30 верасня у Міёрах адбудзецца першы экалагічны фэст «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю»

30 верасня у Міёрах адбудзецца першы экалагічны фэст «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю»

У нядзелю, 30 верасня, у г. Міёры (Віцебская вобласць) адбудзецца першы экалагічны фэст «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», паведамляе Birdwatch.by.

Месца і час правядзення незвычайнага свята абраныя нездарма: менавіта ў верасні тут пачынаецца сезон збору журавін, а па запасах гэтых ягад мясцовае балота Ельня займае першае месца ў Беларусі. Акрамя гэтага, Міёршчына штогод прымае ў госці больш за 4000 шэрых журавоў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў, якія прыпыняюцца на адпачынак на балоце Ельня падчас восеньскай міграцыі.

Менавіта пра ягады і птушак – як пра ўнікальныя асаблівасці Міёршчыны і распавядуць мясцовыя жыхары. Кожны зможа паназіраць за вялікай колькасцю шэрых журавоў і зрабіць незабыўныя здымкі. 

Экскурсіі правядуць прафесійныя арнітолагі.

Для зручнасці з Міёр на навакольныя палеткі з птушкамі, якія харчуюцца там у светлы час сутак, будзе ездзіць бясплатны аўтобус.

Пасля яркіх сустрэч з птушкамі ўдзельнікі і госці фэста змогуць удзельнічаць у экалагічных гульнях, выбраць лепшую сядзібу Міёрскага раёна, купіць на памяць пра свята зробленыя рукамі мясцовых майстроў сувеніры. Кожны зможа пакаштаваць журавінны морс, выпечку з журавінамі і закупіць гэтыя ягады пра запас на зіму.

Праектам арганізуецца бясплатны трансфер Мінск–Міёры і назад.

1

2

3

Фэст арганізуюць праект Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН «Садзейнічанне развіццю ўсеахопнай структуры міжнароднога супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь» супольна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міёрскім райвыканкамам, дзяржаўнай прыродаахоўнай установай «Ельня» і грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пры ўдзеле Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.  

Пaцвердзіць свой удзел (не пазней за 25 верасня) і атрымаць дадатковую інфармацыю можна па тэл.: (017) 267-96-23, (044) 486-55-56 або па e-mail: alena.sedach@undp.by. Кантактная асоба – Алена Сядач, PR-спецыяліст праекту.


Новости

Вверх