Трэцi цукеркавы фэст адбудзецца ў Iвянцы 16 чэрвеня 2012 года

Трэцi цукеркавы фэст адбудзецца ў Iвянцы 16 чэрвеня 2012 года.

Увесь дзень будуць працаваць: кірмаш рамёстваў; тэатр-батлейка; карчма; этнічная кухня; выставы-кірмашы і майстар-класы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і разнастайных умельстваў; спартыўныя і рыцарскія гульні-забаўкі, спаборніцтвы; уздыманне на паветраным шары; праезды на рэтрамашынах; продаж прадукцыі «Івкону»; дэгустацыя цукерак; навучанне спевам і танцам; анімацыйныя праграмы, віктарыны, конкурсы, латарэі і інш.

Увага: дэгустацыя праводзіцца з 15.00 да 19.30: працягласць – 20 хвілін, перапынак між сеансаў – 20 хвілін. Уваход на дэгустацыю платны, групы будуць складацца на месцы. Кошт – 10 тысяч (дзецям і пенсіянерам), 20 тысяч – астатнім катэгорыям. (Могуць быць змяненні коштаў адпаведна з курсам валют).

Паркоўка аўтобусаў: для турыстычных груп – пляцоўка паблізу Белага касцёлу (на цэнтральнай плошчы). Хада да фестывальнай сядзібы можа заняць 15–20 хвілін – праз мост над ракой Волмай, затым налева, да вуліцы Прамысловай. Усіх, хто прыбудзе раней за 14 гадзін, запрашаем далучыцца да святочнага шэсця ад плошчы Свабоды да сядзібы Пятра Дарагунцава. Дзея на плошчы разгорнецца побач з праваслаўнай царквой і скверыкам Дзяржынскага. 

Праграма фэсту:

 13.20   Вершнікі на конях (рыцар і улан) аб’язджаюць мястэчка, склікаючы людзей на фэст.

 13.45   Праезд па цэнтральных вуліцах рэтрааўто (паркоўка на плошчы).

 14.00   Плошча Свабоды.  Грае ўзорны дзіцячы духавы аркестр «Няшота» (маршы, паланезы, старажытныя танцавальныя мелодыі). Анімацыйную дзею наладжвае «Майстэрня ўражанняў». Акторы ў старадаўніх касцюмах танцуюць сярэднявечныя і іншыя танцы, уцягваючы ў гэтую дзею народ. Некаторыя з фэставых герояў варожаць людзям на цукерках – пра шчасце, долю, лад і любоў. Пан Дарагунцаў – апошні валадар Івянца – абвяшчае першы фестывальны конкурс – на самы цікавы і светлы «салодкі» аповед.  Агульныя шляхетныя танцы (падарожны гурт-тэатр «Гістрыён»). Выкраданне казачным Цмокам гаспадара фэсту пана Дарагунцава. Выправа на змаганне з Цмокам. Касцюмаванае шэсце ад цэнтру мястэчка да фестывальнага пляцу. Са святочнай грамадой рухаюцца княжая і рыцарская дружыны, вершнікі-уланы, рэтрамашыны, гурты старадаўняй музыкі, гурт паляўнічай музыкі. Перамога рыцараў над лютым Цмокам на Калінавым мосце. Перамовы ўдзельнікаў шэсця з майстрамі на рамесным кірмашы і хадулістамі.

 15.00   Сядзібная Брама. «Скуль узнік-пайшоў Івянец» – тэатралізаванае паданне пра пачатак Івянца («Майстэрня ўражанняў»).

 15.15   Адкрыццё фэсту (сцэнічная дзея). Марш адкрыцця: гранне музыкі, спевы, танцы (узорны духавы дзіцячы аркестр «Няшота»). Супольнае спяванне фестывальнай песні (пачынальнік – гурт «На таку»). Абвяшчэнне Івянца Салодкім мястэчкам Беларусі. Урачыстае перадаванне фэставага ключа «Івкону». Агульныя спевы, танцы, удзел наведвальнікаў фэсту ў разнастайных майстар-класах. Дэгустацыя цукерак.

 15.30 – 16.30   Паданне пра светлае каханне – тэатралізаванае прадстаўленне паводле яшчэ аднаго падання пра ўзнікненне Івянца. Ганаровы чын князя Вітаўта – заснавальніка Івянца  – у ратаванні закаханай пары Налібока і Волмы ад злоснага пана-вымагатага. Княжая пагоня. Рыцарскія бойкі, сярэднявечныя гульні, пацехі, забаўкі, спаборніцтвы. Спевы, танцы, майстар-класы ў розных жанрах рамёстваў. Русалчыны гісторыі. Аповеды Жар-птаха і Жах-птаха. Замірэнне ўдзельнікаў фэсту з Цмокам.  

 16.30 – 17.30   Арганізацыя квэсту (прыгодніцкай гульні). Фармаванне дзвюх каманд на пошук івянецкага скарбу, які ахоўвае божышча Копша.

 16.35 – 17.20   На сядзібе разгортваюцца агульныя спевы, гранне музыкі, танцы (гурты «Тутэйшая шляхта», Cornukopia, Terra vagantika, Irdorath), анімацыйныя дзеі («Майстэрня ўражанняў»).

 17.30   Вяртанне каманд квэсту. Падвядзенне вынікаў. Праца лакальных тэматычных пляцовак.

 17.40 – 18.40    Шляхецкія сустрэчы. Тэатралізацыя жыцця Івянца ў XVII—XIX ст. Спрэчкі, конкурсы, віктарыны, шаблевыя баі, драматычныя сцэнкі з побыту шляхты, спаборніцтвы ўланаў (клуб «Залатая шпора»). Традыцыі палявання. Паляўнічая музыка (гурт «Бекас»). Частаванні цукеркамі. Аповеды з гісторыі з’яўлення на нашых землях слодычаў. Спевы, музыка. Варожбы на цукерках і коле лёсу. Гістарычныя віктарыны. Вызначэнне найлепшых касцюмаў розных эпох (сярод святочнай грамады) і найцікавых назваў цукерак. Прэміяванне пераможцаў, уручэнне прызоў.

 18.45 – 19.00    Пошукі чароўнай цукерыны шчасця – Світалю. Завязванне абярожных стужак на святарнае Дрэва, якое спаўняе мары.       

 19.00 – 20.30   Творчыя рысталішчы: бойка «шляхціч–улан»; бойка «шляхцянка–шляхціч»; музычная бойка паміж дударскімі гуртамі; паэтычная двубойка; спеўная бойка; танцавальная бойка.         

 20.30 – 20.45   Падарункавая дзея. Узнагароды цукеркамі пераможцаў розных конкурсаў, віктарын, апытанняў, спаборніцтваў. Вызначэнне самай салодкай (закаханай) пары, самага дужага чалавека на фэсце, найбольшага ласуна (каму ўдалося як найбольш назапасіць за час фэсту цукерак). Выбар найбагатага чалавека (які найбольш за ўсіх набыў розных рэчаў на фэсце), найспрытнага (хто здолее распавесці са сцэны, якія пляцоўкі наведаў, што пачуў, пабачыў, паспытаў) і г.д. – колькі хопіць фантазіі фэставага люду.  

 20.45 – 21.15   Закрыццё фэсту.  Выкананне фэставай песні (гурт «На таку»). Танцы ірландскія (Celtic Dragon) і бальныя (студыя «Версаль»). Запальванне паходняў, вогнішчаў. Супольныя танцы, гульні, карагоды, спевы.

 21.15 – 23.00   Этнадыскатэка. Граюць, спяваюць, танцуюць музычныя гурты: Irdorath, «Маланка аркестр», «Унія».

 22.20    Фаер-шоу.

 23.00    Ад’езд удзельнікаў і гасцей з Івянца.