Пінск у вайне 1812 года, альбо Чаму беларуская шляхта і мужыкі падтрымалі Напалеона?

Пінск у вайне 1812 года, альбо Чаму беларуская шляхта і мужыкі падтрымалі Напалеона?

Дзвесце год таму пад Пінскам адбыліся баі мясцовых паўстанцаў і частак напалеонаўскага войска супраць расійскай арміі. Па словах краязнаўцы Эдуарда Злобіна, Пінск у вайне 1812 года стаў сваеасаблівым цэнтрам антыімперскіх выступленняў. Тут, у адрозненні ад іншых рэгіёнаў, шляхту падтрымалі звычайныя мужыкі, якія не хацелі ісці ў рэкруты да Аляксандра І.

Калі ў горад над Пінай увайшлі французскія салдаты, іх сустракалі ўзброеныя паўстанцы пад кіраўніцтвам шляхціцаў Твардоўскага і Горніча. А дэкларацыю, якая абвяшчала пра далучэнне рэгіёна да Каралеўства Польскага, падпісаў маршалак павету Скірмунт, паведамляе Радыё Рацыя.

Эдуард Злобін адзначае, што вызваленне з-пад гнёту Расіі адсвяткавалі вялікім балем:

– Прайшло зусім няшмат часу пасля паўстання Касцюшкі. Насельніцтва было настроенае на тое, што ідэі Касцюшкі захаваліся. І прыход Напалеона, натуральна, узбудзіў у галовах ідэю аднаўлення Рэчы Паспалітай. Пінск далучыўся да Генеральнай канфедэрацыі Польскага герцагства. У горадзе адбыўся вялізны шасцігадзінны баль у гонар гэтага.

Сёння пра вайну 1812 года ў Пінску нагадвае помнік, усталяваны за часы камуністычнай улады ў 1978 годзе. Сярод жа мясцовых жыхароў дагэтуль захаваныя ўспаміны ад мінулых пакаленняў пра пахаванні паўстанцаў, якія называюць «французскімі».


Мнения

Вверх