14.10.2011

 - Блоги

Автор: Александр Белый


Піўны каляндар Беларусі: неабходнасць вяртання

Напрыклад, да сакавіцкіх ці кастрычніцкіх піўных свят можна было б варыць адмысловыя сезонныя гатункі, праводзіць фэсты, галіновыя святы і выставы, планаваць разнастайныя рэкламныя акцыі. Гэта дазволіла б фармаваць больш цывілізаванае і прадказальнае канкурэнтнае асяроддзе. А таксама — павысіць культуру спажывання піва, ў тым ліку, змяншаючы ўзровень побытавай злачыннасці і робячы больш разнастайным і асэнсаваным вольны час.

У адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін, у Беларусі амаль зусім страчаны рытм штогадовага піўнога календара. Гістарычна ва ўсіх краінах Еўропы (прынамсі, на поўнач ад Альпаў, Пірэнэяў і Балканаў) піва было найбольш старажытным і масавым з алкагольных напояў, а яго вытворчасць і спажыванне былі выразна прывязаныя да гадавога сельскагаспадарчага цыклу. Пік спажывання прыпадаў на кастрычнік — пачатак лістападу, сезон Актобэрфестаў, Дажынак, Дзядоў і іншых такіх святаў. Час найвялікшага багацця пасля збору чарговага ўраджаю, калі запасы збожжа дазвалялі ў тым ліку назапасіць і солад на зіму. Увесну, у сакавіку, з апошніх запасаў соладу і хмелю, нярэдка і з талай вады, нібы сімвалізуючы абуджэнне прыроды, варылася вядомае па ўсёй Еўропе “марцовае” (сакавіцкае) піва. Улетку піва варылі адносна рэдка — цяжка было знайсці час у бясконцай чарадзе палявых прац, ды і псавалася яно вельмі лёгка, хоць асобныя вехі і летняга сельскагаспадарчага сезону заслугоўвалі сваіх піўных свят. З прыняццем хрысціянства на гэты цыкл наклаўся гадавы цыкл хрысціянскіх свят і пастоў, якія надалі штогадоваму «піўному рытму» хрысціянскі міфалагічны сэнс і эстэтычныя каноны. Так паступова выпрацаваўся штогадовы піўны каляндар. У цэлым агульны для ўсіх еўрапейскіх краін, але са значнымі мясцовымі нюансамі, якія ўлічвалі своеасаблівасць кожнай краіны ці рэгіёна — клімат, эканамічную спецыфіку, канфесійныя адрозненні паміж галінамі хрысціянства.

 
У праваслаўнай Русі (Русі ўвогуле, уключаючы Беларусь і Ўкраіну) найбольш часта святочнае піва варылася да наступных дат:


«        на Масленіцу,

«        на Вялікдзень,

«        да Міколы веснавога (9 траўня ст.с.),

«        на Ўшэсце (40-вы дзень пасля Вялікадня),

«        на Сёмуху (49-ты дзень),

«        на Пятроў дзень (29 чэрвеня ст.с.),

«        на Іллін дзень (20 ліпеня ст.с.),

«        да Сёмінага тыдню (1-8 верасня),

«        на Прачыстую (20 верасня),

«        да Казанскай Божай маці (22 кастрычніка),

«        на Змітроўскую суботу (паміж 31 кастрычніка і 8 лістапада — паміж 18-26 кастрычніка старога стылю),


«        на Міхайлаў дзень (21 лістапада — 8 лістапада старога стылю),

«        на Міколу (зімняга) (19 снежня — 6 снежня старога стылю),

«        (25 снежня),

«        на святога Васіля (пярэдадзень Новага года, “сытую куццю”)

 

Натуральна, у праваслаўных Беларусі былі распаўсюджаныя галоўным чынам тыя ж агульнарускія каляндарныя традыцыі, прытым з усіх гэтых «піўных нагодаў» у Беларусі больш за ўсё фальклорных слядоў пакінулі Сёмуха, Дзмітраўскія “Дзяды”, дні святога Міхала і святога Мікалая. Практычна пра кожны з гэтых дзён ёсць нейкая «піўная прымаўка». Напрыклад, пра святога Змітра 8 лістапада (26 кастрычніка) і пра суботу, якая папярэднічала гэтаму дню — Дзмітраўскія “Дзяды”, дні памінання продкаў:

 

«Святы Змітры — людзі хітры, чаны параць, піва вараць, сыноў жэняць, дачок даюць»; «У Змітроў дзень і верабей пад кустом піва варыць» — гэты перыяд паміж пастамі быў найболей спрыяльным для вяселляў як з рэлігійнага, так і з гаспадарчага пунктаў гледжання: асноўныя сельскагаспадарчыя працы скончаныя, з’явілася магчымасць шырока адзначыць свята, склікаць шматлікую радню, і ў тым ліку сварыць змітроўскае піва. На дзень святога Мікалая — 19(6).12 — «У Мiколiн дзень у ўсякай хаце пiва». Аналагічныя прыказкі вядомыя і ў Расіі: «В Николин день во всяком доме пиво», «Красна Никольщина пивом да пирогами» і г.д. Традыцыя, якая дажыла нават да нашых дзён, напрыклад, у гуртку традыцыйнага піваварства, што захаваўся ў пажылых жыхарак вёскі Асавец у Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці. Дарэчы, іншай традыцыйнай датай для святочнага піваварства ў Асаўцы здаўна лічыўся дзень святога Юр’я — але не пазней, далей ужо надыходзіў перыяд нефармальнай летняй забароны на піваварства. Як пісаў у 1890-х гг. вядомы беларускі этнограф Нікіфароўскі на матэрыяле Віцебскай губерні, “простае” ячменнае піва… гатавалася на адмысловых броварах, ці хатнімі сродкамі, да восеньскіх і зімовых святаў. У апошнім выпадку яно звалася “пакроўскім, змітроўскім, міхайлаўскім, мікольскім”. Тут піва часта варылася некалькімі сем’ямі разам у велізарных катлах, або супольна сабранае збожжа (солад) аддаваліся ў найбліжэйшыя бровары, адкуль братчыкі атрымлівалі піва прапарцыйна выдадзенаму матэрыялу. Піва магло быць толькі святочным, гасцінным напоем… варта сказаць, што, не ачмураючы галовы, яно служыла прыемным, прынадным, здаровым напоем..».

— Пiва ў нас натуральнае, — кажа Лiдзiя Андрэеўна Бабкова, галоўная жанчына ў справе пiваварэння Асаўца. — Ячмень трэба прарасцiць, высушыць i падсмажыць, каб у напою быў прыгожы колер, такi румяны, i прыемны смак — ядраны. Потым патаўчы ячмень у ступе i запарыць кiпенем. Далей пакласцi дрожджы, хмель — i няхай яно працуе. А тады цадзiць. Пiва ў Асаўцы здаўна гатавалi на «зiмняга» Мiколу — гэта ў снежнi. Тады, калi работы, звязаныя з уборкай ураджаю, завяршылiся i ў сялянак з’яўляецца вольны час. А гэтым часам у жанчын Асаўца яшчэ шмат клопатаў .

У каталікоў, асабліва ў гістарычнай Літве, якая ўключала таксама паўночны захад цяперашняй Беларусі (Гарадзенская вобл., поўнач Брэсцкай, захад Менскай і Віцебскай абласцей) найбольш вылучаліся дзве каляндарныя нагоды для піваварства. Яны сфармаваліся яшчэ ў паганскія часы, але пазней былі пераасэнсаваныя ў хрысціянскім духу. Першы — увесну ці раннім летам (на Сёмуху, ці ў тыдзень ад св. Яна да св. Пятра), другі — увосень, пасля збору ўраджаю (на Ўсіх Святых, або Дзяды — 1-2 лістапада). У гэтыя выпадкі піва варылі ў складчыну, усёй сельскай грамадой. Пра гэта пісалі польскія гісторыкі Ян Длугаш, Мацей Стрыйкоўскі і многія іншыя аўтары. У Літве яшчэ напачатку 20 у. піва на Сёмуху варылі ўсёй вёскай з апошняга збожжа леташняга ўраджаю. Традыцыя варыць піва кожны год на Вялікдзень, у самым пачатку 20 ст., у каталікоў Сакольскага павета зафіксаваная, напрыклад, у мемуарах вядомага дзеяча нацыянальнага руху Баляслава Грабінскага:

У нашай хаце кожны год на Вялікдзень дзед варыў піва й ужо перад вербніцай заліваў рошчаны ячмень і хмель у ставеньцы <гліняным гаршэчку> варанаю вадою, каб ферментавала некалькі дзён і было гатовае перад Вялікаднем выцадзіць у бочачку й анталак <барылку>. Піва выходзiла дванаццаць вёдзер — дзесяцівядзёрная бочка й двухвядзёрны анталак. Маладое піва шпундавалася (закаркоўвалася) ў дубовых бочачках і чатыры-пяць дзён даспявала. Піва было духмянае, бо дзед не шкадаваў хмелю. Хмель быў свой, рос у садку каля плоту й віўся па тычкох. Увосені, як даспеў, нашым, дзiцячым, абавязкам было сабраць кунюты (парасткі), злажыць у драўляны кадлубак і накрыць вечкам, каб ня выветраў. Півам частаваў дзед некаторых суседзяў, гасцей, якіх мы мелі заўсёды на Вялікдзень, і сваёю сям’ёю пілі са два тыдні па святах.


Але ўвогуле, у каталікоў улетку піва варылі радзей, чым у праваслаўных. Агульнаеўрапейскі каталіцкі звычай наогул не прадугледжваў, каб піва варылі ўвесну і ўлетку — па традыцыі ад св. Юрыя (23 красавіка) да св. Міхала (шмат стагоддзяў святкавалі 11 кастрычніка, пазней перанесены на 29 верасня). Прычынай былі як брак запасаў збожжа леташняга ўраджаю, так і значна большая рызыка псавання піва, а таксама небяспека пажараў. Найболей строга трымаліся гэтага правіла ў Нямеччыне, у прыватнасці, у Баварыі на гэты конт у 1539 г. быў прыняты адмысловы Brauordnung (закон, які рэгуляваў тэхналогію піваварства). Пра рызыкоўнасць піваварства на св. Яна (Купалу ў паганскай традыцыі) нагадвае польская прымаўка: Na ?wi?ty Jan kwas w piwo, robak w mi?so, a diabe? w bab? wst?puje (На св. Яна піва кісне, у мясе заводзяцца чарвякі, а ў бабу ўсяляецца чорт). Аднак, у Літве і Беларусі гэтае правіла выконвалася не надта строга. Сама прымаўка сведчыць, што піва на св. Яна ўсё ж час ад часу варылі. Яшчэ адзін каталіцкі святы, чый дзень памяці лічыўся ў гістарычнай Літве «піўным» (28/10) — св. Мацвей, апостал. Традыцыі гэтага дня апісаў літоўскі этнограф Л. Юцэвіч, які служыў, дарэчы, у Лепелі праваслаўным святаром. Зрэшты, гэта свята практычна супадала з Днём Усіх Святых (Дзядамі), якія, магчыма яго «паглыналі». Таксама ў шматлікіх каталіцкіх прыходах варылі піва на адпуст (усеагульнае набажэнства за адпушчэнне грахоў у дзень памяці святога ці свята Хрыстовага ці Марыйнага цыклаў, чыё імя носіць парафіяльны касцёл). На такія святы з’язджалася радня і з іншых парафій.

 
На жаль, за апошнія два стагоддзі ў Беларусі традыцыйны піўны каляндар грунтоўна забыты. Вядома, паўсядзённае жыццё ва ўсім свеце стала больш незалежным ад гадавога сельскагаспадарчага цыклу. А ў Беларусі ў дадатак былі вельмі моцна разбураная гістарычная памяць, карпаратыўная культура, а галоўнае — знік клас незалежных вытворцаў у сельскай гаспадарцы, галоўных носьбітаў каляндарных традыцый. Але піўной супольнасці краіны, якая павольна акрэсліваецца, штогадовы каляндар «піўных дат» вельмі патрэбны. Бо, напрыклад, да сакавіцкіх ці кастрычніцкіх піўных свят можна было б варыць адмысловыя сезонныя гатункі, праводзіць фэсты, галіновыя святы і выставы, планаваць разнастайныя рэкламныя акцыі. Гэта дазволіла б фармаваць больш цывілізаванае і прадказальнае канкурэнтнае асяроддзе. А таксама — павысіць культуру спажывання піва, ў тым ліку, змяншаючы ўзровень побытавай злачыннасці і робячы больш разнастайным і асэнсаваным вольны час.

budzma.org


Комментарии

Аватар

26.10.2011 05:13
васіль
ответить

у леташняй экспедыцыі ў асавец запісалі ад бабуляк вельмі даўнія песьні "наварыў верабей піва", "а мой мілы піва не варыць", а яшчэ ад іх жа зафіксавалі таксама два танцы - набой (чачотка) на заслонцы пад польку з прыпеўкамі і "заінька" (адмысловыя скокі праз скрыжаваныя чапёлы) ...але які там гурток.. людзі сваё дажываюць, хаця гэтыя бабы, якія вараць піва, дакладней варылі - тыя, да каго мусяць з паклонам, відэакамерамі, дыктафонамі і матэрыяльнымі дапамогамі ісці лідскія, мінскія, рэчыцкія і яшчэ там якія айчынныя півавары, бо гэта сваё, гэта ёсць што пераняць, зрабіць і паказаць.. і прадаваць унутры па даражэйшай цане, так як у шатландыі ці тыролі, з адпаведнай густоўнай рэкламай.. але ж усе пацаны і пацаны-бюракраты-півавары маюць праблему ў галаве і няволю ў дзеях - гэта ж сваё, калхознае, каму яно трэба, таму назаву я піва лепей па-нямецку, куплю гандлёвую марку літоўскую і лінію аўстрыйскую.. толькі не сваё. і гэтым дарэчы грашыць і аўтар, бо сваё гэта - сялянскае, а ён любіць фэнтэзі-панскае. а прычына няўдачы ва ўсім- комплекс уласнай нацыянальнай непаўнавартасці
Аватар

28.10.2011 12:54
Anonymous
ответить

" комплекс уласнай нацыянальнай непаўнавартасці" Никак нет. Просто я очень хорошо знаю многовековую панскую (польскоязычную в основном) литературную традицию и её придерживаюсь. Плюс хорошее знание библеистики, и узнавание её кодов в этом "няшчырым гарадским-и-панским" фольклоре. Ведь я по одной из линий - горожанин на много поколений назад, может на 100, с Шумера начиная. И никакой неполноценности.

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах