Літаратурна-музычнае свята «Дзе льецца Нёман срэбраводны»

07.07.2016

 - Календарь событий

Літаратурна-музычнае свята «Дзе льецца Нёман срэбраводны»

Літаратурна-музычнае свята да 110-годдзя нелегальнага настаўніцкага з’езду «Дзе льецца Нёман срэбраводны…» ва ўрочышчы Прыстанька.

Ой, сябры мае вы мілы,
Дзе цяпер вы, дарагія?
Ці схавалі свае сілы?
Ці ёсць думкі маладыя?
Якуб Колас


8 ліпеня 2016 года а 15-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на літаратурна-музычнае свята «Дзе льецца Нёман срэбраводны…» да 110-годдзя нелегальнага настаўніцкага з’езду ва ўрочышчы Прыстанька (Стаўбцоўскі раён).

9 ліпеня 1906 года – дата, якую запомніў на ўсё жыццё не толькі Якуб Колас, але і многія яго сябры-настаўнікі. Менавіта ў гэты ліпеньскі дзень адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд каля вёскі Мікалаеўшчыны ва ўрочышчы Прыстанька на беразе Нёмана. Гэтая падзея апісана ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях»: «У гутарках, у спрэчках прыйшлі на Прыстаньку... Усе сышліся на высокім і маляўнічым беразе Нёмана, дзе можна было прысесці ці проста пакачацца на зялёнай траўцы...»

Удзельнікі з’езду – А. Аляшкевіч, А. Райскі, К. Міцкевіч, А. Вайцахоўскі, М. Пальчэўскі, У. Міцкевіч, Ф. Калечыц, А. Камароўскі, І. Лапцэвіч, А. Мілюк, В. Віаленцій, А. Сянкевіч, С. Самахвал, І. Міцкевіч, І. Фёдараў, Н. Янкоўскі і А. Філіповіч – склалі некалькі важных дакументаў:

1) пратакол пасяджэння групы з подпісамі ўдзельнікаў;

2) брашуру «Всероссийский союз учителей», у якой былі вызначаны асноўныя задачы саюза, у першую чаргу – барацьба за рэарганізацыю народнай асветы;

3) адозву, у якой бяспраўнае становішча народнага настаўніка тлумачылася ўмовамі існуючага палітычнага рэжыму.

Але ў ноч з 9 на 10 ліпеня ўдзельнікі з’езду былі выкрыты паліцыяй, а дакументы – канфіскаваны. Затым не адзін год вялося следства, і многім удзельнікам настаўніцкага з’езду не ўдалося пазбегнуць турэмнага зняволення, у тым ліку і Якубу Коласу. Адбыванне пакарання ў астрозе (1908 –1911) – цяжкі час ў жыцці пісьменніка, але ён не перастае працаваць, здзяйсняць свае творчыя задумы. Менавіта ў Мінскім астрожным замку былі напісаны першыя раздзелы паэмы «Новая зямля», з'яўляецца задума напісаць паэму «Сымон-музыка»; дзякуючы руплівасці сяброў маладога паэта, пабачыў свет першы зборнік вершаў Якуба Коласа «Песні жальбы».

Сёлета ў Прыстаньцы на маляўнічным беразе Нёмана, як і 110 гадоў таму, збяруцца настаўнікі – ветэраны педагагічнай працы, беларускія пісьменнікі, землякі народнага паэта, якія таксама калісьці настаўнічалі, грамадскія дзеячы і шматлікія прыхільнікі творчага таленту беларускага Песняра. У свяце прымуць удзел народныя калектывы Стаўбцоўшчыны, адбудзеца тэатралізаванае прадстаўленне, якое дазволіць прысутным перанесціся ў той спякотны летні дзень 9 ліпеня 1906 года.

Дзе:  урочышча Прыстанька, Стаўбцоўскі раён

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах