Ці стане Агінскі візітнай карткай Маладзечна?

Ці стане Агінскі візітнай карткай Маладзечна?

Як паведамляе Инициативная группа по созданию Фонда возрождения наследия М.-К. Огинского:

Аб гэтым гаварылася пад час сустрэчы старшыні Маладзечанскага райвыканкама Ф.А. Дамаценкі з членамі праўлення нядаўна заснаванага мясцовага дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала-Клеафаса Агінскага».

Фонд прадстаўлялі дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа Р.С. Сарока, намеснік старшыні Мінскага сталічнага Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў У.Л. Сівуха, намеснік старшыні фонду М.І. Тамашэўскі, дырэктар ТАА «Сучасныя тэхналогіі сувязі» С.А. Алейнікаў, спецыяльны карэспандэнт «Маладзечанскай газеты» А.У. Бяганскі.

Старшыня райвыканкама праявіў цікавасць да стварэння турыстычна-гістарычнага комплексу «Графства Агінскіх» (адзін з варыянтаў назвы), які мяркуецца размясціць у ваколіцах Маладзечанскага замчышча.

У ходзе размовы падкрэслівалася, што дзейнасць гэтага ўнікальнага для нашай краіны аб’екта паспрыяе прытоку інвестыцый і стварэнню новых працоўных месцаў. Дарэчы, пастаянная ўвага турыстаў да будучага комплексу гарантаваная, бо на адлегласці 60 кіламетраў ад Маладзечна размяшчаецца 17 санаторыяў і дамоў адпачынку. Да таго ж побач знаходзіцца паўтарамільённы Мінск.

Памятныя даты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю М.-К. Агінскага і іншых асоб таго часу, якія маюць дачыненне да гісторыі Маладзечна, могуць паспрыяць развіццю падзейнага турызму. У прыватнасці, ужо сёлета ля замчышча плануецца рэканструяваць адзін з эпізодаў Айчыннай вайны 1812 года – апошні бой «непераможнай» арміі Напалеона.

Напрыканцы сустрэчы Фёдар Аляксандравіч зазначаў, што стварэнне турыстычна-гістарычнага комплексу добра ўпісваецца ў планы па трансгранічнаму супрацоўніцтву. Акрамя таго, работа, накіраваная на папулярызацыю спадчыны М.-К. Агінскага, дапаможа замацаваць за нашым горадам статус культурнай сталіцы Міншчыны.

Як стала вядома, Маладзечанскае замчышча ўвайшло ў шэраг культурна-гістарычных аб’ектаў, уключаных у дзяржпраграму «Замкі Беларусі». У рамках праграмы да 2018 года плануецца рэканструяваць або добраўпарадкаваць 38 замкаў, палацаў і замчышч. На гэтыя мэты дзяржава выдзяляе больш за 131 мільярд рублёў.

Алег БЯГАНСКІ

 

Мнения

Вверх