04.03.2011

 - Блоги

Автор: Александр Белый


Сёння – Казюкі!

Дзень Святога Казіміра, ці па-народнаму проста “Казюкі” – нельга назваць агульнабеларускім святам, тым не менш для немалой часткі грамадзянаў нашай краіны гэта надзвычай важны дзень календара. Святы Казімір – галоўны нябесны заступнік земляў Вялікага княства Літоўскага для католікаў, першы, самы знакавы і вядомы з мясцовых каталіцкіх святых. Яго і дагэтуль глыбока шануюць не толькі ў Літве, але і ў каталіцкіх рэгіёнах Беларусі, і ў тых частках Польшчы, дзе жывуць кампактныя групы выхадцаў з Беларусі і Літвы.

 

Дзень Святога Казіміра, ці па-народнаму проста “Казюкі” – нельга назваць агульнабеларускім святам, тым не менш для немалой часткі грамадзянаў нашай краіны гэта надзвычай важны дзень календара. Святы Казімір – галоўны нябесны заступнік земляў Вялікага княства Літоўскага для католікаў, першы, самы знакавы і вядомы з мясцовых каталіцкіх святых. Яго і дагэтуль глыбока шануюць не толькі ў Літве, але і ў каталіцкіх рэгіёнах Беларусі, і ў тых частках Польшчы, дзе жывуць кампактныя групы выхадцаў з Беларусі і Літвы.

Святы Казімір каралевіч, сын польскага караля і вялікага князя літоўскага  і Казіміра 4 нарадзіўся ў 1458 г., а памёр у 1484 г. у Горадні, маючы ўсяго 26 гадоў. Апошнія некалькі гадоў фактычна кіраваў Вялікім княствам Літоўскім ад імя бацькі. Быў вельмі пабожным, сціплым, але хваравітым. Асабліва шанаваў шлюбную чысціню. Больш за 100 гадоў католікі Літвы хадайнічалі перад Ватыканам за прызнанне каралевіча святым, і нарэшце ў 1602 г. дамагліся свайго. Хаця і каралеўскага роду, але пазбаўлены пыхі, міласэрны і просты, Казімір вельмі хутка зрабіўся сапраўдным народным героем, заступнікам і дарадчыкам, блізкім і сваім, нібы той сусед па вуліцы, ды і зваць яго пачалі проста і ласкава – Казюк, Казюкас. А фэсты ў ягоную памяць, з абавязковымі шумнымі кірмашамі, народнымі гульнямі і забавамі, зрабіліся самым галоўным краёвым каталіцкім святам, па якім можна было пазнаць даўнюю Літву, на якой мове бы ні славілі нябеснага патрона верныя – па-літоўску, па-польску ці па-беларуску.  У гады савецкага атэізма свята было забаронена, але з 1990-х гг. адзначаецца ізноў, штогод з усё большым размахам. Канешне, самыя людныя, шумныя, самыя сапраўдныя Казюкі адзначаюцца ў Вільні, ў сталіцы Літвы. Але і ў іншых гарадах і малых мястэчках, і ў тым ліку ўжо і па наш бок мяжы, традыцыя пачынае адраджацца. Цалкам натуральна, што пачалося гэтае адраджэнне з Горадні, дзе наш святы патрон падоўгу жыў, і дзе ўласна адыйшоў у вечнасць у той самы дзень, які пазней зрабіўся “Казюкамі”, 4 сакавіка 1484 г. Але ўжо пачалі ўспамінаць святога і ў Лідзе, і ў Астраўцы, і ў Менску…

Ужо досыць даўно акрэсліўся асартымент тых тавараў, якія абавязкова мусілі прысутнічаць на “казюковых” кірмашах, як у Вільні, так і ў правінцыі. Гэта найперш традыцыйныя вербы, або “пальмы” – маляўнічыя мастацкія кампазіцыі, у якіх выкарыстоўваюцца народныя ўзоры яшчэ дахрысціянскіх часоў, але якія яскрава сведчаць пра пабожнасць і працавітасць народу Божага нашых краёў. Казюкі – своеасаблівая рэпетыцыя Вербнай, або Пальмовай нядзелі. Таксама абавязковыя на Казюках і вырабы з лазы, з дрэва, з саломкі, кераміка, асабліва розныя цацкі… Усё, што доўгімі зімовымі вечарамі, узяўшы перапынак ад вечнай сялянскай працы, рабілі мясцовыя саматужнікі. Больш маляўнічага кірмашу народных рамёстваў чым Казюкі, у Літве няма! А калі Бог дасць, дык праз нейкі час падцягнуцца да Вільні і гарадзенскія Казюкі, тут добразычлівая канкурэнцыя не зашкодзіць! Бо здолела ж польская Познань, у якой такіх традыцый ніколі не было, амаль дагнаць Вільню па размаху святаў, калі два былыя віленчукі, каб не памерці ад настальгіі па каханай Літве, у 1994 г. заснаваць Казюкі на цалкам новым месцы, а цяпер там сёлета збіраюцца святкаваць ужо дзясяткі тысяч людзей, прыязджаюць “зоркі” эстрады, пісьменніікі, мастакі, цыркачы, авантурысты, разявакі з Польшчы, Літвы, Беларусі і ўсяго свету! Можа быць, праз паўстагоддзя Казюкі пакрочаць далей і па ўсім свеце, бо дзе ж сёння не жывуць выхадцы з Літвы, Беларусі і Польшчы, як пайшоў у шырокі свет ірландскі дзень Святога Патрыка

Не пераказаць усіх гульняў і відовішчаў традыцыйных Казюкаў. Але я нібыта забыўся, што ў нас кулінарная рубрыка! Так, ёсць у Казюкоў і свая ўстойлівая кулінарная традыцыя. Гэта найперш славутыя сэрцы-пернікі, якія прынята дарыць у гэты дзень жонкам, а асабліва каханым дзяўчынам, у тым ліку і тым, якім да Казюкоў прызнацца ў сваім пачуцці не рашаліся. Бо не ведалі ў нас ніякіх валянцінак, як не ведалі і прыдуманай Кларай Цэткін “міжнароднага жаночага дня”, і таму Казюкі замянялі разам і 14 лютага, і 8 сакавіка.  Надпісы на сэрцы – дасціпныя і іранічныя прызнанні ў каханні, як і на тых “валянцінках”. А яшчэ на Казюкі абавязкова пякуць абаранкі з заварнога цеста, і прытым вельмі папулярна развешваць іх на дрэвах, заміж яшчэ адсутнага лісця. Абавязкова пакаштуйце і пончыкі: найболей іх пякуць на блізкі ўжо Тлусты Чацвер, але і Казюкі – выдатная нагода “патрэніравацца”. Гэта тыя традыцыі, якім ужо больш за сотню гадоў, але часам ўзнікаюць і новыя традыцыі: так, у Познані зрабіўся дадатковым арыбутам свята кісель з журавінаў, ды і галоўны ганаровы прыз пачэсным гасцям фэсту называецца “Журавіна”.

Застаецца толькі пашкадаваць, што беларускія Казюкі яшчэ такія сціплыя і нясмелыя, што ёсць яшчэ ў іх недобразычліўцы, што хмура касавурацца ў бок “польскай секты”, як, зрэшты, і ўсяго добрага, вясёлага і самастойнага. Але Казюкі – веснавое свята! Свята надзеі і кахання. Здолее наш добры Казюк растапіць лёд у зімовых сэрцах, вясна і Божая праўда абавязкова перамогуць! Маліся за нас, Святы Казімір каралевіч, за ўвесь Божы люд, за твой Нёман, які можаш ахапіць з неба адным позіркам, ад Святой гары аж да Куршскай касы, з усімі ягонымі прытокамі, і ад пачатку да скону часоў, аж пакуль не прыйдзе Збаўца ў славе судзіць гэты цэлы дзіўны свет. Са святам, люд Божы! Са святам, “Літва, мая айчына”!

Пернікавае сэрца

  • Шклянка мёду (можна штучнага)
  • 2 лыжкі маргарыну або масла
  • 250 г. мукі
  • Разрыхляльнік цеста
  • Спецыі (імбір, кардамон, гваздзікі – найвялікшы сакрэт пернікаў, у кожнага свій)
  • 4 лыжкі малака
  • 1/2 лімон
  • 1 яйка
  • соль
  • мука для падсыпкі
  • шакаладная або цукровая глазура

 

  • Растапіць мёд і тлушч, астудзіць. Дадаць муку, змяшаную з разрыхляльнікам цеста і спецыямі, выціснуты сок і цэдру лімона, убіць яйка, пасаліць. Старанна вымяшаць цеста, пакінуць на ноч у халодным месцы.

На пасыпаным мукой стале раскачаць цеста пластом ½ см таўшчынёй і выкраіць вялікае сэрца (магчыма, нават 2-3). Выпякаць каля 15-20 хвілін на 180 градусаў. Затым пакрыць глазурай (пажадана зрабіць надпіс), і паставіць на некалькі хвілін у яшчэ цёплую духоўку.

 

Пончыкі віленскія  

 

500 г мукі

50 г дражджэй

4 жаўткі

1 шклянка салодкіх вяршкоў

1 шклянка цукру

150 г масла

1/2 галінкі ванілі

10 г горкіх мігдалаў

25 г спірту

1 лыжка рому

Соль

1 л алею для смажання

 

Муку прасеяць, мігдалы абдаць кіпенем, абраць скурку, дробна пасекчы. У рондаль уліць паўшклянкі вяршкоў, дадаць здробненую ваніль і падаграваць на малым агні, давесці да кіпення, зняць з агню і павольна высыпаць, стала памешваючы, 150 г мукі. Старанна перамяшаць, не пакідаючы камякоў, астудзіць. Дрожджы расцерці з лыжкай цукру, дадаць рэшту вяршкоў, запараную муку, дадаць яшчэ 150 г мукі, старанна перамяшаць у аднароднае цеста. Прыкрыць ручніком і пакінуць на 1,5 гадзіны. У рондлю закіпяціць ваду, паставiць на яго мiсу, убiць жаўткi, дадаць соль i цукар i збiць на пару ў аднародную масу, якую злучыць з вырослым цестам. Дадаць рэшту мукi, старанна перамяшаць, улiць топленае масла, дадаць пасечаыя мiгдалы, спiрт i ром. (Дасканала вырабленае цеста мусiць быць матавым, без бляску). З цеста скатаць вялiкi “калабок”, нашмараваць яго топленым маслам, каб не ўтваралася “скарынка”, прыкрыць ручнiком, пакiнуць расцi (15-20 хв.), пасля чаго падзялiць на “кулькi” (прыкладна 25-30), якiя раскласцi на пасыпаным мукой стале, прыкрыць ручнiком, пакiнуць паасобку расцi (15-20 хв.), пасля перагарнуць iншым бокам i iзноў крыху пакiнуць вырасцi Моцна разагрэць у рондлі тлушч (тэмпературу можна праверыць на невялікім кавалку цеста, укінутым у разагрэты тлушч – ён мусіць хутка падрумяніцца і выплыць на паверхню). Укінуць пончыкі ў гарачы тлушч швом уніз, смажыць да румянасці (у залежнасцi ад памеру пончыка, каля 5-7 хв.) пад вечкам. Зняць вечка, перагарнуць швом дагары, смажыць яшчэ каля 1 хвіліны. Вымаць адмысловай лыжкай або дуршлагом, даць сцячы алею. Выкладаць на папяровай сурвэтцы. Гарачыя пасыпаць цукрам-пудрай.

 


Комментарии

Аватар

10.03.2011 03:29
Artimas
ответить

А літоўскія праваслаўныя св. Казіміра не ўшаноўвалі?
Аватар

10.03.2011 13:38
няверуючы
ответить

Праваслаўныя заўсёды верылі правільна, як вынікае зь іхнага найменьня, таму й не ўшаноўвалі Казіка, але выпіць і пад'есьці былі ня дурні, што бачым і сёньня па бацюшках.
Аватар

11.03.2011 02:34
Anonymous
ответить

наколькі мне вядома, літоўскія праваслаўныя св. Казіміра не ўшаноўвалі; але калі ў нашы часы адрадзіліся віленскія Казюкі, як пераважна турыстычнае мерапрыемства, дык іх наведвае процьма самага рознага люду, любых веравызнанняў, і зразумела, што ніякага "канфесійнага кантролю" бць не можа. Фармальна ж патранат над Казюкамі, безумоўна, мае курыя віленскага арцыбіскупа - або ў іншых гарадах адпаведныя касцёльныя ўлады. На практыцы ж спажыўцы успрымаюць КАзюкі як цывільнае свята, якімі яны таксама ёсць

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах