Фолк-фэст «Камяніца»

Фолк-фэст «Камяніца»

15 верасня пад Мінскам на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту адбудзецца чацвёрты фолк-фэст «Камяніца». У гэтым годзе ўпершыню ў дадатак да вялікай прафесійнай сцэны ў межах мерапрыемства будзе працаваць сцэна для аматарскіх калектываў.

У ролі куратара і вядучай гэтай сцэны выступіць спявачка Руся, вядомая па ўдзеле ў розных гуртах, у тым ліку этна-трыа Akana.

– Мы запрашаем да ўдзелу дзіцячыя, падлеткавыя і дарослыя калектывы. Гэта могуць быць хоры, ансамблі, гурты. Галоўная ўмова – выкананне традыцыйных беларускіх песень, захаванне жывой культуры нашай краіны, – тлумачыць спявачка.

Усе ўдзельнікі атрымаюць ганаровыя дыпломы і незабыўныя ўспаміны. Жадаючыя мусяць даслаць ліст на скрыню kamianicafest@gmail.com да 8 верасня 2012 года. Да ліста прыкладайце невялічкую даведку пра свой гурт, фота, 1-2 аўдыёзапісы (ці спасылку на відэа) і кантакты.

Фолк-фэст «Камяніца» заснаваны ў 2009 годзе. Мэта мерапрыемства – прапаганда традыцыйнай культуры і дапамога музею, на тэрыторыі якога знаходзіцца ўнікальная калекцыя аўтэнтычнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII–XX стагоддзяў. Усе грошы за ўваход ідуць на рахунак гэтай установы, дапамагаючы захоўваць экспанаты.

Новости

Вверх