Гарадная – палеская сталіца ганчарства

Гарадная – палеская сталіца ганчарства

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, фота аўтара

Шматлікія турысты звычайна абмінаюць Столінскі раён Брэсцкай вобласці. Але той, хто завітае сюды, ніколі аб гэтым не па­шкадуе. У Століне і яго ваколіцах захавалася шмат помнікаў архітэктуры XVII–XIX стагоддзяў, у паселішчы Нова-Беражное вядуцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы ў радавым маёнтку Алешаў, а ў вёсцы Цераблічы месціцца ўнікальны музей, створаны народным майстрам Іванам Супрунчыкам…

Дырэктар-Цэнтра-ганчарства-Алімпіяда-Леанавец-з-адным-са-шматлікіх-дыпломаў,-атрыманых-установай

Дырэктар Цэнтра ганчарства Алімпіяда Леанавец з адным са шматлікіх дыпломаў, атрыманых установай

Але адна з найбольшых адметнасцей раёна – вёска Гарадная, вядомая яшчэ з XV стагоддзя, старадаўні цэнтр ганчарства на Палессі. Цягам стагоддзяў мясцовыя ганчары адвозілі свае вырабы ў суседні Пінск, а адтуль гліняныя збанкі, гарлачыкі, кубкі разыходзіліся па ўсім Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Свае старадаўнія традыцыі гараднянскія глінамесы змаглі пранесці праз стагоддзі ажно да нашых часоў.

Цэнтр для адраджэння

Сапраўды, гліна, якая, па словах гараднянцаў, «не змішуецца ні з чым» і з якой можна зрабіць што заўгодна, і па сёння з’яўляецца брэндам вёскі. А дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў і падтрымцы раённых ды абласных улад, у Гарадной з’явілася рэальная магчымасць заявіць пра сябе і свае традыцыі не толькі ў Беларусі, а і ў іншых краінах Еўропы.

Першыя крокі ў гэтым накірунку былі зроблены яшчэ ў пачатку 2000-х, калі ў Гарадной паўстаў Цэнтр ганчарства, які спалучае ў сабе фактычна дзве ўстановы – міні-музей і школу. Турысты, што наведваюцца сюды, адразу трапляюць у сапраўдны мікракосмас даўніны і аўтэнтыкі, які не хочацца пакідаць. Парадак у гэты мікракосмас дадасць экскурсія, праведзеная дырэктарам Цэнтра ганчарства Алімпіядай Леанавец. На сакавітым мясцовым дыялекце Алімпіяда Дзмітрыеўна раскажа кожнаму пра зараджэнне ганчарнай справы ў Гарадной, пра тое, як «гараднянскія горшчыкы возылы ў Варшаву», захопіць міні-лекцыяй пра адметнасці мясцовых вырабаў, пакажа шмат унікальных экспанатаў і адорыць наведвальнікаў глінянымі сувенірамі…

Па яе словах, яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы было прыкладна 300 майстроў, і свае вырабы яны экспартавалі па ўсім свеце. Але, на жаль, за савецкім часам гэтыя традыцыі былі гвалтоўна перапынены: ганчарства апынулася пад забаронай, людзям не дазвалялі займацца ўлюбёнай справай, а гораны для абпальвання гліны нават разбівалі з дапамогай трактароў і бульдозераў. Пра гэта, дарэчы, згадваў у сваім нарысе «Званы з прадонняў азёр» Уладзімір Караткевіч, пішучы пра вёску Гарадная, пра яе ўнікальнас

ць і адметнасць, пра тое, якая важная гэта справа – захаваць старадаўні гараднянскі промысел.

Праблема захавання традыцый ганчарства ў Гарадной і да сёння застаецца актуальнай. Па словах Алімпіяды Леанавец, у паселішчы пражывае ўсяго восем патомных ганчароў і ўсе яны – сталага веку. Менавіта таму і ўзнікла ідэя стварыць у Гарадной цэнтр, а фактычна – школу ганчарства, дзе б майстры навучалі мясцовых падлеткаў старадаўняму віду народнага ўмельства.

– Галоўная мэта нашай установы – вучыць дзяцей, перадаваць ім тыя ўменні, якія назапасілі гараднянскія ганчары, – кажа Алімпіяда Леанавец. – Гэтая справа вымагае неймаверных высілкаў і сродкаў, але яна цалкам апраўдана. Бо калі ў паселішчы будуць жыць і працаваць майстры – дык будзе гарэць агеньчык старадаўняга ганчарства на Палессі, будзе жыць Гарадная. 

 

Дзякуючы цэнтру колькасць майстроў-глінамесаў у Гарадной неўзабаве павінна павялічыцца: сёлета на «курсах» ганчарнай падрыхтоўкі навучаецца тры групы падлеткаў: 12 чалавек у адной і па 8 – у дзвюх другіх.

Экспазіцыя-ў-Цэнтры-ганчарства

Экспазіцыя ў Цэнтры ганчарства

Але ж якая справа без патрэбнага начыння? Таму пошук і прывоз гліны, набыццё неабходнага інструментарыю – паўсядзённы клопат дырэкцыі ўстановы. Нядаўна, як распавяла Алімпіяда Леанавец, у цэнтры з’явілася яшчэ адно ганчарнае кола (цяпер іх тут чатыры), а таксама муфільная печ для абпальвання гліны. Дарэчы, як кажа Алімпіяда Дзмітрыеўна, з цягам часу жаданне сесці за ганчарнае кола праяўляюць не толькі падлеткі, але і больш сталыя жыхары вёскі.

– Раней у нас такога не было, а нядаўна да мяне пачалі звяртацца мясцовыя жыхары з просьбай навучыць іх «круціць круга», – кажа дырэктар установы. – Так што паціху ганчарная справа ў вёсцы знаходзіць усё больш і больш прыхільнікаў. І гэта, з

 

разумела, не можа не радаваць.

На шчасце, ёсць у Цэнтры ганчарства і магчымасць набыць шматлікія сувеніры (іншыя музеі Беларусі пахваліцца такой паслугай могуць, на жаль, не заўсёды). Гэта і збанкі, і свiсцёлкi, i званочкі – усё тое, што можна ўзяць на памяць пра ўнікальны Цэнтр ганчарства. Вырабы гэтыя, дарэчы, зроблены не толькі рукамі мясцовых ганчароў, а і вучнямі школы ганчарства…

Праца над раскруткай

Варта адзначыць, што мясцовыя ўлады таксама «не спяць у шапку», а актыўна працуюць над турыстычным «піярам» гэтага знакавага паселішча Століншчыны. Вынік гэтай працы – навідавоку, бо яшчэ пазалетась аўтэнтычнай традыцыі ганчарнага майстэрства вёскі Гарадная быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Да таго ж, па словах начальніка аддзела культуры Столінскага райвыканкама Васіля Зарубы, летась у вёсцы прайшоў шэраг цікавых раённых мерапрыемстваў, а таксама абласны пленэр «Ганчарны промысел у дрэве і ў жывапісе». А яшчэ ў 2008 і 2010 гадах у Гарадной праводзіліся міжнародныя пленэры ганчароў. На апошнім з іх пабывалі майстры з сямі краін свету – усяго 21 чалавек. Зразумела, што ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел і глінамесы з самой вёскі Гарадная, якія дзяліліся вопытам ганчарнай справы, назапашанай у паселішчы на працягу стагоддзяў.

Дарэчы, сёлета ўлетку адбудзецца чарговае падобнае мерапрыемства.

– У сярэдзіне ліпеня бягучага года ў Гарадной пройдзе ІІІ Міжнародны пленэр ганчароў, – паведаміў Васіль Заруба. – Чакаем у госці майстроў не менш чым з сямі-васьмі краін свету. Пад гэтае мерапрыемства з абласнога і раённага бюджэту выдаткавана 140 мільёнаў рублёў. Так што правядзём яго, спадзяюся, на годным узроўні.

Ганчарная-справа-ў-Гарадной-працягваецца

Ганчарная справа ў Гарадной працягваецца

Гасцініца… у школе

Але ў Гарадной не збіраюцца спыняцца на дасягнутым, а актыўна працуюць над далейшай раскруткай свайго глінянага брэнда. Так, летась у паселішчы з’явіўся яшчэ адзін турыстычна прывабны аб’ект – музей-сядзіба ганчара. Установа месціцца ў звычайнай сялянскай хаце, дзе ў хуткім часе кожны наведвальнік зможа пабачыць, як даўней жыў і працаваў гараднянскі глінамес.

– Зараз мы робім ва ўстанове рамонт, але хутка ён будзе скончаны: засталіся толькі нязначныя работы, – распавядае Алімпіяда Дзмітрыеўна. – Плануецца, што тут, у музее-сядзібе, «паселіцца» ганчар, і кожны турыст здолее не толькі паглядзець, як працуе майстар, але і паспрабаваць сябе ў гэтай справе. З цягам часу тут можна будзе і бульбачку запячы ў грубцы, і на ложак старадаўні прылегчы пераначаваць, і нават пасядзець ля вогнішча на панадворку. Бо трэба, на маю думку, каб музей-сядзіба быў установай інтэрактыўнай і адкрытай, каб наведвальнікі тут пачувалі сабе вольна. І часцей да нас прыязджалі.

Словы пра адпачынак у хаце ганчара – невыпадковыя. Як і шмат у якіх патэнцыйна прыцягальных для турыстаў мясцінах, Гарадная, на жаль, не можа пахваліцца наяўнасцю памяшканняў для начлегу. І турысты, якія сюды завітваюць, вымушаны пасля вандравання па вёсцы зноў садзіцца ў машыну ці аўтобус і ехаць за 25 кіламетраў у Столін – толькі там ёсць прыстойная гасцініца. Дарэчы, менавіта так і рабілі наведвальнікі апошняга Міжнароднага пленэру ганчароў. Ды і самі майстры з розных краін свету, што з’ехаліся тады ў Гарадную, вымушаны былі часова «кватараваць» у памяшканнях мясцовай школы.

Мажліва, для спешчаных выгодамі цывілізацыі замежных турыстаў гэта і стала нейкай «разынкай» мерапрыемства, але зразумела, што разлічваць на вялікі прыток наведвальнікаў у Гарадную пакуль не даводзіцца. І інтэрактыўная сядзіба ганчара, дзе можна будзе пераначаваць, безумоўна, прывабіць да сябе сваім аўтэнтычным начыннем і нязмушаным сервісам. Бо, пагадзіцеся, не толькі замежніку, але і беларусу-гараджаніну будзе прыемна пераначаваць у старадаўняй хаце, на ільняных посцілках і ў атачэнні вырабаў мясцовых ганчароў…

Планы гэтыя цалкам рэальныя. Па словах Васіля Зарубы, паводле Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010–2015 гады, на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў Гарадной запланавана штогод выдаткоўваць па трыццаць мільёнаў рублёў. Таму ўсе неабходныя рамонтныя работы ў «Музеі-сядзібе ганчара» абавязкова будуць завершаны, а ва ўстанову будзе закуплена неабходнае абсталяванне. Да таго ж, на гэты год з раённага бюджэту плануецца выдаткаваць 300 мільёнаў рублёў на рамонт Гараднянскага Дома культуры, у якім месціцца Цэнтр ганчарства. На думку начальніка аддзела культуры, доб­ры вонкавы і ўнутраны выгляд установы прывабіць у Гарадную яшчэ больш турыстаў.

***

Усе гэтыя праекты не могуць не радаваць. Але ж варта, падаецца, і далей працаваць над рэлізацыяй планаў па ператварэнні Гарадной у сапраўны Цэнтр беларускага ганчарства. Чаму б, напрыклад, не стварыць у паселішчы рэспубліканскі музей ганчарства? Дзе ж яшчэ размясціць падобную ўстанову, як не ў старадаўнім цэнтры ганчарнай справы? 

З цягам часу можна было б экспанаваць у гэтым музеі не толькі вырабы беларускіх глінамесаў з усіх куткоў краіны, але і збанкі і глечыкі з іншых, у першую чаргу суседніх, дзяржаў. Тым больш, што асобныя экспанаты ўжо ёсць – яны засталіся ў музеі Цэнтра ганчарства яшчэ з мінулагодніх міжнародных пленэраў…

Ды і тыя ж пленэры ў Гарадной варта было б ладзіць штогод, а не раз у два гады, як цяпер, а таксама больш рэкламаваць гэтае мерапрыемства, запрашаць на яго рэспубліканскіх і рэгіянальных журналістаў. Так, дарэчы, робяць у суседнім Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці: дзякуючы падобнай рэкламнай палітыцы пра Міжнародны кулінарна-этнаграфічны фестываль «Мотальскія прысмакі», ведаюць, бадай, усе аматары беларускай нацыянальнай кухні, а таксама турысты не толькі ў Беларусі, а і ў краінах далёкага і блізкага замежжа.

А каб госці, што завітваюць у Гарадную, у пошуку месца для начлегу не ездзілі ў Столін, мясцовым уладам варта было б скіраваць больш увагі на развіццё аграэкатурызму. У пацверджанне сваіх слоў спашлюся на старшыню Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуту, які ў адным з нядаўніх інтэрв’ю зазначыў, што «папулярны сёння агратурызм неабходна накіроўваць у рэчышча супрацоўніцтва з мясцовымі рамеснікамі, якое абавязкова бу­дзе ўзаемавыгадным». У Гарадной падобнае супрацоўніцтва – цалкам магчымае і рэальнае. І нікога, думаецца, не трэба пераконваць у тым, што ад рэалізацыі названай ідэі сапраўды выйграюць усе: і мясцовыя жыхары, і раённыя ўлады, і асабліва турысты, ахвочыя да аўтэнтычнага народнага мастацтва.

Новости

Вверх