Галоўнае Купалле Віцебшчыны пройшло на беразе возера Шо

Галоўнае Купалле Віцебшчыны пройшло на беразе возера Шо

Ужо не першы год на беразе возера Шо — таго самага возера, каля якога вызначаны сапраўдны цэнтр Еўропы, — праходзіць галоўнае Купалле Віцебшчыны.
Па традыцыі, заведзенай спецыялістамі абласнога метадычнага цэнтра і гісторыка-культурнага і турыстычнага цэнтра ў вёсцы Івесь, у азёрны куточак на памежжы Глыбоцкага і Ушацкага раёнаў запрашаюцца фальклорныя калектывы — захавальнікі і носьбіты купальскай песеннай манеры выканання. Не так шмат цяпер тых, хто здольны спяваць галасамі адышоўшых стагоддзяў, як спявалі колісь нашы бабулі.
 
Сёлета перадкупальскі азёрны вечар абудзіўся песнямі выканальніц з вёсак Матырына Ушацкага раёна, Багатырскае Полацкага раёна, Івесь, Хролы і Шо Глыбоцкага раёна, вёскі Цвеціна Мёрскага раёна — каб гэтыя сапраўдныя шэдэўры песеннай спадчыны маглі пачуць і пераняць маладыя паслядоўнікі традыцый і абрадаў. У гэтым, бадай, асаблівасць і каштоўнасць паазерскага Купалля. А моладзь, без якой немагчыма ўявіць свята летняга сонцастаяння, хоць і прадстаўляла гарадскі асяродак, але гэтак жа апантана выяўляла хараство сваіх галасоў. І гурт архаічных спеваў "Княжыч" з Наваполацка, і гурт "Страла" з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры прадэманстравалі глыбокую павагу да народнай культуры, якая выяўляецца і ў купальскай песні таксама.
1


Мнения

Вверх