«Краіна Беларусь» загаварыла па-англійску і па-руску

«Краіна Беларусь» загаварыла па-англійску і па-руску

У славацкім выдавецтве Kalligram (Браціслава) выйшаў у свет англійскі пераклад папулярнай кнігі Уладзіміра Арлова і Зміцера Герасімовіча «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» – «This country called Belarus. An illustrated history».

KB-Eng+Rus

Аўтар перакладу і ўступнага слова да англійскамоўных чытачоў – знакаміты брытанскі беларусіст прафесар Джым Дынглі.

Ідэя гэтага выдання з’явілася даўно, але набыла рэальныя абрысы, калі ёю натхнілася вядомая грамадcкая дзяячка Вольга Стужынская.

Кніга ўводзіць у свет нашай мінуўшчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. Гісторыя Беларусі разглядаецца як частка агульнаеўрапейскага развіцця цывілізацыі. Тэкст суправаджае каля дзвюх тысяч ілюстрацый, у тым ліку ўнікальныя летапісныя мініяцюры, сярэднявечныя гравюры, рэдкія фотаздымкі. Кніга пераканаўча сцвярджае, што беларусы гістарычна, культурна і ментальна належаць да Еўропы.

Гэта – першае англійскамоўнае выданне такога кшталту, прысвечанае гісторыі Беларусі і створанае беларускімі аўтарамі.

Прэзентацыі кнігі, апрача Мінска, плануецца правесці ў некалькіх еўрапейскіх сталіцах.

KB-Eng260

Адначасова тое самае славацкае выдавецтва выпусціла рускамоўны пераклад «Краіны Беларусі», а таксама новыя беларускамоўныя выданні кніг «Краіна Беларусь» і «Вялікае княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя».

Днямі ўсе гэтыя выданні паступілі ў «Акадэмкнігу» і іншыя кнігарні.

Кнігавыдаўцы мяркуюць, што пераклады кнігі «Краіна Беларусь» не толькі зацікавяць замежных вучоных і дыпламатаў, прадпрымальнікаў і турыстаў, але і значна павялічаць колькасьць сяброў нашай краіны.

Новости

Вверх