Выстаўка «ТРЫ СЯСТРЫ»

10.06.2015

 - Календарь событий

Выстаўка «ТРЫ СЯСТРЫ»

12 чэрвеня 2015 года а 17-й гадзіне ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбудзецца адкрыццё выстаўкі твораў маладых беларускіх мастакоў Вольгі Бычко, Сафіі і Валянціны Піскун «ТРЫ СЯСТРЫ».

З гераінямі славутага твора А.П. Чэхава маладых мастачак, якія прадстаўляюць свае творы на выстаўцы, звязвае толькі тое, што яны таксама сёстры – маладыя, поўныя мараў і імкнення да дасканаласці, шчырасці пачуццяў і дабрыні.

Творчыя біяграфіі ўсіх трох сясцёр вельмі падобныя. Яны рухаліся ўперад, падтрымліваючы і па-сястрынску дапамагаючы адна адной. Нарадзіліся Вольга, Сафія і Валянціна ў сям’і вядомых мастакоў Юрыя Піскуна і Алены Юр’евай. З маленства іх схільнасць да малявання падтрымлівалася бацькамі, прыклад якіх у значнай ступені прадвырашыў абранне мастацкіх прафесій іх дочкамі. Усе трое скончылі спачатку Рэспубліканскую мастацкую гімназію-каледж імя І. Ахрэмчыка, а потым і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе іх настаўнікамі былі такія вядомыя беларускія мастакі, як Аляксандр Ксяндзоў, Уладзімір Савіч, Валянціна Сідарава, Іван Кліменка і інш. Яны паспяхова абаранілі дыпломныя работы – Вольга Бычко (Піскун) у галіне станковага жывапісу (тэма – паэтычнае асэнсаванне беларускай гісторыі); Сафія Піскун – у галіне графікі (серыя вялікіх афортаў, прысвечаных роднаму Мінску); Валянціна Піскун абаранілася як мастак па касцюме на кафедры, дзе выкладае яе бацька. Тэмай яе дыпломнай работы была калекцыя авангарднага маладзёжнага адзення пад дэвізам «Каралева дыска».

Яшчэ ў час вучобы сёстры пачалі шмат выстаўляцца ў Беларусі і за мяжой. Спачатку, разам з бацькамі, выстаўкі работ Вольгі, Сафіі і Валянціны адбыліся ў Эстоніі – у Музеі-замку г. Нарвы і адной з мастацкіх галерэй Таліна (2005, 2007); у Мінску, у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў «Палац мастацтваў» (2009, выстаўка «Пяць прамянёў»); у мастацкай галерэі г. Барысава (2012, выстаўка «Паклон Ратуцічам»); у галерэі Інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Вынікам далейшай творчай працы мастачак стала тое, што толькі ў апошні год выстаўкі твораў Вольгі Бычко і Сафіі Піскун адбыліся ў мастацкай галерэі Беларускай акадэміі мастацтваў, у Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (ІВВ), у галерэі Тэалагічнага факультэта БДУ.

Сёння Сафія працуе як афарціст і майстар экслібрысу, займаецца ілюстраваннем дзіцячых кніг, удзельнічае ў міжнародных кангрэсах і выстаўках станковай графікі. Тры разы яна атрымлівала творчыя стыпендыі DAAD – Нямецкай службы студэнцкіх абменаў, па якіх як малады спецыяліст стажыравалася ў Акадэміі мастацтваў г. Мюнстэра (зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія).

Валянціна Піскун у суаўтарстве з мастаком Аляксеем Гаявым нядаўна скончыла вялікую і адказную работу – графічную распрацоўку эскізаў касцюмаў і дэкарацый для святкавання 70-годдзя Перамогі. Сярод значных творчых дасягненняў гэтай маладой мастачкі – калекцыі сцэнічных касцюмаў для Акадэмічнага народнага хору Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ансамблю танца, плакаты і касцюмы для Дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі».

На выстаўцы будуць прадэманстраваны пераважна творы апошніх гадоў дзейнасці маладых мастачак – жывапісныя, графічныя работы, а таксама калекцыя касцюмаў, што дасць гледачам магчымасць уявіць разнастайнасць творчых накірункаў, у якіх працуюць Вольга Бычко, Сафія і Валянціна Піскун.

Выстаўка будзе працаваць з 12 па 24 чэрвеня 2015 года.
Наш адрас: мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», Кастрычніцкая пл., 1
(Палац Рэспублікі). Тэл.: 327-26-12. Мы працуем: 11.00
19.00.
Выхадныя: нядзеля, панядзелак.

Уваход вольны.

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах