У Высокім не ведаюць, чым зацікавіць турыстаў

У Высокім не ведаюць, чым зацікавіць турыстаў

Большасць апытаных на вуліцы мясцовых жыхароў лічаць, што ў горадзе няма нічога арыгінальнага. Інфраструктура таксама не разлічаная пад наплыў гасцей, паведамляе радыё «Рацыя».

Няма ні ўказальнікаў, ні турыстычных карт, ні інфармацыйнага цэнтра. Паслугі па здачы жылля аказвае ў Высокім толькі прадпрымальнік Васіль Марынчук, які сведчыць, што за тры гады дзейнасці ніводнага турыста ён не бачыў, а таму не адчувае неабходнасці прыспешваць рэстаўрацыю другога гатэльнага будынка.

– Калі б сюды турысты прыязджалі і я пабачыў, што будынак запатрабаваны, я б фарсіраваў. У мяне наверсе 4 нумары і банкетная зала. Калі летам спёка, у мяне прахладна, умовы ідэальныя. Яшчэ трэба крыху грошай укласці, і можна запускаць гэты будынак. Я б яго зрабіў, але ён не будзе запатрабаваны. Я вялікія грошы ўкладу, але аддачы не ўбачу.

Высокае – гэта невялікі гарадок у Камянецкім раёне, насычаны помнікамі архітэктуры і прыроды. Тут знаходзяцца ўязная брама замка Сапегаў, палацава-паркавы ансамбль Патоцкіх, кляштар баніфратаў, дзве сінагогі і іншыя помнікі. Амаль усе аб’екты разбураюцца і патрабуюць тэрміновага ўмяшальніцтва па іх захаванні.

Алеся Лугавая

Мнения

Вверх