Выстава «79 прыступак углыб гісторыі»

29.07.2015

 - Календарь событий

Выстава «79 прыступак углыб гісторыі»

Выставачны праект «Вялікая прэзентацыя музейных рэліквій: 79 прыступак углыб гісторыі» знаёміць з тым, што збірае, вывучае і захоўвае галоўны гістарычны музей краіны. Яна праводзіцца ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных выхаду ў свет ілюстраванага альбома «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь». Выданне ажыццёўлена супрацоўнікамі музея пры фінансавай падтрымцы ААТ «Прыорбанк», фотаздымкі і мастацкае афармленне падрыхтавана Аляксандрам Аляксеевым і Алегам Лукашэвічам.

Кожная з калекцый мае сваю адметную гісторыю – пра гэта і апавядае выстаўка. На ёй прадстаўлена звыш дзвюх тысяч музейных прадметаў з 20 калекцый, якія можна смела аднесці да сапраўдных музейных рэліквій. На выстаўцы экспануюцца не толькі тыя прадметы, фотавыявы якіх змешчаны ў альбоме, але і тыя, што не адлюстраваны ў выданні. Калі невялікая іх частка ўжо экспанавалася ў межах таго ці іншага выставачнага праекта, то большасць з іх будзе прадстаўлена ўпершыню, і гэтая акалічнасць з’яўляецца адметнасцю дадзенага паказу.

Асобныя старонкі айчыннай гісторыі праілюструюць старадаўнія карты: «Мінская губерня з дзесяццю паветамі» (1800), «Карта падарожжа Яе Імператарскай Вялікасці ў Беларускія намесніцтвы ў 1780 годзе». Рэдкія дакументы першай паловы ХІХ ст., у тым ліку патэнт на пацвярджэнне шляхецкай годнасці, эпітафія, пасведчанне аб заканчэнні настаўніцкай семінарыі і іншыя, экспануюцца ўпершыню, гэтаксама як боны – грашовыя знакі часу паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, якія мелі хаджэнне на тэрыторыі Беларусі.

Фотаальбомы выпускаў Мінскай мужчынскай і Марыінскай жаночай гімназій распавядаюць пра адукацыю на Беларусі на самым пачатку ХХ ст. Настольнае люстэрка, вырабленае ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. фірмай «К. Фабержэ», мусульманскі пахавальны сувой далавар, рускія какошнікі канца XVIII–ХІХ стст., мандаліна работы італьянскіх майстроў ХІХ ст. – гэтыя і многія іншыя прадметы экспануюцца ўпершыню і дазваляюць прасачыць шырыню і тэматычную разнастайнасць музейнага збору.

Тыя, хто цікавяцца нумізматыкай, убачаць на выстаўцы рэдкія антычныя манеты, манетныя скарбы, адкрытыя ў розныя часы на тэрыторыі Беларусі. На выстаўцы таксама прадстаўлены калекцыі гадзіннікаў, выяўленчага мастацтва, медалёў, мэблі, металу, старадрукаў, абразоў Беларускай школы іканапісу. Упершыню ў поўным аб’ёме экспануецца калекцыя слуцкіх паясоў і іх фрагментаў, паясоў па тыпу слуцкіх.

Рэчы, выкананыя ў адзіным экзэмпляры, сагрэтыя рукамі іх стваральнікаў, з так званага даіндустрыяльнага грамадства (а такіх значная большасць на выстаўцы), запрашаюць кожнага наведвальніка ў іншае часовае вымярэнне, дзе ён знойдзе для сябе шмат цікавага і карыснага – пра гісторыю Беларусі, яе стасункі з іншымі краінамі, традыцыі, узаемаўплывы культур. Паказ адрасаваны самай шырокай музейнай аўдыторыі і ў першую чаргу тым, хто любіць няспешна падарожнічаць па часе.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12
Штодня з 11.00 да 19.00, выхадны – панядзелак. Выстава працуе да 31 снежня
Тэл. для даведак 327-43-22, 327-00-05

 

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах