Кіраўніцтва «Арт-сядзібы» агучыла адкрыты зварот да ўлады

Кіраўніцтва «Арт-сядзібы» агучыла адкрыты зварот да ўлады

Дырэктар культурнай пляцоўкі «Арт-сядзіба» Павел Белавус накіраваў адкрыты зварот у Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры Беларусі. Кіраўніцтва «Арт-сядзібы» вырашыла зрабіць такі крок пасля таго, як атрымала на свае пісьмовы і электронны звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта два розныя перанакіраванні ў Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

«Мы просім гэтыя дзяржаўныя структуры паспрыяць у вырашэнні праблемы з арэндаваннем памяшкання пад культурніцкую пляцоўку», – кажа Павел Белавус.

– Вырашылі сёння апублікаваць адкрыты ліст на імя міністра культуры і старшыні Мінгарвыканкама. У гэтым звароце гаворыцца пра тое, што просім разглядзець нашую сітуацыю, якая склалася ў нашых стасунках з дзяржорганамі, калі ўсе пытанні вырашаюцца не праз нас, а праз ціск на ўласнікаў памяшканняў і праз скасоўванне дамоў. І вось мы напісалі гэтыя звароты, у якіх просім дапамагчы ў вырашэнні сітуацыі.

Нагадаем, 6 снежня «Арт-сядзіба» ў трэці раз засталася без памяшкання: арандатары нечакана скасавалі дамову на арэнду. Белавус зазначыў, што ў Мінску шмат будынкаў у дзяржаўнай уласнасці, якія альбо не выкарыстоўваюцца, альбо выкарыстоўваюцца неналежным чынам. «Нам шмат не трэба — 50–100 квадратаў. Мы хочам, каб нас проста ніхто не чапаў», — сказаў дырэктар «Арт-сядзібы».

 

Мнения

Вверх