Брэст: уладальнікі газавых аўтамабіляў скардзяцца на мытнікаў

Брэст: уладальнікі газавых аўтамабіляў скардзяцца на мытнікаў

Некалькі дзён запар аўтамабілі, якія працуюць на газавым паліве, пры перасячэнні беларуска-польскай мяжы трапляюць у зону павышанай увагі супрацоўнікаў Брэсцкай мытні, паведамляе «Вясна».

Па словах аўтаўладальнікаў, мытнікі аглядаюць паліўныя бакі, але для гэтага выкарыстоўваюць шлангі альбо свецяць у бак ліхтарыкамі. Гэта выклікае вялікую занепакоенасць у кіроўцаў, якія лічаць, што такі агляд  – «да першага пажару». Але самае галоўнае: мытнікі  спасылаюцца на загад свойго кіраўніцтва, аднак ніякіх дакументаў у пацверджанне сваіх слоў не прад’яўляюць.

Кіраўнік прэс-службы Брэсцкай мытні Сяргей Малеў паведаміў, што ніякіх новых загадаў ці інструкцый наконт агляду транспартных сродкаў не было, а больш пільная ўвага газавым паліўным бакам надаецца таму, што частымі сталі выпадкі, калі ў гэтых баках нелегальна правозяцца забароненыя рэчы. Ускосна Сяргей Малеў пагадзіўся, што агляд з ліхтарыкам можа быць небяспечны для тых, хто гэты агляд праводзіць.

У той жа час уладальнікі аўтамабіляў, якія працуюць на газавым паліве, заўважаюць, што іх непакояць не толькі сумнеўныя захады па агляду транспартных сродкаў, але і тое, што гэта часам з’яўляецца дадатковай падставай для мытнікаў, каб не дазваляць выезд за мяжу. Такія абмежаванні кіроўцы лічаць незаконнымі і парушаючымі іх правы на свабоднае перамяшчэнне.     

Мнения

Вверх