На беларуска-польскай мяжы – вялікія аўтамабільныя чэргі

На беларуска-польскай мяжы – вялікія аўтамабільныя чэргі

Па інфармацыі на сайце памежнага камітэта, у сем гадзін раніцы ў «Брузгах» на выезд стаяла 450 легкавых аўтамабіляў – рэкорд для гэтага пункту пропуску, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

На памежным пераходзе «Брузгі–Кузніца» з польскага боку, у памежнай службе нам паведамілі, што з боку Польшчы на гэты момант чаргі няма:

– На выездзе з краіны легкавых аўтамабіляў няма, ёсць грузавікі на выезд у Беларусь. На нашай частцы памежнага перахода легкавых аўтамашын фактычна няма. Машыны ёсць з беларускага боку, яны маглі б хутчэй пускаць.

Да вялікіх чэргаў на мяжы прывёў збой у інфармацыйнай сістэме Польшчы.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка, праблемы на мяжы пачаліся яшчэ 30 лістапада. «Пропуск ідзе вельмі марудна і на ўезд, і на выезд», – сказаў ён. 

У памежнай службе ў «Кузніцы» нам пацвердзілі інфармацыю пра пэўны збой у працы сістэмы:

– Інфармацыю прадставіць кампетэнтная асоба ў Беластоку – наш прэс-сакратар. Скажу толькі, што павольна працавала сістэма.

Па стане на 13 гадзін паводле беларускага часу, на выезд з Беларусі чакала 200 аўтамабіляў у «Брузгах» і 120 – у «Бераставіцы». На ўезд чэргаў не было, падае сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. 

Яна Запольская

Мнения

Вверх