03.05.2012

 - Блоги

Автор: Раман Абрамчук


Мае аўсвайсы

Ох і люблю я па свеце пацёгацца! Ох і носіць мяне па зямліцы-матухне! А Беларусь - край невялікі: як выбраўся з хаты ха парог, то вось яна і мяжа, вось яна і дзяржаўная. Вось ён і слуп размаляваны

Ох і люблю я па свеце пацёгацца! Ох і носіць мяне па зямліцы-матухне! А Беларусь - край невялікі: як выбраўся з хаты ха парог, то вось яна і мяжа, вось яна і дзяржаўная. Вось ён і слуп размаляваны, вось яна і сетка-рабіца з палоскай зямлі узаранай.
Перад пераездам мяжы ўва мне заўжды абуджаюцца падсвядомыя архаічныя пачуцці: быццам пераходжу Калінавы мост, за якім - трыдзевятае царства з Бабай-Ягой, Кашчэем і неверагоднымі прыгодамі. Мусіць, як у апошні свой шлях выпраўляцца буду - таксама буду варушыць кішэньку ў пошуках пашпарту...
 IMGP6138

І якія ж розныя вы, межы радзімы маёй! Розніцеся вы, быццам пагоркі Наваградчыны і раўніны палескія, азёры Полаччыны і дачныя пейзажы Міншчыны.
А мяжа ўсходняя - то няма мяжы! І гоняць на ўсход малако ды каўбасы тутэйшыя, а на захад - нафту ды золата. Дзьмуць вятры скразныя паўсюлечка, хадзі хто хош, бяры што хош. Нездарма ў людзей на Гомельшчыне - брамкі па два метры вышынёй: "швэндаюцца тут усякія", - кажа бабця са свайго падворка-бункера ўсходне-палескага тыпу. І праўда: побач ні замка табе, ні крэпасці дзяржаўнае. Як хочаш - так і змагайся з суседзямі ўсходнімі. І так ужо гадкоў чатырыста на нашай зямельцы - як апошніх літвінаў пабілі тутака, так і не ставяць крэпасцяў болей у гэтых лясох ды палёх...
Але цішыня тая і адсутнасць межаў - яна прывідная, уяўная. Неспакойна тутака. Ехаў я анадысь з расейчыкам са Пскова-горада дадому, у сталіцу беларускую. Быў гэта час нафта-малочных войнаў, неспакойны час. Дык яго на мяжы нашыя - хваць! куды гэна сабраўся? У чужое паньства-гаспадарства? А мы ўжо не сябруем з вашымі! пашпарт давай! А хлопчык мой, што падабраў мяне аўтаспыннага на трасе, вочы вылупіў: які пашпарт? за жонкай з дзіцем у санаторый на зямлю беларускую еду! туды завозіў - нічога не пыталіся! аддавайця сям'ю! А мне і радасна за народ свой, што мяжу бараніць пачаў, і хлопца шкада, што па наіўнасці сваёй без дакумантаў з Расіі-матухны ў Беларусь-татухну туды-сюды катацца надумаў...
А мяжа на захадзе - то злая мяжа! Ні камар табе, ні зубр не праскочыць! Хош ехаць - плаці еўра-грошыкі, ды не абы колькі, а шэсць дзесятачкаў. А пераедзеш тую мяжу: дзіву даешся. Людзі - такія ж: нос, два вуха, два вока, дзве нагі і рукі. Таксама малачко з чорным хлебікам любяць, і каўбаскі вэнджаныя пад настоечку. Нават гавораць амаль як у нас, толькі "пш-пш" і "шч-шч" ледзь не да кожнага слоўка прыстаўляюць. Нашто тыя межы? Нашто тыя турнікеты?..
На мяжы той стаяць суайчыннікі мае чэргамі шматміл'ённымі . А ў руцэ ў іх - блок з цыгаркамі, а ў штанах у іх - бутыль спірытуса. І стаяць, і лаяцца, і на жыццё сваё наракаюць, і ўсё адно стаяць... Гэта ім праклён, і блаславенне. Гэтым кормяцца. Думаеце, Берасце нашае толькі пры Саветах "брамай кантыненту" стала? Ды ўжо ў часы ВКЛ яно было горадам, што даваў у скарбніцу дзяржаўную ледзь не найвялікшы прыбытак, і ўсё з мыта памежнага, з капеечкі прыдарожнае.
І ўвогуле - віват памежжу! Для памежжа - свае сталіцы: Вільні, Кіевы ды Варшавы. Тут і парадкі свае. І сродкі для жыцейка.
А мяжа на поўнач: то смяхоцце адно. Ласі - смяюцца, дзікі - рохканнем заходзяцца, лісы - хапаюць курэй і на беларускіх, і на літоўскіх падворках... Ды хто там ведае, дзе яшчэ тая Літва, а дзе ўжо - Беларусь? Вось яны - Меднікі, а вось ужо хтосьці кажа на іх "Меднінкай", вось яшчэ праходзілі айчынную мытню, а вось ужо і літоўская "муйтіне". Ды справа не ў словах: нашая бабулечка мармыча: "Хлопчыкі, торбу памажыця падняць, га!", а праехаў яшчэ колькі прыпынкаў на цягнічку віленскім, і ўжо ад такой самай бабулькі ў хустачцы, з такой самай інтанацыяй і распевам чуеш: "Бярнюкай, ар галітя падеті ман пакялті крепшіс!" Праўду людзі кажуць, што даўней дзяды нашыя болей з гэнымі прыбалтамі вадзіліся, чым з якімі ўсходнімі ці-то заходнімі...
А калі ўжо і казаць пра межы, то ў гэтым геаграфічным кірунку я падняў бы яе крышачку вышэй на поўнач, да самае Вільні інтэрнацыянальнае, а яшчэ лепш - пусціў мы сетку-рабіцу з памежнай паласы на агароджы для дач маіх суайчыннікаў пад Вільняй. Дайце людзям пажыць! Галаву не дурыце аўсвайсамі!
А на поўдзень - то свая гісторыя: быццам і нашыя, родныя, а быццам ужо і не. Аднойчы, як памежнік у купэ для аўсвайсу зайшоў, я ажно прысеў ад здзіўлення: "Ото вам деклорація, на мове ріднэй та англійскэй". Бульбачка смажаная, набытая ў чарнігаўскіх бабулек на пероне вакзальным, пачала падазрона бурчаць у маім страўнічку, бурбыліцца, вонкі прасіцца. Сам я нацыяналіст па дыягназе, але каб такое... Вось і нарываюцца сябры нашыя паўднёвыя на справядлівыя сцёб і кепікі (рус. - насмешки). А ў астатнім - усё па старой завядзёнцы ў гэтым кірунку: колькі б нашы князі не сварыліся, ні мірыліся, - людцы так і ездзяць, і будуць ездзіць адзін да аднога па шампунь, мыла і апранахі з касметыкай. Тайны не выдам, калі скажу, што народ мясцовы дагэтуль тут па грыбы ды ягады ў лес у "іншую дзяржаву" ходзіць. Ну нашто нам гэтыя фармальнасці?..
А папраўдзе, паболей за ўсё я люблю нашых зялёненькіх. Ці то мне так шчасціць, але мне яны заўжды падаюцца больш інтэлігентнымі за іхных калегаў па іншы бок мяжы. Можа ў нас на гэта вучацца ў акадэміях ды універсітэтах? Ці то проста мне, калі вяртаюся са сваіх блуканняў па прасторах чужынскіх, - ад іх салодка радзімай пахне? Ведаю, што цяжкавата з імі ў зносінах "чалавечаскіх": часам, не дагрукаешся да іх, сур'ёзных і пахмурных, у той час як, напрыклад, польскі "страж гранічны" і жарцік адпусціць, і ўсмешкай абнадзеіць. А нашыя.... ды яны ўсё ведаюць пра сябе, пра тое, што пра іх думаюць. Вось і бачыў я нядаўна жывую карціну: на аўсвайсе ў Гудагаі пусцілі ў вагон цягнічка "Мінск-Вільня" памежны атрад з адных беларусачак у форме. Ласкавых, лагодных. Так і хочацца ім шапкі іхныя вайсковыя паправіць або новыя пашыць, каб лепей сядзелі. Мужчынкі-пасажыры ім усміхаюцца. Жанчынкі вандроўныя - паглядаюць паблажліва. На такіх "службоўцаў" і не гаўкнеш - не хочацца. А потым і мужчынкі-памежнікі падбеглі. Сарамлівыя такія, ад душы стараюцца... Не чапляюцца, не заводзяцца з-за дробязі. А пасажыры ўсе цягніковыя дружна "падыгрываць" сталі: церпяць і маўчаць, нават калі што не так, нават калі што і не па масці фартовай... І вось так ціха-мірна і рассталіся, пажадаўшы адзін адному добрых шляхоў. Ну, пакуль не Еўропа, але шанец ёсць!
Так і вандрую я, і мае суайчыннікі: ад мяжы да мяжы, ад слупа да слупа, ад памежніка да памежніка. У адным кірунку - труба скразная, а ў іншым - мур высачэзны, хоць галавой біся... Дзе ж тут пажыць? Адно суцяшэнне - віза шэнгенавая, радасць неапісальная, мара ты наша запаветная! Але аб тым - у іншых байках ды показках з нашага балота. Гопсь!


Комментарии

Аватар

03.05.2012 15:30
Anonymous
ответить

Ай, маладзец хлопец!!!:):):)І прыгожы як той Скарлерт Ёхансан.

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах