У Беларусі з’явілася карта аграсядзіб

У Беларусі з’явілася карта аграсядзіб

Як паведамляе belsat.eu:

Беларускія аграсядзібы і месцы для жыцця турыстаў у вясковай мясцовасці абазначылі на карце, якая выйшла накладам 3 тыс. асобнікаў.

Паводле слоў старшыні праўлення БГА «Адпачынак у вёсцы», гэта можна лічыць новым этапам у развіцці беларускага аграэкатурызму: «Наш інфармацыйны прадукт – добры дапаможнік у выбары маршруту і месца для начлегу. У першую чаргу ён разлічаны на замежных турыстаў, каб дапамагчы ім самастойна вандраваць па нашай краіне. Цікавасць да такіх падарожжаў павысілася пасля таго, як на наш рынак прыйшлі кампаніі «AVIS» і «Hertz», што здаюць аўтамабілі ў арэнду».

Складаннем карты займалася РУП «Белкартаграфія». Надпісы пазначаныя лацініцаю, каб іх лёгка маглі прачытаць замежныя турысты. Транслітарацыя падаецца згодна з нацыянальнымі формамі напісання, а зразумець яе дапамагае адмысловая табліца.

На адвароце карты надрукаваныя адрасы і тэлефоны больш за 500 аграсядзіб. «Зялёнай ластаўкай» пазначаныя месцы, якія маюць сертыфікат Еўрапейскага цэнтра экалагічнага і агратурызму. З іх дапамогай турыст зможа даведацца, дзе беражліва ставяцца да навакольнага асяроддзя і прапаноўваюць паслугі высокай якасці. Знайшлі сваё адлюстраванне таксама прыродныя і гістарычныя славутасці.

Больш за ўсё аграсядзіб – у Мінскай вобласці. «Карта – добрая рэклама для такіх месцаў, як наша, – разважае гаспадар сядзібы «Алекс» у Калодзішчах. – За чатыры гады існавання ў нас пабывала шмат турыстаў з Расіі ды Польшчы, але пераважна яны даведваюцца пра нас ад сваіх знаёмых. Каб набыць вядомасць, мы актыўна даем абвесткі ў газетах ды інтэрнеце. Бывае, што гасцям даводзіцца вельмі доўга тлумачыць, як нас знайсці, калі яны ўпершыню апынуліся ў нашай мясцовасці. Спадзяюся, карта палегчыць іхныя вандроўкі».

Мнения

Вверх