Гісторык Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ: “Амбіцыі – язва, якая раз’ядае беларускую нацыю”

Гісторык Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ: “Амбіцыі – язва, якая раз’ядае беларускую нацыю”

grickevich Найноўшая беларуская гісторыя пачалася з разбурэння шматлікіх міфаў, створаных савецкай гісторыяграфіяй. Сярод такіх штучных канструкцый – уяўленне пра Беларусь як сялянскую краіну, дзе паны былі польскія, а князі – літоўскія. На шчасце, сёння ўжо не трэба даказваць існаванне нацыянальнай беларускай эліты. Некалькі штрыхоў да агульнага партрэту эліты дадаў доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ.

– Спадар Анатоль, якія адметныя рысы беларускай нацыянальнай эліты вы б назвалі ў першую чаргу?

– Ведаеце, калі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя мы стваралі Беларускі Народны Фронт, вакол Зянона Пазняка сталі гуртавацца розныя людзі і паступова да нас далучаліся прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Але “салідныя” пісьменнікі і мастакі спачатку маўчалі і прыглядаліся. Яны пачалі ўключацца толькі тады, калі ўбачылі, што ва ўсім Савецкім Саюзе набіраюць моц нацыянальныя рухі і нашы краіны-суседзі патрабуюць незалежнасці. Так што я б сказаў, што беларуская эліта – асцярожная.

З аднаго боку, гэта можна зразумець: творцы працуюць пераважна паасобку, а тут трэба было аб’ядноўвацца. С другога боку, у Беларусі эліта заўсёды вагалася. Я нікога не хачу абразіць, але беларуская інтэлігенцыя ўвогуле больш абачлівая, чым у іншых краінах, і вельмі насцярожана ставіцца да пераменаў. Традыцыйна больш асцярожнымі былі настаўнікі – гэта даволі вялікая маса, якая магла б аказваць значны ўплыў на настрой у грамадстве, але над імі заўжды стаіць вялікая колькасць начальства, якое лёгка можа прычапіцца за любую дробязь і зволіць з працы. Некаторыя супрацоўнікі Акадэміі навук былі больш смелыя: дзякуючы складу характара і навуковым інтарэсам яны не баяліся агучваць тое, што не гаварылася.

Такім чынам, сама па сабе эліта неаднародная па саставу, там ёсць розныя людзі, якія па-рознаму глядзяць на рэчы. Калі гаварыць толькі пра нядаўнія падзеі, то сэнс у тым, што перабудова зачапіла ўсё, што было ў грамадстве, і закранула ўсіх: хто баяўся, хто асцярожнічаў і хто быў больш смелы.

– Прынята лічыць, што на чале грамадскіх рухаў за перамены ва ўсе часы стаіць менавіта эліта. Але калі сама эліта нерашучая, хто выконвае яе функцыі?

– Звычайна розныя колы грамадства глядзяць на сітуацыю па-свойму. Напрыклад, сяляне ў Беларусі ўвогуле не выступалі: дзе ім выступаць у вёсцы? Сёння селянін выступіць супраць улады – а заўтра яму каня не дадуць, і ён нічога не зробіць на сваім участку. Рабочыя маглі пратэставаць, таму што яны былі больш рашучыя. Я памятаю, рэдактар газеты “Знамя юности” папрасіў мяне падрыхтаваць артыкул пра Слуцкі збройны чын. Я напісаў не так, як для энцыклапедыі, а каб усім чытачам было цікава. Першую частку артыкула надрукавалі, а працяг – не паспелі: аказваецца, забараніў ЦК партыі. У гэты ж час у Мінску баставалі рабочыя, якім не хапала нават мыла, каб памыцца пасля змены і прыйсці дадому чыстымі. Рабочыя аднаго з буйных сталічных заводаў даслалі ліст ураду з патрабаваннямі, дзе было некалькі пунктаў, у тым ліку, напрыклад, дазволіць сходы і даць мыла, натуральна. Для мяне самым цікавым у гэтым лісце быў апошні пункт – дадрукаваць артыкул прафесара Анатоля Грыцкевіча. Для рабочых мыла і артыкул пра беларускую гісторыю знаходзіліся на адным узроўні!

Я б не стаў сцвярджаць, што змены ў Беларусі не адбываліся з-за нерашучасці беларускага народу. На мой погляд, рэвалюцыя магчыма, калі ўжо іншага выйсця няма, як у Расіі ў 1917 годзе – у лютым, я маю на ўвазе, – бо ў кастрычніку была ўжо не рэвалюцыя, а пераварот. Беларускія сяляне заўсёды былі больш цярплівыя, для іх апошні аргумент – голад, бо галодны народ пойдзе на ўсё. Але да такога, каб не хапала ежы, у Беларусі пакуль не даходзіла.

– У пэўнай ступені такая мадэль паводзінаў пацвярджае талерантнасць беларусаў.

– Талерантнасць беларусаў – гэта міф. У гісторыі багата прыкладаў, калі беларусы браліся за шаблю, пісталет ці стрэльбу і добра змагаліся. Але за часы савецкай улады прайшлі жорсткія рэпрэсіі, і ўсе магчымыя “хваробы” супраць рэжыму хутка вылечылі. Увогуле, міф пра талерантнасць беларускай нацыі быў створаны ў савецкі час: “Сядзіце ціха. Вы – талерантныя”. Пры гэтым тая частка інтэлектуальнай эліты, якая магла б гэты міф абвергнуць, была знішчана, а тая частка, што заставалася, яшчэ нічога не ведала. Акрамя таго, прашла вайна. Так засталіся больш ціхія і асцярожныя.

– Акрамя асцярожнасці, сярод недахопаў беларускай эліты часта называюць неаб’яднанасць. Гэта таксама гістарычна абумоўлена?

– Цяжка адназначна адказаць на гэта пытанне. Зразумела, што трэба аб’ядноўвацца, а не раздзяляцца па сваіх павадырах ці сваіх партыях. Для дасягнення асноўнай мэты можна не шкадаваць асабістых амбіцыяў, трэба ўмець уступіць. У той жа час пэўным прадстаўнікам эліты ў розныя моманты было ўласціва жаданне стаць лідарам хоць невялікай групы, і гэта вельмі нам шкодзіць. Ніхто не хоча саступаць, таму ў беларускай гісторыі вельмі мала прыкладаў масавых аб’яднанняў. У пачатку ХХ стагоддзя, пасля рэвалюцыі, калі, здаецца, была толькі адна агульная мэта – незалежнасць Беларусі, розныя партыі ўсё роўна спрачаліся паміж сабой. Напрыклад, частка сацыял-дэмакратаў глядзела ў бок Масквы і спадзявалася, што Масква можа дасць нейкае выйсце. Супраць так званых белапалякаў выступалі не толькі “чырвоныя партызаны”, але і большасць эсэраўскіх сялянскіх дружын, таму што ім паабяцалі незалежнасць БНР. Але як толькі палякаў выгналі, маладая савецкая ўлада адразу ўзялася за эсэраў, і ўжо праз колькі месяцаў забралі ўсю іх эліту. На жаль, спробы беларускай эліты дамовіцца рэдка былі ўдалыя. Амбіцыі – язва, якая раз’ядае беларускую нацыю. Тое, што эліта няздольная дамаўляцца, прывяло да сённяшняй сітуацыі.

Ледзь не адзіная асоба ў гісторыі Беларусі, якой удалося аб’яднаць вакол сабе значную частку беларусаў, – гэта Каліноўскі, радыкальны лідар “чырвоных” – “сепаратыст”, як яго назвалі палякі і рускія. Але паўстанне 1863 года – шляхецкае, а не сялянскае паўстанне. Вядома, што ўсіх, хто актыўна выступаў, рэпрэсавалі, а гэта пераважна шляхта і інтэлігенцыя. Часы актыўных і нават агрэсіўных выступленняў у Беларусі мінулі ўжо даўно: паўстанні канца XVIII стагоддзя, барацьба за незалежнасць ХІХ стагоддзя – усё прайшло. Калі пачаўся капіталізм, было ўжо не да паўстанняў: трэба было, як і цяпер, працаваць. Сёння асноўная маса насельніцтва жыве цяперашнім днём, разважаючы фактычна ў такім кірунку: “Гэтыя “вумнікі” няхай без нас там вырашаюць”.

– Ці варта атаясамліваць беларускую нацыянальную эліту са шляхтай?

– Я б не сказаў, што ўся беларуская шляхта – гэта эліта. Уся беларуская інтэлігенцыя – так, паходзіць са шляхты, але не наадварот. Гэта нядзіўна: у Беларусі было занадта шляхты. Так, пад час далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі ў некаторых паветах шляхты налічвалася да 10% насельніцтва. Я нават знайшоў павет – праўда, у былой Беластоцкай вобласці, дзе “дворянство” складала 48%. Такога працэнту я больш нідзе не сустракаў!

Аднак з гэтай велізарнай колькасці шляхты сапраўднай нацыянальнай эліты было не так шмат. Частка шляхты ўсё ж такі была за Польшчу, і пад час Грамадзянскай вайны яны нават называлі палякаў “нашы” і выступалі супраць новай улады, якую будавалі бальшавікі. На маю думку, для нацыянальнай эліты галоўнае – гэта ўтрымаць сваю дзяржаву незалежнай і не ўлівацца ні ў Расію, ні ў Польшчу.

Дарэчы, гадоў 15 таму ў Магілёве ва ўніверсітэце правялі апытанне: “Да якой краіны трэба далучыцца Беларусі?” Большасць прагаласавала за Швецыю. Гэта не анекдот, гэта сапраўды было. Я на іх месцы прагаласаваў бы за Японію. Калі сурьёзна, то акрамя таго, што многія прадстаўнікі шляхты былі за Польшчу, не кожны шляхціч гаварыў па-беларуску, некаторыя гаварылі па-польску.

З майго пункту гледжання, у дачыненні да эліты шляхецкае паходжанне – гэта не асноўнае. Я б не стаў атаясамліваць эліту са шляхтай яшчэ і таму, што цяпер у нас няма гэтай розніцы – “шляхта” і “не-шляхта”. Пасля рэвалюцыі шляхта ў Беларусі ўжо нічога не значыла – усіх зрабілі грамадзянамі. Цяпер нават не ведаеш, якое значэнне мае шляхта, бо яна пераўтварылася ў чыста гістарычную з’яву, якой цікавяцца толькі гісторыкі ды тыя, каму неабыякава, кім былі яго продкі.

– Вы асабліва падкрэслілі, што не кожны шляхціч размаўляў па-беларуску. Гэта таксама прычына таго, што мы не можам ставіць знак роўнасці паміж элітай і шляхтай?

– Я думаю, мова – важная прыкмета нацыянальнай эліты. Беларускую нацыянальнасць увесь час прыніжалі як маглі. За савецкім часам нават выкладчыкі беларускай мовы размаўлялі па-беларуску выключна пад час урокаў, а на перапынках – ужо па-руску. Я даволі доўга працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, і час ад часу мяне цягнула пагаварыць па-беларуску. Зрэдку, бо там усё было па-руску. На калідоры я сустракаў калегу, і мы пачыналі размову на беларускай мове. Многія, хто гэта чуў, асабліва дзяўчыны, казалі: “О, балуются”. З аднаго боку, нам было цяжка, а з другога – пратэставаць супраць нашай беларускасці ніхто не мог – усё ж такі мы працавалі ў Інстытуце гісторыі Беларусі.

Потым, калі адчыніўся Інстытут культуры – сённяшні Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтва – я атрымаў там кафедру, якой кіраваў больш за 30 гадоў. Там таксама ўсё было па-руску. Гэта тлумачыцца тым, что сярод выкладчыкаў было шмат прыехаўшых, у асноўным тыя, хто не ўстроіўся ў больш “выдатныя” універсітэты, а тут, у Мінску, яны былі героі, якія, праўда, размаўлялі па-руску.

– Акрамя таго, што ў Беларусі распаўсюджана двухмоўе, беларусы належаць да розных рэлігійных канфесій. Як такая акалічнасць уплывае на фарміраванне нацыянальнай эліты?

– Фармальна ў Беларусі ёсць праваслаўная царква, і ўсе праваслаўныя вернікі, такім чынам, уваходзяць у Беларускую праваслаўную царкву, але нідзе пра гэта прачытаць нельга, хіба толькі ў афіцыйных дакументах Міністэрства юстыцыі. Аднак фактычна праваслаўная царква ў Беларусі – гэта руская царква, якая цягне да Масквы, і нічога з гэтым не зробіш. Можа, і ёсць беларускія святары, але асноўная маса вядзе набажэнства па-руску. Хаця сярод іх ёсць і такія, хто ў паўсядзённым жыцці размаўляе па-беларску.

Я не магу ўзгадаць прыкладаў у гісторыі, каб праваслаўная царква і каталіцкі касцёл выступалі “адзіным фронтам”. Калі ўзнік нацыянальны рух пачатку ХХ стагоддзя, каталіцкі касцёл выступаў за беларусізацыю, а праваслаўная царква маўчала. Затое пасля рэвалюцыі, калі ўжо была Беларуская Савецкая Рэспубліка, праваслаўная царква была больш актыўная, бо ў Маскве вяліся баі паміж традыцыйнымі царкоўнікамі і так званымі новымі царкоўнікамі, якія прымалі савецкую ўладу і былі гатовыя адмовіцца ад некаторых абрадаў. Праўда, савецкая ўлада спачатку адных паціснула, а потым і другіх. Тым не менш, гледзячы на тое, як падобныя працэсы адбываюцца ў іншых краінах (а такіх краінаў, дзе суіснавала некалькі канфесій ці моў, няшмат), я думаю, што любыя групы эліт заўсёды могуць аб’яднацца і дамовіцца, каб не было нападак адной на другую.

Можна сказаць, что цяпер беларуская інтэлігенцыя ў пэўнай ступені расколатая, але ўсё ж такі не па паходжанні і не па веравызнанні, а па дзейнасці. На жаль, у пераважнай большасці прадстаўнікоў эліты яшчэ захаваліся савецкія звычкі. Сённяшні рэжым – я кажу не пра палітычны, а пра грамадскі і нават культурны рэжым – гэта захаванне савецкасці.

Трэба мець на ўвазе, што гісторыя паўтараецца не поўнасцю: усё ж такі кожны раз гэта новыя абставіны, новая сітуацыя і новая эліта. Я хачу падкрэсліць, што цяпер вялікае значэнне мае моладзь. Я заўсёды падтрымліваў маладзёвыя рухі, бо бачыў: гэта новая эліта, якая ў будучым здольная кіраваць краінай. Галоўнае, што яны прыходзяць да таго, да чаго ў свой час прыходзілі ўсе. Фактычна ў Беларусі эліта патрабуе аднаго – незалежнасці, самастойнай эканомікі, развіцця культуры, падтрымкі роднай мовы і ўсталявання добрых адносін з суседзямі, у тым ліку з Расіяй. Таму справа не толькі ў самой эліце, справа – у знешніх абставінах.

Мнения

Вверх