Вулічны мастак правёў перформанс ля літоўскага пасольства ў знак пратэсту супраць віз

Вулічны мастак правёў перформанс ля літоўскага пасольства ў знак пратэсту супраць віз

Як паведамляе Generation.by:

«Чаму я не магу проста паехаць у іншую кропку свету без візы?» — пытаецца вулічны мастак Symon. На днях ён здзейсніў незвычайную акцыю: заматаў стужкамі прыпынак на вуліцы Саломеннай насупраць пасольства Літвы ў Мінску, каб прымусіць іншых людзей задумацца аб праблеме існавання візавых абмежаванняў.

24 сакавіка на прыпынку ля пасольства Літвы ў Мінску можна было пабачыць інсталяцыю «Без візаў Без чэргаў Без прыніжэнняў». Галоўным элементам яе стаў вялізны чамадан, падвешаны на заматаным бела-чырвонымі стужкамі прыпынку.

«Чамадан — сімвал вандровак, прыпынак — месца, непасрэдна звязанае з перамяшчэннем людзей у прасторы ды часе, партал, адным словам, — тлумачыць Symon сэнс акцыі. — Стужка — абмежаванні ды перашкоды, штучна створаныя, якія замінаюць дабрацца да патрэбнага табе месца».

1

Усё разам — нагода, каб прымусіць «народ паварушыцца», каб кожны задаў сабе пытанне, навошта патрэбны візы і ці патрэбныя яны ўвогуле?

2

«Усе ж грамадзяне планеты Зямля, дык чаму я не магу проста паехаць у іншую кропку сваёй La belle verte Радзімы? Але сядзіць важны чалавек у вакенцы і вырашае, ці годны ты апынуцца на «яго тэрыторы»“, ці не. Адразу ж гэтым цябе прыніжаюць і маніпулююць табой, — тлумачыць вулічны мастак. — Але праблема не ў саміх візах — яны толькі сімптом. Праблема  ў сапсаванасці чалавечых адносін і каштоўнасцей».

Каб прайсці на прыпынак, людзям трэба было сваімі рукамі разарваць стужкі. «Таму не я адзін удзельнічаў у гэтай тэатральнай пастанове, а яшчэ прахожыя і дворнікі. Спадзяюся, чамаданы, якія яны маглі забраць сабе, кампенсавалі іхнія невялічкія фізічныя затраты. Так што, хлопцы, без крыўдаў!».

3

Дарэчы, візавая праблема актуальная і для самога Symon’а. Бо шэнгенскай візы ён не мае: «сам бы сабе намаляваў, але чамусьці кажуць, што не падыходзіць».

Алесь Bezuher

Мнения

Вверх