсці і ў Мінску, у Петра-Паўлаўскім саборы на Нямізе, а адна з праваслаўных арганізацый пры гэтым саборы сёння названа ў іх гонар (Беларускае праваслаўнае брацтва ў гонар Трох віленскіх пакутнікаў).

Траецкі храм у 1580-х гг. стаў уніяцкім, яго перадалі ордэну базыльянаў. І з таго часу гэтае месца больш вядома як Базыльянскія муры (карпусы манастыра і ствараюць гэты двор вакол Траецкага храма). Запомні гэтую назву, дарагі чатач, яна яшчэ не раз сустрэнецца табе ў вандроўках па беларускай мінуўшчыне. А зараз давай зробім некалькі крокаў назад, да прыгожай жоўта-белай барочнай аркі, праз якую мы зайшлі ў двор Базыльянскіх муроў.

На сцяне ў арцы – шыльда, прысвечаная Ясафату Кунцэвічу – таму самаму ўніяцкаму епіскаму, які праславіўся сваёй бескампраміснасцю ў справе «пераводу» мясцовага насельніцтва з праваслаўя ва ўніяцтва, за што і быў патоплены ў Дзвіне віцебчанамі адразу пасля богаслужэння (1623 г.). Святы для ўніятаў (труна яго знаходзіцца ў Рыме побач з труной св. апостала Пятра) і ерэтык для праваслаўных. Бог яму суддзя.

А мы звернем увагу на другую шыльду, прысвечаную Ігнату Дамейку, выхадцу з Наваградчыны, з беларускай збяднелай шляхты, які быў актыўным удзельнікам студэнцкіх арганізацый Віленскага ўніверсітэта 1820-х гг. разам з Адамам Міцкевічам (т.зв. таварыствы філаматаў і філарэтаў). Пасля судоў над гэтымі студэнтамі, ён, як і многія яго таварышы, адсядзеў некалькі сутак тут, у падзямеллях Базыльянскага манастыра (уся Вільня падтрымлівала арыштаваную моладзь і па-партызанску ім дапамагала, у выніку чаго падкупленая паліцыя дазволіла студэнтам збірацца ў адной камеры і нават піць віно). Пасля заканчэння следства большасць маладых людзей была выслана за межы радзімы. І калі Міцкевіч пасля доўгіх блуканняў асеў у Парыжы, то Дамейка апынуўся ў Чылі. Атрыманыя ва ўніверсітэце веды дазволілі яму не проста стаць выбітным навукоўцам у галіне геалогіі (адкрыў некалькі новых парод, адна з якіх была названа дамейкітам), але і стаў заснавальнікам і першым рэктарам Чылійскага ўніверсітэта. Ужо ў вельмі паважаным узросце ён усё-такі здолеў прыехаць на радзіму і затым, вярнуўшыся, памёр у Чылі, дзе яму быў пастаўлены помнік як нацыянальнаму герою.

Нам трэба яшчэ патаптацца тут, на гэтым пятачку, у зацішным дворыку перад Траецкім храмам, бо ў гэтых жа мурах, толькі, як думаецца, не ў падзямеллях, а паверхам вышэй, праз якіх праз сто год пасля студэнтаў-філаматаў зноў стала чуваць вясёлы шкалярскі гоман – у 1920-х гг. тут працавалі музей беларускай культуры і беларуская гімназія, у якой, як сведчыць шыльда на ўваходзе ў адзін з карпусоў (Вострабрамская/Ausros Vartu, 7a), вучыліся розныя дзеячы нашай культуры, у т.л. паэтка Наталля Арсеннева, аўтар гімна «Магутны Божа», пісьменнік Максім Гарэцкі, ксёндз Адам Станкевіч і інш. У гэты час Вільня заставалася беларускім цэнтрам культурнай і грамадска-палітычнай дзейнасці да самага 1939 г., пакуль яе у знак кампенсацыі за ліквідаваную незалежнасць Літвы савецкая ўлада не аддала літоўцам. І толькі тады, па сведчаннях старажылаў, тут упершыню за доўгі час з'явіліся гэтыя «дзядзькі ў сініх касцюмчыках», і загучала даўно забытая тут літоўская мова...

А мы крочым далей, на Вострабрамскую вуліцу, якая нас выведзе да Віленскай ратушы, Ратушнай плошчы (Rotuses aikste). Дарэчы, Вільня – першая сярод гарадоў ВКЛ у 1387 г. атрымала магдэбургскае права на самакіраванне (адносную незалежнасць ад вялікакняжацкай улады). Сімвалічна, што ратуша з Рынкавай плошчай асталяваліся ўжо наводдаль ад вялікакняжацкага палаца (мы да яго яшчэ падыйдзем), у адрозненне ад гарадоў перыяду Старажытнай Русі, дзе вокны палаца заўжды «назіралі» за гарадскім рынкам, што знаходзіўся пры замкавай сцяне.

У пач. XVI  ст. у Вільню наведваецца ўжо знаны тады доктар Скарына і, заручыўшыся падтрымкай караля Жыгімонта, уладкоўвае тут друкарню, дзе адным з першых ва ўсёй Усходняй Еўропе друкуе свае кнігі, дакладней, уласныя пераклады біблейных тэкстаў, адаптаваныя да тагачаснага беларускага вуха. Дом, дзе была ўладкавана друкарня, з памятнай шыльдай, прысвечанай тым падзеям, знаходзіцца прама на плошчы, па адрасе вул. Вялікая/Didzioji, 19. У двары дома сёння стаіць сімвалічная скульптурка друкара ў памяць аб дзейнасці Скарыны.

Вулачка налева па выхадзе з таго дворыка так і вабіць пайсці па ёй. І мы спакусімся яе зацішнай утульнасцю. У кожнага турыста, напэўна, застаюцца ў памяці закручаныя ў лабірынт вуліцы Старой Вільні, часам вузкія, часам шырэй, але заўжды – цяжка даступныя для рацыянальнага разумення. Тут цяжка казаць пра нейкую схему, горадабудаўнікам з іх прадуманымі планамі тут, відавочна, не было як зарабіць на жыццё... Калі нямецкія гарады ў Сярэднявеччы ўжо будаваліся па т.зв. рэгулярных планах і мелі выразную квартальную планіроўку, то з Вільняй атрымалася ўсё іначай, і гэтым яна відавочна адрозніваецца ад «пранямецкіх» Рыгі і Таліна. Назло ўсім, хто хоча хутка знайсці патрэбны адрас і ў задавальненне тым, каму больш даспадобы такая вось непасрэднасць і стыхійнасць творча-будаўнічага працэсу...

Але нам усё-такі патрэбны адрас. Мы шукаем Дамініканскі кляштар (манастыр), у будынку якога (Св. Ігната/Sv.Ignoto,11) правёў свае апошнія дні Канстанцін Каліноўскі, аб чым сведчыць памятная шыльда. У двары – і па сёння – стаіць у лужынах іржавая вада, а на вокнах – жалезныя краты. Адсюль усяго якіхсьці 20 хвілін хады да Лукішскай плошчы/Lukiskiu aikste, дзе Каліноўскі быў павешаны сакавіцкім днём 1864 года, пакінуўшы нам толькі камяк у горле і дзіка-пякучае жаданне дарабіць тое, што яму зрабіць не ўдалося. Прасцей за ўсё дайсці да гэтага месца, накіраваўшыся ад Кафедральнай плошчы (Arkokatedros aikste) прама па праспекце Гедыміна (каля 10 хвілін хады). На адным з унутраных перыметраў плошчы (той, што далей ад праспекта Гедыміна) усталявана драўляная разная скульптура «Засмучаны Хрыстос» і памятныя шыльды.

Але Лукішкі – на самастойную працу. Мы ж ідзем далей. З вул. Св. Ігната/Sv. Ignoto нядоўга ісці да першай рэдакцыі «Нашай нівы» (вул. Каліноўскага/Kalinausko, 2, на скрыжаванні з вул. Завальнай/Pylimo). На доме ўбачым шыльду, прысвечаную Вацлаву Ластоўскаму, дзеячу адраджэнскага руху, аднаму са стваральнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. Непадалёк знаходзіцца яшчэ некалькі дамоў, дзе рэдакцыя ў той ці іншы час здымала памяшканне. Самыя актыўныя гады Янкі Купалы, аднаго з рэдактараў гэтай першай беларускай газеты, прабеглі тут, на гэтых вулачках, па гэтых адрасах і ў бліжэйшых кавярнях (улюбёная кавярня паэта «Красный Штраль» знаходзілася па адрасе Гедыміна/Gedimino,12). Віленская/Vilniaus, 14 – гэта адрас дома, дзе ён, як сведчыць шыльда, жыў і працаваў у гэты час.  Тут жа, непадалёк, па Віленскай, 37 – дом, дзе жыў, згодна шыльдзе, Браніслаў Тарашкевіч, адзін з грамадска-палітычных лідэраў у Заходняй Беларусі ў 1920-1930-х гг. ва ўмовах польскай акупацыі, а ў вольны час – лінгвіст, стваральнік знакамітай тарашкевіцы – сістэмы правапісу, якая дагэтуль яшчэ  «змагаецца» з «наркамаўкай», правапісам, створаным у Савецкай Беларусі і таму значна зрусіфікаваным. Ад гэтых дамкоў, памятныя шыльды на якіх усталяваныя ў розныя часы беларускімі арганізацыямі Вільні, накіруемся да Віленскага ўніверсітэта (Універсітэцкая/Universiteto, 5), з якога пачыналася студэнцкая навука на Беларусі і Літве.

Заснаваны калісьці як езуіцкі калегіюм (1570 г.), за наступныя стагоддзі ён стаў галоўнай навучальнай установай краіны, дзе вучылася ўся таленавітая моладзь Беларусі і Літвы, дзе і былі заснаваны тыя студэнцкія аб'яднанні Міцкевіча і Дамейкі. За пяць літаў можна ўвайсці ў сам комплекс, паблукаць па ўніверсітэцкіх дворыках, наведаць абсерваторыю, універсітэцкі касцёл Св. Яна, пасядзець у старых вучэбных аўдыторыях, названых сёння ў гонар знакамітасцей, што пачыналі тут свой шлях... ды, зрэшты, можна проста ўзгадаць сваё студэнцкае жыццё, бо наўкол вас, калі гэта не выходны дзень, будуць весела шумець студэнцкія кампаніі: універсітэт дзейнічае і па сёння.

Ну, а цяпер... Хіба што кава? Вярнуўшыся на цэнтральную вуліцу Старога горада (вуліца Вялікая/Didzioji ў гэтым раёне плаўна пераходзіць у Замкавую/Pilies), можам зайсці ў адну са студэнцкіх кавярняў, якія болей падобныя на ўтульныя клубы для размоў і адпачынку, чым на глянцавыя  рэстараны. Аднак гэта – на ваш прыватны выбар. Тым больш, што ёсць з чаго выбіраць. І справа нават не ў колькасці тых прыемных мясцінак,  а ў здзіўляючай іх разнастайнасці. Тут і ўтульныя закуткі з пледамі і кнігамі, з амаль хатняй атмасферай, і шумныя піўнушкі ў этнастылі, і фэшэнебельныя рэстараны, і стылёва вытанчаныя пакойчыкі для інтэлігенцкай багемы... Мінчукам трэба яшчэ вучыцца гэтаму ўменню адпачываць, рабіць прыемнасць сабе і іншым, зрэшты, уменню жыць, траціць грошы на сябе і блізкіх. Як сказаў мне адзін ліоўскі бізнесовец, у Мінску лепш зарабляць грошы, а жыць – толькі ў Вільні. І гэта насамрэч так. Беларуская эканоміка, як бы мы яе ні ганілі, усё адно мацнейшая за эканоміку Прыбалтыйскіх рэспублік. І гэта прымушае літоўскіх бізнесоўцаў наладжваць сваю справу ў нас, на Беларусі. Але вось уменне прыгожа правесці час, з густам патраціць заробленыя грошы, зрабіць каву вытанчана смачнай – гэтаму нам варта падвучыцца ў нашых суседзяў... Але мы заседзеліся за гэтым столікам. Запрашаю на працяг нашага шпацыру.

Vilnius-5

Ад кавярняў напрыканцы Замкавай/Pilies ужо блізка да Кафедральнай плошчы/Arkikatedros aikste. На ёй знаходзіцца кафедральны віленскі касцёл, заснаваны яшчэ ў XIII ст. літоўскімі князямі. Некалькі разоў перабудаваны, пабыўшы ў абліччы готыкі і інш., урэшце ў XVIII ст. ён стаў такім вось беласнежна-класіцыстычным, якім мы бачым яго сёння. У падзямеллях яго знаходзіцца магіла князя Вітаўта (хоць дакладнае месца пакуль не знойдзена), а таксама іншыя пахаванні ўладароў Вялікага княства. Што ж, мяркую, мы мусім пабываць у падземнай крыпце, дзе ляжаць людзі, што кіравалі нашай краінай некалькі стагоддзяў запар. Тым больш што адна з магіл належыць Барбары Радзівіл, той самай легендарнай маладзіцы, што прымусіла Жыгімонта ў XVI ст. плюнуць на ўсе ўмоўнасці каралеўскіх звычаяў і ажаніцца... па каханні. Літоўскія экскурсаводы ўпарта называюць яе Барборай Радвілайтэ (нават у рускамоўных і англамоўных версіях экскурсій), што, безумоўна, здзівіла б саму пані ў яе час. Таксама не здзіўляйцеся, што літоўскі экскурсавод будзе распавядаць вам пра Вялікае княства, узгадваць многія народы, якія мелі да яго дачыненне, – рускія, немцы, татары, добрасумленна ўзгадае чэхаў, смаленчукоў і татар, калі будзе распавядаць пра Грунвальдскую бітву, і... ані слова не скажа пра Беларусь і беларусаў. Будзьце гатовыя да гэтага. Літоўцы дагэтуль ствараюць нацыянальную дзяржаўную ідэалогію, і ім зусім нявыгадна дзяліць «літвінскую» спадчыну яшчэ з адным прамым «наследнікам». Цікава, што акадэмічныя літоўскія гісторыкі зусім не адмаўляюць «беларускасці» ВКЛ, але гэта нікога не цікавіць пры стварэнні літоўскіх школьных падручнікаў, у час дзяржаўных гістарычных святаў і ў час вось такіх турыстычных экскурсій. Што ж, калі ў вас хопіць смеласці і ўпэўненасці, варта добразычлівым тонам выказаць сваю прэтэнзію тамтэйшаму экскурсаводу на гісторыю ВКЛ і Вільні, але толькі не марнуйце час на пустыя спрэчкі – у нас яшчэ засталося шмат цікавага.

Vilnius-1

Тут я дам табе, мой чытач, накірунак для самастойнай праграмы: каля кафедральнага касцёла, у былых будынках замкавых арсеналаў знаходзіцца некалькі нацыянальных музеяў Літвы (мастацтва, археалогіі і інш.). Спераду ад кафедральнага касцёла стаіць вядомая па сувенірных паштоўках старая вежа-званіца (калісьці па ёй праходзіла замкавая сцяна). Сёння гэтая вежа – папулярнае месца сустрэч. За касцёлам убачыце велізарны комплекс княскіх замкаў. Гэта рэканструкцыя, разбураныя будынкі ўзведзены з нуля, але літоўцам было важна аднавіць сімвалы сваёй дзяржаўнай незалежнасці. Адразу за гэтымі навюткімі замкамі – тая самая гара, дзе калісьці прыснуў Гедымін са сваімі воўчымі фантазіямі (скульптурная варыяцыя на гэтую тэму – справа ад кафедральнага касцёла). На гары засталася замкавая вежа Гедыміна з узнятым сёння дзяржаўным сцягам Рэспублікі Літва (вежа працуе як музей). Але мы не будзем доўга спыняцца на надта афіцыйных аб'ектах, аб якіх вы даведаецеся з любога турыстычнага даведніка па Вільні. Лепш пройдзем паўз каменнага Гедыміна з канём, крыху далей за ніжнія замкі, у парк, і падыйдзем да чароўнай ракі Віленкі (Vilnia), чый хуткі бег і цурчанне ў прыцемку дрэваў здыме стрэс лепш за які-небудзь антыдэпрэсант. Заўважце, што беражкі гэтай гарадской ракі ніхто не дадумаўся закоўваць ў бетонны панцыр, нягледзячы на тое, што гэта самы цэнтр Вільні. І ад гэтага яна чаруе яшчэ больш.

Перайшоўшы праз рачны масток і прайшоўшы ціхім крокам уздоўж берага (ідзем у накірунку ад Кафедральнай плошчы), мы немінуча прыблукаем у Зарэчча/Uzupis – раён, які быў «беларускім сектарам» у старой Вільні. Акрамя старой забудовы тут варта звярнуць увагу на касцёл Св. Барталамея (Зарачанская/Uzupio, 17a), дзе ладзіцца імша па-беларуску. Акрамя таго, бліжэй да берага Віленкі знаходзіцца т.зв. Зарачанская рэспубліка – вольнае паселішча мастакоў. Гэтая рэспубліка мае сваю канстытуцыю (першы з яе пунктаў – «Чалавек мае права жыць побач з Віленкай»), мае сваіх грамадзян – вольных мастакоў і нерухомую маёмасць. Справа ў тым, што старыя дамы ў 1990-я гг. ўжо падлягалі зносу, але некаторыя мастакі, убачыўшы прыгажосць у гэтых пачарнелых ад часу сценах, адважыліся пасяліцца тут і затым афіцыйна замацаваліся з дапамогай багатых мецэнатаў, якія выкупілі гэтыя землі.

Нагледзеўшыся на авангардысцкія і постмадэрнісцкія творы насельнікаў Ужупіса (некаторыя з твораў глядзяць на нас прама з ракі), варта вярнуцца да класікі. На выхадзе з Зарэчча ў раёне  скрыжавання вул. Malunu-Maironio збочце направа. Тут адразу ж сустрэнем задуменнага Адама Міцкевіча, якога тры, а то і нават чатыры народы (кажуць, украінцы таксама пачалі прэтэндаваць) не могуць ужо цэлае стагоддзе падзяліць паміж сабой. А ён, напэўна б, і не ведаў, што адказаць на такія закіды сучасных нацый. Нарадзіўся на Наваградчыне, у старажытнай «Літве», вучыўся ў Вільні, са сваімі землякамі з тых жа наваградскіх зямель агранізаваў студэнцкія творчыя аб'яднанні, пісаў па-польску, але «па-крэсоваму» (зн. па-правінцыйнаму), апрацоўваў беларускія легенды, літоўскія паданні, усімі сіламі абараняў незалежнасць Польшчы, дажываў і працаваў у Парыжы, памёр у Стамбуле, пахаваны ў Кракаве... Няпросты лёс, і, можа, таму і задуменны помнік. Што ж, няхай тады кожны, хто спрабуе даказаць прыналежнасць Міцкевіча да той ці іншай культуры, прачытае ў нагрузку хоць адзін з яго эпічных твораў – агромністых паэм... А мы пройдзем яшчэ далей, да сабора Св. Ганны, якую хтосьці трапна назваў «агнём, які застыў у камені». Сапраўды, палымяная готыка Св. Ганны магла здзівіць кожнага, нават Напалеона Банапарта, які, па дзяжурнай легендзе мясцовых экскурсаводаў, марыў перанесці гэты цуда-храм ў Парыж. Не палянуйцеся, зайдзіце ўнутр гэтых старажытных скляпенняў, якія надзейна схаваюць вас ад гарадской мітусні хаця б на некалькі хвілін.

Справа ад касцёла Св. Ганны размешчаны яшчэ адзін цікавы касцёл – бернардынаў, з абарончымі вежамі XVI ст. Але нам ужо трэба спяшацца, мінае наш перапынак паміж «Акропалісам» і аквапаркам. А паглядзець яшчэ ёсць што. Пяройдзем праз вуліцу Maironio і пройдзем па ёй у левы бок. У доме па адрасе Maironio, 13 (раней вул. Св. Ганны) у міжваенны перыяд, як сведчыць памятная шыльда, жыў Рыгор Шырма, наш выдатны хормайстар, стваральнік харавой капэлы, якая яшчэ ў 1930-я гг. зачароўвала ўсю Вільню і Заходнюю Беларусь сваімі акадэмічнымі апрацоўкамі беларускіх народных песень, а пасля вайны, апынуўшыся ў БССР і набыўшы статус дзяржаўнай, стала вельмі папулярнай на абшарах усяго Савецкага Саюза. Праз вуліцу насупраць –  вялікі белы храм. Гэта праваслаўная Успенская царква, заснаваная князем Альгердам у 1346 г., якая паспела пабываць галоўным праваслаўным, а затым уніяцкім храмам ВКЛ (т.зв. кафедрай мітрапаліта).

Але мы спяшаемся далей, прабягаючы каля Беларускага дома правоў чалавека (вул. Латочнай/Latako, 3), заснаванага праваабаронцам з незайздросным лёсам Алесем Бяляцкім. Гэты дом гасцінна і доўгі час прымаў групы моладзі з Беларусі з мэтай іх прававога навучання. Мы ж падымемся па гэтай пакручастай вулачцы вышэй і збочым адразу налева, да вуліцы Бакшта/Bokњto. Яна бяжыць уздоўж колішняй гарадской сцяны, дзесьці ацалелай, дзесьці – адрэканструяванай, дзесьці - паўразбуранай... Азірніцеся яшчэ назад - каб убачыць шалёную амплітуду Вільні, яе чароўныя пагоркі. На адным з іх відаць вялікія белыя крыжы (т.зв. гара Трох крыжоў), дзе, па легендзе, пахавалі манахаў-францісканцаў, забітых літоўцамі-язычнікамі. А мы імчым па вузенькай вул. Бакшта, паўз старыя гарадскія камяніцы, да якіх яшчэ, відаць, няхутка дабярэцца рука рэстаўратара...

Робячы характэрны для Вільні пакручасты паварот, вулачка Бакшта выводзіць нас да старой гарадской брамы, непрыкметнай на першы погляд, але адзначанай дзяржаўным гербам старадаўніх літвінаў. Праз гэтую брамку калісьці ўваходзілі ў сталіцу ўсе мінчукі, і выходзілі, зняўшы шапку перад абразом. І мы таксама, нырнуўшы ў браму, да яе і вярнуліся. Спадзяюся, цяпер Вільня будзе больш блізкай табе, мой чытач. Стоячы ў консульстве па візу, едучы на хуткасным цягнічку або чакаючы афармлення сваёй каляднай турыстычнай пуцёўкі ў офісе якойсьці мінскай турфірмы, не палянуйся, прабяжы вачыма гэты тэкст яшчэ разок. І можа тады ты вернешся дамоў з паездкі не проста ў добрым настроі і з пакупкамі «из Вильнюса», але – з кавалачкам неабсяжнага і чароўнага свету, з кавалачкам знойдзенай радзімы. І няважна, што яна сёння аддзелена дзяржаўнай мяжой.

...У Медніках, у Каменным Лозе, на дарозе
Мытны ператрус. А я павінен
Перавезці ў сваім сэрцы Вільню,
Калі знойдуць - мне сядзець ў астрозе,
Назавуць мяне кантрабандыстам...
Няхай завуць - я перад Вільняй чысты!

 

Страны: Литва


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах