Падарожжа па «Новай зямлі»

Падарожжа па «Новай зямлі»

У Беларусі плануюць ствараць турыстычныя маршруты па культурна-гіс­тарычных аб’ектах, звязаных з іменем Якуба Коласа, Янкі Купалы і іншых славутых песняроў, паведаміў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. На яго думку, развіццё культурнага турызму даволі перспектыўны кірунак, які будзе прыносіць значны прыбытак, паведамляе «Мінская праўда».

— Неабходна больш актыўна выкарыстоўваць у сферы турызму магчымасці Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, што на Стаўбцоўшчыне. Сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Смольня, Ласток — гэта ўнікальныя маляўнічыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры, — адзначыў Тадэвуш Стружэцкі падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай святкаванню 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. — Яны павінны быць запатрабаваныя ў турыстычнай сферы. Напрыклад, наведванне мемарыяльных сядзіб можна было б уключыць у комплексныя маршруты пры наведванні Міра і Нясвіжа, а таксама арганізаваць і лакальныя турыстычныя маршруты па мясцінах, апісаных Коласам у паэме «Новая зямля», — такім праектам мы зацікавім не толькі беларускіх, але і замежных турыстаў.

Звяртаючыся да святкавання 130-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, Тадэвуш Стружэцкі запэўніў, што ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праходзяць святочныя мерапрыемствы з удзелам беларускіх і замежных гасцей. Акрамя таго, як паведаміла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская, заўтра ў Стоўбцах пройдзе Рэспубліканскае свята паэзіі «О, Беларусь, ты сэрца і душа...».

— У сядзібе Акінчыцы ў святочнай праграме «Абернем у свята мы дзень наш будні» запланавана выстава работ юных мастакоў Стаўбцоўшчыны, выступленні паэтаў-землякоў, — удакладніла Зінаіда Камароўская. — Мемарыяльная сядзіба Альбуць прапануе гасцям праграму «Дзяцінства сны мае…», у рамках якой пройдуць выстава-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзіцячая выстава рамёстваў «На крылах натхнення». Выстава майстроў народнай творчасці пройдзе і ў мемарыяльнай сядзібе Смольня. А ў Старасвержанскім цэнтры культуры адбудзецца вялікі святочны канцэрт. 1 лістапада мы запрашаем усіх на свята «Каласавіны», «круг­лы стол» з кіраўнікамі арганізацый і музеяў сістэмы адукацыі, якія носяць імя Якуба Коласа. 2 лістапада пройдзе XXVІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Якуб Колас. Чалавек. Эпоха. Час» з удзелам гісторыкаў, архівістаў, культуролагаў.

А 3 лістапада, у дзень нараджэння Песняра, адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да помніка Якубу Коласу на плошчы яго імя ў Мінску.

Галіна ГРЫЦКЕВІЧ

Мнения

Вверх