Галодны год мазгоў прыбавіць, або Чаму я рады дрэннаму сезону-2014

23.12.2013

 - Блоги

Автор: Раман Абрамчук


Галодны год мазгоў прыбавіць, або Чаму я рады дрэннаму сезону-2014

Ну што, дарагія калегі, віншую: табуны расійскіх турыстаў, што павінны былі прыехаць у Сінявокую,  – ірванулі кудысьці ў іншым накірунку. Колькасць замоў на турыстычныя паслугі ў параўнанні з папярэднім годам – зменшылася ці значна зменшылася (інфармацыю ў рознай ступені пацвердзілі гіды-прыватнікі, менеджары некалькіх турфірм).

Разбіраць прычыны – нават крыху лянотна. Словы пра тое, што завышаць кошты на турыстычныя паслугі – гэта не толькі несумленна, але і пройгрышна ў стратэгічным плане, гучалі ўжо даўно, а ў апошні час з’явіліся і аўтарытэтныя сведчанні аб тым, што сітуацыя сапраўды рэзка пагаршаецца (http://ratanews.ru/news/news_19122013_2.stm, http://ratanews.ru/news/news_18062013_5.stm, http://news.tut.by/society/303614.html).

І вось, здаецца,  наступае пераломны сезон (прынамсі, я хацеў бы, каб ён такім быў): рускія турысты ў рэшце рэшт не толькі задэкларавалі сваё «фу» беларускаму турпрадукту з яго шалёнай дыспрапорцыяй якасці і кошту, але, па ўсім відаць, вырашылі здзейсніць свой намер – адправіцца ў сапраўды еўрапейскія краіны з такімі ж коштамі і непараўнальна лепшым сэрвісам. Хтосьці тлумачыць сітуацыю «нягнуткасцю» мясцовага турыстычнага сэрвісу (маўляў, вось, у санаторыях навязваюць кліентам у якасці абавязковай паслугі навагодні банкет, ад якога нельга адмовіцца), хтосьці – адсутнасцю індывідуальнага падыходу да кліентаў, хтосьці – нестабільнай фінансавай сітуацыяй у краіне, якая вымагае зазіраць наперад і адразу выстаўляць павышаныя кошты. А можа, паглядзець у корань, паводле Казьмы Пруткова, і пабачыць там, на самым дне сваёй цемры, банальную сквапнасць, што цягне за сабой ілжывасць, адвечнае жаданне жыць на «халяву» тут і цяпер, жыць шыкоўна на незаслужаныя грошы?!

 Краіна ўжо ледзь не цэлую эпоху, як запраўскі наркаман, сядзіць на нафтавай ігле, на якую так ласкава яе падсадзіў «старэйшы брат», узяўшы за гэта ні многа ні мала – ключы ад хаты. Краіны-суседкі – Украіна, Арменія – хаця б яшчэ дрыгаюцца, каб саскачыць, завязаць са смертаноснай звычкай, ды ўсё адно: свой выбар яны акрэсліваюць не як «або калоцца і здохнуць, або кінуць назаўжды», а як «перайсці ад аднаго наркадылера да іншага, туды, дзе больш выгадна». Грамадства інфантылаў, якое глыбока ў душы прагне жыць у кайф, не зарабіўшы на гэта крывёй і потам, у чарговы раз натыкаецца на сабой жа кінутыя граблі. Зрэшты, гэтаму грамадству ў надыходзячы год хачу параіць аднаго – голаду. Няхай адсутнасць кліентаў на Каляды, сплюсаваная з і без таго галодным міжсезоннем лютага–сакавіка, стане для ўсіх постам, пасля якога ў галаве з’явіцца цвярозая яснасць, імкненне змяніцца, жаданне паводзіць сябе па-новаму – больш празрыста і сумленна, як у адносінах з кліентам, так і сваімі калегамі, бо калі хітрыць пачынае хтосьці адзін – псуецца рэпутацыя ўсяго нашага турыстычнага «цэху». І яшчэ адзін плюс: беларускі турызм, як экскурсійны сектар, так і санаторыі, – нарэшце пачне працаваць для саміх беларусаў з іх невысокім заробкам, чым я вельмі цешуся. Ці навучыліся мы правільна расстаўляць свае прыярытэты, ці збілі пыху з сябе – малпаў Еўропы, што напяльваюць на сябе карону, – праверкай на гэтую паршывасць стане травень з яго Чэмпіянатам свету. Сапраўды цікава, што пераможа: жаданне зарабіць на катэдж на адзін месяц (ну, у каго яшчэ якія амбіцыі?) або жаданне быць адэкватнымі, працаваць, наколькі ўмеем, якасна, выстаўляючы за працу адэкватныя кошты – каб «падсадзіць» замежнага турыста (даруйце за паўтор алегорыі, быць можа, тут і недарэчнай) на Беларусь. Беларусь, як шалёна прыемны наркотык, што назаўжды прывязвае сваёй душэўнасцю,  клопатам пра госця, празрыстасцю памкненняў абслугоўваючага персанала, сумленнымі разлікамі, чысцінёй і праспектаў, і сэрцаў. Ці не так будуецца сяброўства і надзейныя партнёрскія сувязі? Здаецца – нічога складанага. З новым годам каня вас, шаноўныя калегі, працавітага і цяглавога! І яшчэ раз – голаду, разгрузкі і перазагрузкі! І толькі затым – шчасця.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах