Гайнаўскі гісторык Уладзімір Мусько выдаў кароткі даведнік па вёсцы Буды

Гайнаўскі гісторык Уладзімір Мусько выдаў кароткі даведнік па вёсцы Буды

“Ёсць такое месца на зямлі” – кароткі даведнік для турыстаў па Будах выдаў гайнаўскі гісторык Уладзімір Мусько, паведамляе Радыё Рацыя.

Як кажа аўтар, матэрыялаў сабралася значна больш, і хопіць на паўнавартасную публікацыю пра вёску Буды, а гэта не толькі мапы і дакументы, але таксама ўспаміны людзей ды інтэрв’ю з імі:

- Гэта ўсё падштурхнула мяне да таго, каб нешта зрабіць. Пачаўся збор матэрыялу, яго я маю на абшырную манаграфію пра Буды. Тое, што ўвайшло ў даведнік, я моцна сціснуў, бо калі хтосьці з турыстаў прыязджае, ён не будзе цікавіцца гістарычнымі падрабязнасцямі, ён хоча проста нешта даведацца і паглядзець. 

Гаспадар агратурыстычнага комплексу “Сяло Буды” Сяргей Нічыпарук распавядае, што калісьці было цэлых тры вёскі з назвай Буды:

- Гэта назва захавалася толькі каля Будаў першых, дзе мы знаходзімся. Там дзе былі другія Буды, там было ўрочышча Тэрэміскі. Пасля чаго назва ўрочышча перайшла на гэтую мясцовасць. Там дзе Буды трэція, здарыўся пажар, гэтая сяліба згарэла і людзей сталі зваць пагарэльцы. З-за гэтага трэція Буды змянілі назву на Пагарэльцы, таму да сённяшняга дня яны так і называюцца.

Дакладную дату ўзнікнення вёскі Буды, якая месціцца паміж Гайнаўкай і Белавежай, назваць складана. Але як распавёў Уладзімір Мусько, вядома, што ўжо з XVI-га стагоддзя на гэтых землях сяліліся так званыя “буднікі” – перасяленцы з Мазоўша, якія займаліся пераапрацоўкай драўлянай сыравіны. Яны будавалі сабе першае жытло ў форме будаў. Магчыма, адсюль і паходзіць назва мясцовасці.

Яна Запольская

Мнения

Вверх