Міфалогія буслоў на выставе ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі

Міфалогія буслоў на выставе ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі

Як паведамляе «Культура»:

Гэтымі днямі ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі працуе выстаўка «Буслы» – сумесны праект веткаўскіх і гомельскіх музейшчыкаў. Аўтар ідэі – дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава Галіна Нячаева.

– Сённяшняя выстаўка, – распавядае яна, – лагічны працяг праекта «Душа мая, птах». Больш за дваццаць гадоў збіралі мы ўсё, што звязана з вобразам птушкі. Гэта замовы, кніжныя арнаменты, вышыўкі, разьба на ліштвах і аканіцах... Чаму паўліны на веткаўскіх ручніках паўтараюць выявы гэткіх жа птушак з антычных часін? Чаму і праз тысячагоддзі душа атаясамліваецца з летуценным птахам?

Адказы на гэтыя пытанні і спрабуюць даць «Буслы». Цэнтр экспазіцыі – вясковая буслянка. Вакол гуртуецца ўсё тое, што датычыцца міфалогіі бусла: повязь са старадаўнімі арнаментамі, з культам агню і сонца, з абрадавасцю Гомельшчыны. Дарэчы, калядоўшчыкі тут вадзілі на Шчодрую Куццю не толькі казу, але і бусла...

Дадзены праект – адзін са шматлікіх у шматгадовай планавай дзейнасці Веткаўскага музея народнай творчасці. І кожны (экспазіцыйны, выдавецкі ці навукова-экспедыцыйны) станавіўся знакавым і прымнажаў славу ўстановы. Безумоўна, музей гуртуецца вакол асобы. Такой асобай быў Фёдар Шкляраў – неўтаймоўны збіральнік і даследчык веткаўскай стараверскай даўніны. Такой асобай застаецца і Галіна Нячаева, не толькі этнограф ад Бога, але і цудоўная паэтка, цікавы мастак-графік. Яна – сённяшняя душа музея, гэткі смелы птах, што не баіцца паднябесных вышынь, нястомна і паспяхова праяўляе свой яркі, як вясновая вясёлка, талент у самых розных відах творчасці. Цяпер рыхтуе два чарговыя паэтычныя зборнікі з уласнаручнымі ілюстрацыямі. Гэтае адхланне – як абавязковая ўмова для існавання чалавека, які займаецца не толькі навукова-творчай дзейнасцю, але і штодня вырашае гаспадарчыя пытанні. Словам, вершы і маляванне – для таго, каб душа, як птах, лятаць не развучылася...

За плённую творчую дзейнасць Галіна Нячаева ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Чарговы праект музея ў намінацыі «Навуковая дзейнасць» будзе прымаць удзел у конкурснай праграме Першага нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі», што 12–14 кастрычніка пройдзе ў Гродне.

 

Мнения

Вверх