Зданi муроў старога Мiнска У гiстарычным цэнтры ўжо дваццаць год раскiдваюць камянi

Зданi муроў старога Мiнска У гiстарычным цэнтры ўжо дваццаць год раскiдваюць камянi

Вiктар КОРБУТ

Заканчэнне. Пачатак у No 36.

Прывiд Марыкса бадзяецца па Герцэна...

...i не можа знайсцi дома, дзе з 1922 па 1935 гг. жыў сцэнограф, народны мастак Беларусi Аскар Пятровiч Марыкс. А менавiта так сцвярджае мемарыяльная шыльда на будынку па вул. Герцэна, 2а, што мае яшчэ адзiн адрас - Музычны зав., 1, бо стаiць на рагу дзвюх вулiц. Гэта вельмi прыкметны дом. Ён адзiн з першых, зруйнаваных у Верхнiм горадзе на пачатку яго "рэстаўрацыi". Ад таго, ранейшага, у якiм сапраўды жыў вядомы тэатральны дзеяч, не засталося нi каменя, нi цаглiны - вось чаму прывiд нiколi не здабудзе спакою: А што на копii канца ХХ - пачатку XXI стст. вiсiць мемарыяльная шыльда, якая сведчыць, што гэта нiбыта старыя муры, - дык i наступныя дамы па вул. Герцэна такiя самыя несапраўдныя. Следам за "Зборам помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi" 1988 г. на доме No 4, напрыклад, пазначана, што пабудаваны ён "у канцы XVIII ст.". Але Збор яшчэ ўпамiнае пра "балкон з ажурнай агароджай (чыгуннае лiццё)" у цэнтры галоўнага фасада на другiм паверсе. Прыгледзiмся: балкон ёсць, агароджа таксама, але: не ажурная - звычайныя металiчныя пруты. Дзе арыгiнал, помнiк кавальства? Ад трохпавярховага дома No 2, якi вылучаецца сваiм яркiм цагляным неатынкаваным фасадам, толькi фасад, "пабудаваны на мяжы ХiХ-ХХ стагоддзяў", i ацалеў. Цяпер тут, дарэчы, сядзiба "Мiнскай спадчыны" - арганiзацыi, адказнай за справу рэстаўрацыi мiнскага старога горада. У Зборы 1988 г. апублiкавана фатаграфiя, на якой вiдаць, што вул. Герцэна не асфальтаваная, а брукаваная. Сёння яна выкладзена плiткай - прыгожай, няма чаго i казаць, але такой жа аздоблены тратуары ва ўсiм Мiнску. А дзе старадаўнi брук?

37-1a

Чаму знеслi дамы NoNo 6, 8, 12 (апошнi з пералiку, што на рагу з вул. Гандлёвай, знiшчаны на нашых вачах - у 2007-2008 гг.)? Пашкадавалi ж No 10 - ён цяпер, бадай, самы аутэнтычны i сапраўды можа з гонарам насiць шыльду з дзяржаўным гербам i надпiсам "Гiсторыка-культурная каштоўнасць".

Але вернемся да "дома Марыкса", дзе цяпер сядзiбы шведскага пасольства ды Еўрапейскага банка рэканструкцыi i развiцця. 25 лютага 1988 г. газета "Вечерний Минск" надрукавала артыкул С.Багласава, архiтэктара аб'яднання "Белрэстаўрацыя", i А.Грэчына, намеснiка галоўнага архiтэктара Мiнска. "Верхний город" - так называлася публiкацыя, у якой былi акрэслены планы па аднаўленнi архiтэктурнай спадчыны сталiцы. Але там жа быў зафiксаваны i першы акт свядомага вандалiзму. Цытую: "Во время выполнения ремонтно-строительных работ при разборке дома No 2а по улице Герцена произошел случай, который привлек внимание общественности города и специалистов: Исходя из заключения "Белжилпроекта" состояние конструкций ряда зданий Верхнего города (в том числе и рассматриваемого дома) определено крайне ветхим. Поэтому проектом предусматривался демонтаж ветхих конструкций с последующим их воссозданием: Однако работы производились с отступлением от установленного порядка. В ходе выяснения обстоятельств сноса дома No 2а по улице Герцена выявились нарушения в согласовании проектно-сметной документации. Словом, на всех этапах не учитывалась архитектурно-историческая ценность застройки Верхнего города, а работы велись по аналогии с реконструкцией объектов Троицкого предместья - в порядке, установленном для капитального ремонта зданий".

Дваццаць год таму архiтэктары прызнавалi памылковасць учыненага з Траецкiм прадмесцем, якое не рэстаўравалi, а зрабiлi капрамонт i штучную стылiзацыю пад казачны горад з чарапiчнымi дахамi. Але сiтуацыя з домам па вул. Герцэна, 2а не стала нагодай для змены падыходаў i рэалiзацыi замест чарговых зносаў сапраўднай рэстаўрацыi. Здаецца, прэцэдэнт, калi вiнаватыя не былi пакараныя (нягледзячы на крытыку ў друку), стаў карт-бланшам для працягу планамернага руйнавання яшчэ цэлых, хай сабе "надта старых", "трухлявых" муроў.

37-1b

Дарэчы, дом па вул. Герцэна, 2а меў фрэскавы роспiс - гэтак сведчаць вiдавочцы, што былi ў асуджаным на знiшчэнне будынку напярэдаднi яго скону. Але грунтоўнага даследавання iнтэр'ераў навукоўцы так i не паспелi зрабiць. Што за фрэскi, якая сапраўдная гiсторыя гэтага будынка - мы нiколi, пэўна, не даведаемся.

Бернардзiнцаў не ўратуе нават святы Юзэф?

37-1c Леташняй вясной вайсковае ведамства вызвалiла будынкi былога кляштара бернардзiнцаў, што па вул. Кiрылы i Мяфодзiя, 6. У будынку No 4, колiшнiм касцёле Святога Юзэфа, яшчэ з часоў Расiйскай iмперыi знаходзяцца дзяржаўныя архiвы. Дом No 8 пустуе ўжо не першы год, але цяпер у яго двары вельмi ажыўлена - тут працуюць археолагi. Кляштар бернардзiнцаў, якi ў 1988 г. планавалi перадаць пад музей этнаграфii i старажытнабеларускага мастацтва, у 2007 г. збiралiся рэканструяваць пад гатэль. Цяпер у былога каталiцкага манастыра няпэўная будучыня. Хаця каштоўнасць комплекса дужа высокая: усе будынкi на сённяшнi дзень практычна не змянiлiся з XVIII-XIX стст., пад асфальтам вул. Кiрылы i Мяфодзiя нават захаваўся даўнi брук. А побач з касцёлам па адрасе вул. Герцэна, 1 стаяць гандлёвыя рады, пабудаваныя, паводле Збора, у 1810-1817 гг., у мiнулым вядомыя як "бернардзiнскiя крамы", або "вiленчукi". Часткова разбураныя ў вайну, яны былi адноўлены на пачатку гэтага стагоддзя.

Цяпер тут рэстаран "Пры Ратушы" (былая пiўная "0,5"). Адзначу, што ацалелыя падмуркi разбуранай у вайну часткi гандлёвых радоў, як стала звычаем у Мiнску, збiралiся раструшчыць. Але ўмяшалася грамадскасць - i цяпер уратаваныя старыя муры аздабляюць iнтэр'ер кавярнi.

Iнакшы лёс можа напаткаць дом No 8 (ён выходзiць да вул. Гандлёвай). Я нядаўна наведаў гэты будынак. Паводле даных камунальнага унiтарнага прадпрыемства "Мiнская спадчына", яшчэ летась трываласць муроў дома ацэньвалася на 20%. Нягледзячы на тое, што ўнутры выдатна захавалiся скляпеннi, вiдаць, яшчэ XVIII ст., камянiцу могуць "разабраць" i адбудаваць нанова - вядома, з новых матэрыялаў. Што гэта не дарэмныя засцярогi, сведчыць прыклад дома No 7 насупраць (належаў да кляштара бернардзiнак, як i цяперашнi СвятаДухаў кафедральны сабор (No 3)): ён уключаны ў комплекс Духоўнаадукацыйнага цэнтра Беларускай Праваслаўнай Царквы, цяпер тут заканчваецца рэканструкцыя, у вынiку якой другi паверх помнiка архiтэктуры, што прастаяў дзвесце з лiшнiм год некранутым, разабраны. Пры гэтым першы паверх збольшага захаваўся, але шчыльна забетанаваны - так, што немагчыма прадэманстраваць нiводнага фрагмента старога мура.

Дарэчы, у царкоўны комплекс увайшоў i дом па адрасе вул. Гандлёвая, 27 - арыгiнальная трохпавярховая камянiца знiшчана ў канцы 2005 г., а затым "узноўлена". Як тлумачылi тады ва ўпраўленнi Мiнiстэрства культуры па ахове гiсторыкакультурнай спадчыны i рэстаўрацыi, з-за блiзкага падыходу пад падмуркi вод Свiслачы, дом лiтаральна "паплыў". Вось i давялося, маўляў, ратаваць "тапельца": зносам.

Разбамбiлi чужыя - дабiлi свае

Яшчэ ў пачатку студзеня 2000 г. памiж Свята-Духавым кафедральным саборам i г.зв. "домам Шменкеля" стаяў агароджаны бетонным мурам кавалак сцяны ад комплекса камянiц па адрасе пл. Свабоды, 19, 21. Раней было тры дамы, але адзiн з iх пацярпеў у часе Вялiкай Айчыннай вайны i пасля не аднаўляўся, а астатнiя два, крыху рэканструяваныя пасля вызвалення сталiцы ад немцаў, датрывалi да 1995 г. - тады iх зруйнавалi ўшчэнт ужо нашы "беларусы, мiрныя людзi". Матывацыя зносу дагэтуль застаецца загадкай. Адна з версiй кажа, нiбыта падмуркi расхiсталi: цягнiкi метро, што праходзяць дзесьцi побач пад зямлёй ад станцыi "Купалаўская" да "Нямiгi".

Збор сведчыць, што ў доме No 19 была галерэя на ўзроўнi другога паверха, на якую вяла "лесвiца з ажурнай агароджай (чыгуннае лiццё)". Як мне памятаецца, у 1994 г. тут ужо нiхто не жыў. А калi ў 1995 г. (недзе ўлетку) будынкаў не стала, я, тады яшчэ школьнiк, прыйшоў на руiны i на працягу тыдня сабраў багатую калекцыю аскепкаў керамiчнага i шклянога посуду XIX - пачатку XX i нават два кавалкi кафлi, якiя мая гiстарычна-археалагiчная адукацыя, атрыманая праз колькi год ва унiверсiтэце, дазволiла датаваць не пазней як XVIII, а то i XVII ст. На адным кавалку кафлi вiдаць шляхецкi герб: калi высветлiць, каму ён належаў, можна было б "вылiчыць" прозвiшча аднаго з тутэйшых жыхароў. Сёння мы ведаем толькi, што тут у ХiХ i на пачатку ХХ ст.ст. быў г.зв. малы гасцiны двор, а Збор адлiчвае гiсторыю будынкаў ад XVIII ст. Вялiкаму гасцiнаму двару, што мае адрас пл. Свабоды, 2, 4, 6, 8, 10 ("дом Шменкеля"), пашанцавала больш. Таксама часткова перабудаваны пасля вайны, гэты комплекс быў у наш час адноўлены ў пачатковым выглядзе, якi меў у канцы XVIII - пачатку ХХ ст.ст. Цяпер тут размешчаны розныя дзяржаўныя ўстановы, крамы, офiсы, як i было здаўна, а ў доме No 6 размясцiлася амбасада Грузii, пра што з нядаўнага часу сведчыць белы сцяг з чырвонымi крыжамi над ганкам.

37-1d

"Бяздомны" замак

Замчышча, з якога пачынаўся Мiнск i дзе калiсьцi быў замак - крэпасць з храмамi i палацамi, у ХХ ст. уяўляла гару, на якой заставалiся руiны камянiц эпохi Рэчы Паспалiтай i стаялi драўляныя хаткi рамеснiкаў i гандляроў. Пасля вайны дзеля пракладвання дарогi ў бок урадавых дач у Драздах (сучасны праспект Пераможцаў), гару "выпрасталi" так, што i следу ад яе не засталося. Збор мiж тым заспеў цэлымi дамы NoNo 25, 27, 29, 31 канца XIX - пачатку ХХ ст. ст. па вул. Замкавай. Памятаю, што iснавалi яны мо да пачатку нашага стагоддзя. Пасля адсялення людзей пуставалi, а затым былi знесены. Цяпер яны нiбыта "вярнулiся" на ранейшае месца, але ад падмуркаў да дахаў - усё гэта навабуды.

Гэткiя ж падробкi на месцы аутэнтычных будынкаў - дамы NoNo 5, 7, 9 па вул. Камсамольскай (арыгiналы не iснуюць з 2000 г.). Па гэтай жа вулiцы застаўся толькi фасад ад дома No 15, дзе да паловы 2008 г. яшчэ знаходзiлася крама "Швейцарскiя гадзiннiкi". Тое ж тычыцца дома No 4 па вул. Рэвалюцыйнай, дзе на другiм паверсе колькi год таму яшчэ месцiлiся майстэрнi мастакоў, а iнтэр'еры вылучалiся незвычайнымi скляпенiстымi столямi. Цяпер дом вельмi прыгожы - захаваны фасад адрэстаўравалi, але "начынне" камянiцы не парупiлiся хаця б часткова зберагчы. i лiтаральна выкапалi з зямлi дом No 17 па вул. Рэвалюцыйнай, а цi адновяць - увогуле невядома.

Вайна па законах сучаснасцi

У праектах упарадкавання цэнтра Мiнска, складзеных да пачатку 80-х гадоў, меркавалася ўвогуле пад корань знiшчыць Верхнi горад - следам за кварталамi ўздоўж вул. Нямiгi. Тым не менш, ядро гiстарычнага цэнтра Мiнска ацалела.

Цуд уратаваў гэтую частку сталiцы ў гады вайны, але значна пашкодзiлi розныя рэканструкцыi пазнейшых савецкiх дзесяцiгоддзяў. i вось у канцы 80-х гадоў сюды прыйшлi архiтэктары i рабочыя з мэтай нiбыта захаваць ашчаджанае часам.

Неўзабаве наступiла эпоха незалежнасцi, але нi рост нацыянальнай свядомасцi, нi станаўленне грамадзянскай супольнасцi ў краiне не спрыяюць i дагэтуль усведамленню архiтэктарамi i будаўнiкамi таго, што зберагчы помнiк - значыць максiмальна захаваць яго даўнiя муры. Запанавала iншая методыка, "апрабаваная" ўпершыню на камянiцы па вул. Герцэна, 2а: чым "марнаваць" мiльёны на даследаваннi i "ювелiрныя" работы з кожным каменьчыкам, цаглiнаю, iх адным махам зносяць, а затым шпарка "ўзносяць" нешта "мадэрновае".

Праблема мiж тым не толькi ў рознiцы аутэнтычных i сучасных "будматэрыялаў". Мы маем неадпаведнасць формы зместу, а надбудова цалкам пазбаўлена базiсу - новыя камянiцы нават не стаяць на старых падмурках. Мы не можам сказаць, не зманiўшы сабе i гасцям горада (турыстам), што па сучасных адрасах вул. iнтэрнацыянальная, 21 i Герцэна, 2а сапраўды жылi калiсьцi Манюшка i Марыкс. Тут былi iх сядзiбы яшчэ дваццаць год таму, але сёння ад iх засталiся толькi зданi. Зданi ж нiколi не ажывуць. Забiць можна, уваскрасiць - не. Гэтая, здаецца, простая iсцiна невядомая многiм з тых, хто адказны за захаванне спрадвечнага выгляду цэнтра сталiцы Беларусi.

P.S. Калi вы, шаноўны чытач, ведаеце якiя-небудзь падрабязнасцi гiсторыi зруйнаваных за апошнiя дваццаць год будынкаў старога Мiнска, жылi калiсьцi ў гэтых дамах - дасылайце, калi ласка, любую iнфармацыю на адрас: v.korbut@mail.ru. Варта захаваць хаця б памяць пра раскiданыя камянi.

Новости

Вверх