Выстава «Скарбы Украіны» адкрываецца 20 снежня

14.12.2013

 - Календарь событий

Выстава «Скарбы Украіны» адкрываецца 20 снежня

20 снежня 2013 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава «Скарбы Украіны». Упершыню ў Беларусі экспануюцца ўнікальныя творы мастацтва са срэбра з каштоўнымі камянямі, фарфору і фаянсу.

Гэта сумесны праект Нацыянальнага  гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага музея гісторыі Украіны (г. Кіеў). Экспануюцца помнікі са збору Нацыянальнага музея гісторыі Украіны і яго філіяла – Музея гістарычных каштоўнасцей Украіны. Праект ажыццёўлены пры фінансавай падтрымцы кампаніі Japan Tobacco International у Рэспубліцы Беларусь.

На выставе прадстаўлены творы ўкраінскіх ювеліраў XVI–XX стст., выкананыя ў розных агульнаеўрапейскіх стылях: барока, класіцызм з прыўнесенымі рысамі ўкраінскіх нацыянальных традыцый.

Сярод іх вылучаецца панагія першай паловы XVIII ст., упрыгожаны эмалевымі медальёнамі пацір знакамітага кіеўскага майстра Івана Равіча (30–40-я гг. XVIII ст.), дэкараваныя вытанчанымі ўзорамі шаты абраза «Адзігітрыя» (20–30-я гг. XVIII ст.), а таксама блаславенныя крыжы з цудоўнай драўлянай разьбою ў срэбных, па-майстэрску выкананых шатах. Вырабы XIX ст. прадстаўлены кубкам 1852 г. і падшклянкам з серыі «Дракон» знакамітай кіеўскай фірмы Іосіфа Маршака (канец XIX ст.), якога па праву называлі «ўкраінскім Фабержэ».

Вялікую цікавасць ўяўляе калекцыя яўрэйскага цырыманіяльнага срэбра XVIII – пачатку XX ст., а таксама вырабы крымска-татарскіх, армянскіх, грузінскіх, сярэднеазіяцкіх майстроў.

Даволі значная калекцыя рэчаў XVII–XX стст., вырабленых у ювелірных цэнтрах Расійскай імперыі. Найбольш ранняй і ўнікальнай з’яўляецца наўгародская двухбаковая панагія XVI ст. з разьбой на маржовай косці, яе срэбная аправа дэкаравана раслінным узорам, выкананым у папулярнай сярод рускіх майстроў тэхніцы эмалі па скані. Знакамітыя рускія жывапісныя эмалі з евангельскімі сюжэтамі прадстаўлены дробніцамі маскоўскіх і растоўскіх майстроў XVIII–XIX стст.         

На выставе таксама экспануюцца  творы заходнееўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XV – пачатку XX ст. Сярод іх – кубкі нямецкіх майстроў у выглядзе птушак і жывёл.  Таксама наведвальнікі пазнаёмяцца з аўтарскай скульптурай, посудам Мейсенскай фарфоравай фабрыкі другой паловы XIX ст., прадукцыяй вядучых фарфоравых заводаў Вены, Берліна.

Шырока прадстаўлена прадукцыя  Імператарскай Кіева-Межыгорскай  фарфоровай фабрыкі, а таксама знакамітых фабрык Міклашэўскага, Гарднэра і інш. Гэта настольныя ўпрыгажэнні, сталовыя сервізы, вазы, скульптуры. Асабліва яскрава  прадстаўлены фарфор заходнееўрапейскай вытворчасці канца XVIII – другой паловы XIX ст., у тым ліку скульптура «Тры грацыі», выкананая па мадэлі вядомага італьянскага скульптара Антоніа Кановы. Уражвае камінны гарнітур сярэдзіны XIX ст., які складаецца з пары падсвечнікаў і гадзінніка.

Цяжка пералічыць усе рарытэты, якія склалі ўнікальную экспазіцыю. Аматары  рэдкага і прыгожага атрымаюць  сапраўднае задавальненне пры наведванні выставы.


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах