Дні польскай фатаграфіі ў Віцебску

Дні польскай фатаграфіі ў Віцебску

У сераду ў Віцебску пачынаюцца Дні польскай фатаграфіі. Імпрэзу адкрые выстава фатаграфій Пятра Мушаліка Vanitas («Марнасць»), паведамляе Polskie Radio S.A.

Vanitas Пятра Мушаліка – гэта цыкл вялікафарматных фатаграфій, выкананых на традыцыйных клішэ з 60-х і 70-х гадоў. Галоўная думка прац – хуткацечнасць часу, а таксама глыбокая рэфлексія над фатаграфіяй і фатаграфаванай матэрыяй.

Прасторай творчых пошукаў для Пятра Мушаліка з'яўляюцца вобразы і прадметы, узятыя са штодзённага жыцця. Сапсаваныя садавіна і гародніна, якія ўжо нікога не прывабяць смакам і пахам. Вобраз мёртвай натуры, замкнёны ў фотакадры, быў выбраны са звыклай рэчаіснасці, каб засведчыць пра яе сутнасць, якой, без сумнення, з'яўляецца час. Бескарысныя, адкінутыя, закляймёныя гніеннем дары прыроды Мушалік зрабіў прадметам сваіх разважанняў і мастацкай дзейнасці.

Экспазіцыю можна пабачыць да 11 лістапада ў Віцебску, у Арт-цэнты Марка Шагала, на вул. Путна, 2.

Мнения

Вверх