Дзень пісьменства ў Глыбокім: мінусаў больш, чым пазітыву

Дзень пісьменства ў Глыбокім: мінусаў больш, чым пазітыву

Глыбокае – мястэчка паміж Полацкам і Вільняй, гандлёвы і адукацыйны цэнтр Паўночна-Заходняга Паазер’я – зараз нагадвае горад падчас ваенных дзеянняў. Паўсюль працуе спецыялізаваная тэхніка, дарогі перакрываюцца, нешта руйнуецца, нешта будуецца.

Гэткім чынам кіраўніцтва горада рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства, што пройдзе ў Глыбокім 2 верасня гэтага года, паведамляе Радыё Рацыя.

Мясцовы журналіст і краязнаўца Кастусь Шыталь кажа, што нейкія хоць і невялічкія плюсы ад гэтага ўсё ж такі для сітуацыі з беларускай культурай на Глыбоччыне ёсць. Так, надпісы на дарожных знаках мяняюць на беларускія, чыноўнікі больш выкарыстоўваюць мову ў стасунках з глыбачанамі:

- Кіраўніцтва пачынае разумець каштоўнасць мовы, культуры, але ў той жа час не ведае, што рабіць з гэтай культурна-гістарычнай спадчынай. Так, яны ведаюць, што ёсць касцёл, ёсць царква, ёсць калона Канстытуцыі, але адначасова забудову ХХ стагоддзя страшэнна паганяць. Ужо адзін будынак ў пачатку стагоддзя разбурылі і яшчэ чатыры будынкі спаганілі.

Галоўны рэдактар і выдавец газеты «Вольнае Глыбокае», краязнаўца Уладзімір Скрабатун не бачыць у гэтым свяце наогул аніякага пазітыву для горада:

- Ну якое гэта свята, калі нават няма ніводнай школы беларускай. Я зараз гляджу на гэтую стыхійнасць, дзе няма ніякай канцэпцыі: быў асфальт – здзёрлі яго і цяпер плітку кладуць, будынкі гістарычнай каштоўнасці пачынаюць танкаваць. Паглядзім, што будзе пасля 2 верасня. Думаю, там і надпісы на беларускай мове знікнуць, і кіраўніцтва зноў пачне размаўляць на рускай мове.

Будзе карысць для Глыбокага ад Дня беларускага пісьменства ці больш стратаў – зараз вызначыць дакладна немагчыма. Адно можна сказаць ужо цяпер – Глыбокае змяняецца незваротна. Апошні раз такая перабудова налятала на горад толькі пасля вайны, падчас другога прыходу Саветаў у 1944 годзе.


Мнения

Вверх