18 красавіка пройдзе фэст экскурсаводаў

18 красавіка пройдзе фэст экскурсаводаў

Як паведамляе Лагойскі райвыканкам:

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Святкаванне яго прапанавана ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і памятных мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.

У Беларусі ў гэты дзень ужо некалькі год запар ладзіцца «Фэст экскурсаводаў». Гэта акцыя, якая была прыдумана ў 2008 г. у коле некалькіх грамадскіх арганізацый і краязнаўчых гурткоў горада Мінска. Галоўная ідэя мерапрыемства – прыцягненне ўвагі людзей да тых гістарычных помнікаў, побач з якімі яны жывуць і каля якіх праходзяць кожны дзень.

Сярэднестатыстычны жыхар Беларусі перакананы, што ў ягоным рэгіёне няма нічога цікавага. Нясумна ў Нясвіжы, цікава ў Польшчы, захапляльна ў Парыжы, а вось у ягонай вёсцы, мястэчку, мікрараёне – нецікава. Вось такія меркаванні і падштурхнулі арганізатараў да выбару фармата «Фэсту» – правядзенне шматлікіх бясплатных экскурсій у розных рэгіёнах Беларусі і, што важна, для саміх жыхароў гэтых рэгіёнаў.

«Фэст экскурсаводаў»-2012 пройдзе 21-22 красавіка. Закранае ён і нашу Лагойшчыну.

22 красавіка пройдуць экскурсіі: «У старажытным гарадку над Гайнаю…» (г. Лагойск) і «Лагойскімі дарогамі Напалеона» (Камена–Плешчаніцы–Акцябр).

Наведаць іх можа  бясплатна любы жадаючы.

Пачынацца экскурсіі будуць а 10-й гадзіне, месца збору – плошчы каля Лагойскага раённага выканаўчага камітэта ў Лагойску і Плешчаніцах.

Арганізатары «Фэста экскурсаводаў»: 

ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС»;

МГА «Гісторыка»;

ГА «Беларуская асацыацыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў»;

ГА «Беларускі фонд культуры»

Краязнаўчы клуб «Камяніца» (МДПДіМ)

 

 

 

Мнения

Вверх