<p>Змены сацыяльна-палітычнага ландшафту заўсёды выступаюць тыргерам для развіцця любой краіны. Для Грузіі большасць працэсаў, якія адбываліся пачынаючы з 1990-х гг., аказаліся далёка няпростымі. Мастацкія практыкі могуць стаць дэвізам і адным з ключавых момантаў у стварэнні і адлюстраванні новай ментальнай і сацыяльнай прасторы. З’яўленне новых медыя і практык сучаснага мастацтва ідзе паралельна з рэканструяваннем і зменамі палітычнага, сацыяльнага і культурнага кантэкстаў у Грузіі і на ўсёй постсавецкай тэрыторыі. З 1990-х гг. сучаснае мастацтва Грузіі стала альтэрнатыўнай лініяй гісторыі і культуры, быццам ствараючы паралельную рэальнасць.</p>

Active for Culture сумесна з Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» прадстаўляе альтэрнатыўную лінію развіцця сацыяльна-культурнага жыцця ў Грузіі праз адабраныя відэаарт-праекты, якія адлюстроўваюць і аналізуюць грузінскую сітуацыю, дэманструюць розныя візуальныя перспектывы рэальнасці і дазваляюць стаць сведкамі/назіральнікамі постсавецкага культурнага жыцця Грузіі. Можна сказаць, што грузінскі відэаарт прайшоў тры стадыі свайго развіцця за 24 гады існавання. На выставе ў Мінску будуць прадстаўлены працы розных перыядаў, куратары і заснавальнікі грузінскага відэаарт-архіва распавядуць пра анлайн-платформу, культурныя кантэксты, відэаарт-практыкі ў постсавецкай Грузіі і інш.

Працы 1990-х гг. Кока Рамішвілі, Ніко Цэцхладзэ і Іліко Зауташвілі цесна звязаны з палітычнымі і сацыяльнымі тэмамі, што былі актуальнымі пасля падзення Савецкага Саюза. Тыповым для гэтых прац выступае востры крытыцызм. Кока Рамішвілі шмат эксперыментуе з відэа і рухавымі выявамі. З 2000-х гг. пачынае актыўна праяўляць сябе новае пакаленне мастакоў: Вато Цэрэтэлі, Гіо Сумбадзэ, Ніка Мачаідзэ, Софія Табатадзэ і інш., якія выкарыстоўваюць ужо новыя візуальныя элементы, такія як анімацыя і Vjing. Трэцяе пакаленне прадстаўлена маладымі мастакамі Гегі Хабурдзанія, Марыям Мурадашвілі, Сасо Кумсіашвілі.

Для выставы адабраныя працы 10 мастакоў розных пакаленняў, што з’яўляецца спробай прадставіць як культурны кантэкст, тэмы, якія закранаюцца ў відэапрацах, так і развіццё медыя ў Грузіі.