Турыстычны маршрут «У гасцях у цётачкі Заказушкі» адкрыўся ў Столінскім раёне

Турыстычны маршрут «У гасцях у цётачкі Заказушкі» адкрыўся ў Столінскім раёне

17 верасня на Століншчыне адкрыўся новы турыстычны маршрут «У гасцях у цётачкі Заказушкі», паведамляе «Медиа-Полесье».

Першых экскурсантаў ветліва сустрэла цётачка Заказушка. Пазнаёміўшыся з гаспадыняй, госці і арганізатары маршруту накіраваліся да Прыпяці.

Аб флоры і фаўне гэтых мясцін распавяла экскурсавод групы. Дырэктар Дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Заказнікі рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты» Іван Васільевіч Яхнавец акцэнтаваў увагу на дзейнасці заказніка.

Удзельнікі народнага драматычнага тэатра «Пагарынне» (рэжысёр Іна Філановіч) паказалі прадстаўленне «У гасцях у цётачкі Заказушкі».

Прысутныя, аб’яднаныя цудоўным настроем, спявалі, танцавалі, гулялі разам з артыстамі.


Кармушка ў падарунак ад цётачкі Заказушкі

Далей экскурсантаў запрасілі пакатацца на «плаўдачы» тыпу кацер-пантон па Прыпяці.

«У час рачной прагулкі дзеці і дарослыя наталіліся прыгажосцю Прыпяцкага Палесся, даведаліся шмат новага аб прыродзе роднага краю. Яны былі ўзрушаныя гэтай экскурсіяй», – падзялілася ўражаннямі старшыня ўстановы «Столінскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб» Святлана Сцяпанаўна Шыман. – Калі дзеці ўбачылі на Прыпяці рыбакоў, віталі іх, цікавіліся ўловам».

У канцы сустрэчы Заказушка падаравала дзецям кармушку і нагадала аб важнасці дапамогі птушкам зімой.

Дзеці весяляцца са спадарыняй Заказушкай, Кікімарай і Лешым

Як адзначыла Святлана Шыман, для жадаючых наведаць экалагічны маршрут можна арганізаваць падвоз наведвальнікаў да заказніка чыгуначным транспартам, пасля чаго падарожнікі атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з прыродным ландшафтам, ідучы да месца сустрэчы са спадарыняй Заказушкай 3 км пешшу.

4

Наталля Базар

Мнения

Вверх