«Замест таго каб ушаноўваць нашых герояў, мы ставім у гарадах нейкія скульптурныя недарэчнасці!»

«Замест таго каб ушаноўваць нашых герояў, мы ставім у гарадах нейкія скульптурныя недарэчнасці!»

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ

На цэнтральнай плошчы Маладзечна фактычна пачалася ўстаноўка скульптуры-фантана «Залаты трыліснік» работы мінскага скульптара Уладзіміра Жбанава. Архітэктурны твор складаюць фігуры аголеных дзяўчыны і юнака, які трымае ў руках купальскі вянок. Трыліснік калісьці быў сімвалам Маладзечна, указваючы тры накірункі дарог – на Вільнюс, Гародню і Маладзечна. Аднак частка гараджан Маладзечна не падтрымала намер сталічнага майстра ўпрыгожыць цэнтр горада, сабраўшы подпісы супраць устаноўкі помніка.

01097_018868

Маладзечанцы, якія паставілі свое подпісы пад зваротам да міністра культуры Беларусі, прытрымліваюцца думкі, што скульптура мае не-прыкрыта эратычны характар, і таму ў вышэйшай ступені недарэчна рабіць яе сімвалам горада. Па кампетэнтны каментар на рэакцыю грамадскасці наша газета звярнулася да доктара гістарычных навук, даследчыка гарадской культуры Захара Шыбекі:

IMG_7103 «Я цалкам падтрымліваю тых людзей, якія аддалі свае галасы супраць устаноўкі помніка, – кажа спадар Шыбека. – Ідэя скульптуры абсурдная. Гэта вельмі інтымная рэч. Эратычныя скульптуры павінны ўпрыгожваць паркі ці забаўляльныя ўстановы, а не станавіцца сімвалам горада. Яшчэ адна рэч, якая прымушае мяне выступаць супраць ідэі помніка, – гэта сама персона скульптара Жбанава. У сваёй працы ён даўно згубіў меру – пераўтварыўся ў мінскага Цэрэтэлі, які дабраўся і да іншых гарадоў Беларусі. А калі ў чалавека адсутнічае пачуццё меры, яго амбіцыі павінна стрымаць грамадскасць».

Помнікам у беларускіх гарадах надаюць мала ўвагі, у той час як яны маглі б паспрыяць папулярызацыі беларускай гісторыі (у першую чаргу – сярод беларусаў), а таксама прыцягваць турыстаў і падтрымліваць іх інтарэс да краіны. І дзеля гэтага ў нас ёсць вялікі патэнцыял. «Калі ісці ад нашых часоў у глыбіню, то мы павінны ўшанаваць усіх людзей, якія аддалі жыццё за Беларусь, – працягвае Захар Васільевіч. – Не толькі савецкіх партызанаў, але і тых, каго мы сёння называем калабарантамі. Сярод іх былі і сапраўдныя дыверсанты, якія змагаліся за вольную Беларусь і загінулі за яе. Як, напрыклад, Вацлаў Іваноўскі. Мы павінны паставіць помнікі дзеячам БССР, якія дабіліся яе абвяшчэння, – гэта і Алесь Чарвякоў, і Зміцер Жылуновіч, і Усевалад Ігнатоўскі. Асабліва важна ўшанаваць памяць дзеячоў БНР – Антона Луцкевіча, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага. Мы павінны паставіць помнікі першым вучоным, якія займаліся даследаваннем Беларусі, героям антыцарскіх паўстанняў. Варта ўвекавечыць Канстанціна Астрожскага, Льва Сапегу. Мы можам ставіць помнікі каралям і вялікім князям. Калі мы адзначым усіх герояў, калі людзі будуць бачыць іх на плошчах і вуліцах нашых гарадоў, тады яны пачнуць паважаць сябе як грамадзян Беларусі, бо зразумеюць, што за іх плячыма слаўная і багатая гісторыя. Што мы ніколі не былі прыдаткам Рэчы Паспалітай ці правінцыяй Расійскай імперыі».

Замест гэтага на вуліцах беларускіх гарадоў па-ранейшаму стаяць помнікі Леніну, якія даглядаюць і рэгулярна падфарбоўваюць мясцовыя ўлады. «Мы кажам, што ў нас нізкая гістарычная свядомасць. Адкуль яна можа быць высокай, калі ва ўсіх гарадах Беларусі стаяць помнікі Леніну? – разважае Захар Шыбека. – Людзі не ведаюць, што савецкая ўлада, бальшавізм – гэта зло. З-за яго нашы продкі прайшлі праз выпрабаванні і рэпрэсіі, а мы страцілі беларускую эліту – сваіх лепшых людзей. Замест таго каб ушаноўваць нашых герояў, мы ставім нейкія скульптурныя недарэчнасці – «Адама і Еву», дзяцей, якія лезуць на кіоск каля ЦУМа, тоўстую бабу каля Камароўкі. Да таго ж на кожным кроку – сімвалы нашай былой залежнасці ад Расіі: ці то брычка губернатара каля ратушы, якая выступае поўным дысанансам у дачыненні да ратушы як сімвала нашай свабоды; ці то расійскія афіцэры ў дворыку Музея гісторыі Мінска. Вось такія скульптуры ў гарадах Беларусі ставіць Жбанаў. Для нас гэта проста сорам! Калі грамадскасць яго не спыніць, ён засмеціць не толькі сталіцу, але і іншыя гарады Беларусі. На чынавенства, якое з большага не мае гуманітарнай адукацыі, спадзяванняў мала. Чыноўнікі па-ранейшаму ведаюць расійскую гісторыю, бо яе ім выкладалі, і не ведаюць сваю. Яны шчыра прапагандуюць патрыятычнае выхаванне, але не разумеюць, што гэтым самым не спрыяюць нацыянальнаму патрыятызму, а наадварот – пашыраюць расійскі правінцыяналізм у народзе. Вось у чым я бачу трагізм нашай сітуацыі».

Адна з прапаноў спадара Шыбекі, ажыццяўленне якой магло б паспрыяць ачышчэнню беларускіх гарадоў ад архітэктурнага смецця, – стварыць у Беларусі парк савецкай культуры, куды звезці ўсе помнікі Леніна і іншых правадыроў. Па словах гісторыка, да гэтай скульптурнай спадчыны патрэбен дыферэнцыраваны падыход: адны помнікі вартыя захавання і музеізацыі, другія не маюць гістарычнай каштоўнасці. Але галоўная ідэя ў тым, што прыйшоў час развітацца з ідаламі савецкай улады, а таксама – з архітэктурнай безгустоўнасцю.

Мнения

Вверх