Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада

15.12.2015

 - Календарь событий

Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада

16 снежня 2015 года а 17-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы жывапісу «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада» члена Беларускага саюза мастакоў Віктара Маркаўца (1947 – 2013).

Выстаўка праходзіць пры ўдзеле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», Заслаўскага гарадскога выканаўчага камітэта, ТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы».

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 70 палотнаў жывапісца, прысвечаных гісторыі і культуры старажытнага беларускага горада Заслаўе, дзе мастак пражыў шмат гадоў. Назіранні, паэтычнае пранікнёнае ўспрыманне архаікі горада знайшлі сваё адлюстраванне ў палотнах жывапісца, прысвечаных 1000-гадовай гісторыі горада. Экспазіцыі папярэднічаў шэраг выстаў аб Заслаўі  «Ілюзіі і рэаліі магнатаў Пшаздзецкіх», «Заслаўе Глябовічаў», «Заслаўе. Гістарычны краявід».

Новая выстава знаёміць гледачоў з работамі, якія адлюстроўваюць розныя гістарычныя перыяды жыцця горада і ўваскрашаюць вобразы яго былых уладальнікаў. Аўтар зрабіў спробу паглыбіцца ў філасофію гістарычнага ландшафту, раскрыць заслоны «тэатра прыроды», які выступае годным абрамленнем помнікаў дойлідства, гарадзішчаў, курганоў Заслаўя.

Пейзажы старажытнага горада ў творах Маркаўца агорнутыя вэлюмам рамантычнага погляду, набываюць асабліва выразнае, працятае вечнасцю гучанне,  «Цішыня гісторыі» (2005), «Курганы ля Дзехнаўкі» (2005), «Курганы ля дарогі на Мінск. Федзькін крыж»(2005). Колеры заслаўскіх палеткаў і лугоў на палотнах мастака напаўняюцца цудоўнай магіяй, якая прыцягвае погляды, вабіць падыйсці бліжэй, каб атрымаць асалоду ад унікальнай прыгажосці гістарычнай мясцовасці.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць дзве маштабныя панарамы горада  «Заслаўе. Курганы пад Замэчкам» (2005) і «Панарама з Дзехнаўскай гары» (2005). Працы напісаны з процілеглых бакоў горада ў розныя поры года. Яны не толькі ахопліваюць комплексы гістарычных, ландшафтных і архітэктурных аб'ектаў, хутчэй  абагульняюць энергетычны вобраз старадаўняга месца, дзе камяні і дрэвы, крыніцы і гарадзішчы, рэчкі і пагоркі нясуць у сабе гістарычную памяць тысячагадовага горада. У першай панараме адчувальны драматызм настрояў, зімовы сум і пранізлівая таямнічасць вобразаў; у другой  аптымізм прыгажосці спелай прыроды, што дае надзею на станоўчыя перспектывы будучыні Заслаўя.

Асобная ўвага ў комплексе работ, прадстаўленых на выставе, нададзена старонкам паўсядзённага жыцця старажытных вулачак горада, вобразам старых дрэў, крыніц: «Рака Чарніца» (2005), «Крыніца ля царквы» (2005), «Заслаўе. Старое дрэва ля Чарніцы» (2005).

Прадстаўлена таксама серыя «маляваных дываноў» «Заслаўе  старажытны горад» з калекцыі Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». У іх мастак стварае вобразы старажытнай архітэктуры горада, абрамляе храмы і замкі кветкавым арнаментам. Гэты элемент традыцыйнай беларускай культуры надае ім асаблівую маляўнічасць, урачыстасць і веліч.

Выстава «Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада»  гэта мастацкая, канцэптуальная інтэрпрэтацыя жыцця горада з тысячагадовай гісторыяй.

Віктар Маркавец (19472013) нарадзіўся ў горадзе Докшыцы Віцебскай вобласці. У 1971 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер  Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
З 1971  удзельнік рэспубліканскіх мастацкіх выстаў.
Аўтар чатырнаццаці персанальных выстаў на радзіме і за яе межамі.
За серыю палотнаў «Свята ў Докшыцах», «Дзед Алесь і бабка Марылька», «Купалле» ў 1980 годзе ўзнагароджаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Майстар гістарычнага жывапісу і тэматычнай карціны, партрэта і нацюрморта. Шэраг персанальных выстаў, пачынаючы з 1991 года, прысвяціў гісторыі старажытнага Заслаўя. Кіраваў грамадскім аб'яднаннем «Мастак», у якое ўваходзілі мастакі горада Заслаўя.
Работы аўтара знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Дзяржаўным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Цэнтральным доме мастака ў Маскве.

Выстава працуе да 10 студзеня 2016 года.

Адрас: пл. Свабоды, 15
Т: (017) 321-24-30

afisha.tut.by

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах