На смерць Валеры

28.05.2014

 - Блоги

Автор: Раман АБРАМЧУК


На смерць Валеры

У гэтым траўні час разагнаўся, як вагон начнога метро, бітком набіты моладдзю і проста людзьмі ў добрым гуморы. Паўсюль – жвавая гамана на розных мовах, твары і скура розных колераў.  Жыццё пранікла ў нетры твае, сінявокая мумія, жыццё кранулася тваіх пажоўклых бінтоў. І гэты вагон, вясёлы і бесшабашны, – ён бы ехаў далей, каб не канцавы прыпынак, не канец бязвізавага перыяду.

Хакеісты і шлюхі, заўзятары і спецназаўцы, нават дачнікі і пенсіянеры ў тралейбусах – і тыя глытнулі  тваіх пароў, непадкантрольнае, непрадказальнае, заўжды з дамешкам хаосу, жыццё. І нават пошлыя кавер-бэнды ў фан-зонах  – сімвал мастацкай няздатнасці,  нават гора-фальклорныя ансамблі з песнямі-мозгадрабілкамі пра «Шайбу, шайбу!», нават дзяржаўныя смехапанарамы па БТ пра продаж айчыннага піва, дзе прыдворныя ў Галоўным кабінеце не маглі адарваць вачэй ад падлогі (хаця гэта ўжо хранічна), – нішто не магло цябе спыніць, паставіць табе рамкі, о жыццё! Танэль на імгненне азарыўся феерверкам. І няхай фан-зоны былі падобныя на міжнародныя дажынкі, і няхай найбольш яркія падзеі і фестывалі мінскага лета, дырэктыўна або дабравольна, былі ўпіхнутыя ў рамкі аднаго месяца (асабліва цікава, напэўна, успрымаўся джаз сусветнага ўзроўню за пластыкавымі столікамі са смажнямі і півам каля Палаца спорта), і няхай вулічных артыстаў, якія ў еўрапейскіх гарадах хаатычна запаўняюць усе плошчы і завулкі, у нас сагналі на пятачок перад ратушай, даўшы адмашку: «Радавацца!» і назваўшы гэта «Фестывалем вулічных тэатраў», усё роўна ты сваё хапануў, Мінск, ты развязаўся. Ты сапраўды быў крыху падобны на звычайны еўрапейскі горад падчас звычайных летніх выходных.

Я хакей не глядзеў. Я ахакейны, аспартовы ўвогуле тып.  Мне хапіла фрагмента матча Беларусь–Латвія, дзе латышам не залічылі вельмі важную, бадай, рашаючую шайбу напрыканцы матча. Я быў здзіўлены, што на наступны дзень не было ніводнага газетнага загалоўка накшталт «Беларусь–Латвія 3:1 = 87,2 % прагаласаваўшых за стабільнасць на апошніх выбарах». Хацелася кінуць: «Радзіма, выігрывай сумленна!», ды так яно і засталося маім, суб’ектыўным.

Не глядзеў я і фінальны матч. Але як цікава было назіраць за зубром – роставай лялькай, што на заднем фоне пастаянна папраўляў сабе элементы лялечнага касцюма! Беларусь, якая ж ты няўпэўненая ў сабе перад вачыма замежнікаў – як той бедны аніматар у касцюме зубра падчас афіцыйнай цырымоніі ўзнагароды! А адкуль узяцца гэтай упэўненасці, калі за вочы ты называеш іх фашыстамі і гомікамі, а ў вочы – лезеш з перагарам цалавацца або, калі цвярозая, нацягваеш гумовую ўсмешку, штохвіліну думаючы, як бы замежных гасцей «раскруціць на бабло», ды па максімуме. Не, я рады тваёй прадпрымальнасці, Мінск, тваім хлопчыкам і дзяўчынкам, што выдумалі такія розныя сэрвісы – ад прадавання сувеніраў аўтамабілістам прама на светлафорах да размалёўвання скуры на твары па дарозе ў фан-зону. Нашмат меней я рады мужычкам, якія прыстаюць да замежнікаў на алеях нясвіжскага парка і цыганяць грошы на чарніла. Але пільнуй сябе, мая стабільная і квітнеючая, каб не перайсці мяжы, бо аб папрашаек – выціраюць ногі.

І нават тое, што спецназ зачысціў зону гасціннасці (само словазлучэнне ўжо чаго вартае!), і тыя дваццаць з лішкам няшчасных палітактывістаў, каго «папрасілі» не псаваць выгляд сталіцы сваёй прысутнасцю і «перабыць» у месцах не вельмі аддаленых, і штрафы замежнікам пры выездзе з РБ за адсутнасць рэгістрацыі (візы  адмянілі, а пра адмену часовай рэгістрацыі  не падумалі?)  – усё гэта не змые таго плёну, які атрымалі пушча-балотныя папуасы маёй радзімы ад сустрэчы з Вялікім светам. Бо мне заўжды здавалася, што многія канфлікты і непаразуменні, падазронасць і непрыязнь – ад кепскага каннэкта, немагчымасці зірнуць адно адному ў твар, немагчымасці дакрануцца да чужой адрознасці, немагчымасці на свае вочы пераканацца, што на галаве ў ІХ – няма рагоў, а ззаду – не боўтаецца хвост.

Зрэшты, падчас маіх кантактаў з замежнікамі ў гэтым месяцы мне прыйшлося выслухаць не адзін камплімент у адрас маёй зубраляндыі: і прырода ў нас шыкоўная (пачуў гэта ад фінаў!), і галоўнае – яна даступная для ўсіх, у адрозненне ад Еўропы з яе прыватнай уласнасцю, і гарадская забудова ў нас гарманічная і ладная – у адрозненне ад Еўропы з яе прыватнай уласнасцю, і шмат неба і прасторы ў гарадах – у адрозненне ад Еўропы з яе, каб яе Пярун узяў,  прыватнай уласнасцю, і шрыфты надпісаў у грамадскай прасторы ў нас – якасныя і прадуманыя, і падземныя пераходы – дагледжаныя… Наракалі на няякасную сотавую сувязь, адсутнасць вольнага інтэрнэту – па чым адразу распазнаецца рэжымная краіна, здзіўляліся, што ў нас усё так дорага, і агулам падсумоўвалі: многае зроблена напаказ. Але гэтую тэму я пакіну самім замежнікам, чые блогі зараз запоўняцца нататкамі пра Мінск і Беларусь – больш шчырымі і ўзважанымі на дыстанцыі, і тады ўсе мы дружна дазнаемся, што ж яны пра нас насамрэч думаюць. А пакуль я змаўкаю, няхай гаворяць-выгаворваюцца апошнія травеньскія навальніцы: няхай дапамагаюць брыгадам дворнікаў прыбірацца, няхай нагадваюць пра імгненнасць жыцця і аднаразовасць жыццёвых шанцаў, няхай напаўняюць горад азонам, бо кісларод – быў строга да 31-га.

Страны: Беларусь


Комментарии

Аватар

28.05.2014 19:43
OlegPavlov
ответить

Это точно, вот  и советские люди плакали, когда Олимпийского мишку уносило.

А вот к комплиментам я бы относился без особого почтения, практичнее было бы ознакомиться с результатами соц. опросов иностранных болельщиков. Неужели таковые не проводились?

 

Аватар

31.05.2014 12:08
romal
ответить

Напэўна, праводзіліся. ужо не раз чуў з дзяржаўных смі, што мінскі чс - самы наведваемы за гісторыю чс па хакеі. але не болей за тое. а наконт кампліментаў - я ўпэўнены, бо прамаўляліся з даставерных, адэкватных крыніцаў і вуснаў.

Аватар

31.05.2014 13:20
OlegPavlov
ответить

Вежливый гость в любом случае хвалит радушных хозяев. Так принято. 

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах