Выстаўка «Герой Смаленска і Барадзіно»

Выстаўка «Герой Смаленска і Барадзіно»

Як паведамляе Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь:

27 сакавіка а 17.00 гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка «Герой Смаленска і Барадзіно» са збору Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Выстаўка прымеркавана да 200-годдзя падзей 1812 г., дзейнічае ў рамках рэспубліканскага выставачнага праекта «Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска».

У 2012 г. спаўняецца 200 год падзеям вайны 1812 г. З нагоды гэтай гістарычнай даты арганізавана выстаўка «Герой Смаленска і Барадзіно», прысвечаная значнай асобе таго часу, – Івану Паскевічу. На выстаўцы прадстаўлены асабістыя рэчы Івана Паскевіча са збору Гомельскага палацава-паркавага ансамбля: эпалеты, падзорная труба, спражка ад рэменя з выявай родавага герба, паходны куфар і інш. Асобнай увагі заслугоўвае копія (спіс) з іконы «Маці Божая Смаленская», якая належала І.Ф. Паскевічу. Арыгінал іконы быў падараваны жыхарамі Смаленска М.І. Кутузаву пасля вызвалення горада ад войскаў Напалеона.

Іван Фёдаравіч Паскевіч (1782–1856),  вядомы ваенны і палітычны дзеяч XIX ст., генерал-фельдмаршал, граф Эрыванскі, князь Варшаўскі, адзін з гаспадароў Гомельскага палаца, у якім сабраў вялікую калекцыю твораў мастацтва.

У падзеях кампаніі 1812 г. Іван Паскевіч – будучы «отец-командир» і галоўнакамандуючы расійскімі войскамі – адыграў немалаважную ролю. У званні генерал-маёра ён камандаваў 26-й пяхотнай дывізіяй. Разам з ёй прымаў удзел у самых буйных і вырашальных бітвах той вайны. У баі пад в. Салтанаўка каля Магілёва 23 (11) ліпеня 1812 г. войскам Паскевіча супрацьстаялі адборныя часці маршала Л.Н. Даву. У час Смаленскай бітвы дывізія Паскевіча абараняла каралеўскі бастыён – ключавы пункт рускай пазіцыі.

Пад Барадзіно 26 жніўня (7 верасня) часці Паскевіча ўтрымлівалі курганную вышыню («Батарэю Раеўскага») і да канца дня былі практычна цалкам знішчаны. Некалькі разоў за час бою генерал-маёр асабіста вадзіў сваіх салдат у штыкавыя контратакі. За Барадзінскую бітву Паскевіч быў узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 2-й ступені.

У кастрычніку 1812 г. Паскевіч прымаў удзел у бітвах пад Малаяраслаўцам і Вязьмай. У баі пад Красным генерал узначаліў штыкавую атаку трох пяхотных палкоў і ва ўпартым баі разбіў калоны маршала М. Нэя. За гэтую перамогу ён быў узнагароджаны ордэнам Св. Уладзіміра 2-й ступені.

file2831d98d47050c8a

Мнения

Вверх