Скончаны вонкавы рамонт чыгуначнага вакзала ў Гродне

Скончаны вонкавы рамонт чыгуначнага вакзала ў Гродне

Вонкавы рамонт чыгуначнага вакзала ў Гродне скончаны, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Поўнае завяршэнне работ будзе толькі ў будучым 2013 годзе. Падчас рамонту была дэмантавана з муроў вакзала памятная шыльда. Аляксандр Сакалоўскі, начальнік чыгуначнай станцыі Гродна, супакойвае, што шыльда, якая ў выглядзе каплічкі нагадвала пра паўстанцаў 1863 года, зойме сваё пачэснае месца.

– Як пачаўся рамонт, мы ўзялі гэтую шыльду на захаванне. Яна будзе на тым месцы, дзе і была, або зойме іншае пачэснае месца. Але ў любым выпадку яна будзе. Само адкрыццё вакзала трохі зацягваецца, яно прыпадае на будучы год. У гэтым годзе мы здаем толькі невялікую яго частку, толькі мытна-пагранічную зону. Магчыма, гэтую шыльду зацікаўленыя ў гэтым арганізацыі захочуць павесіць раней за здачу ўсяго вакзальнага комплексу.

У канцы адыходзячага года Беларуская чыгунка адзначае сваё 150-годдзе. Менавіта праз Гродна пралягла першая каляіна, якая злучыла Санкт-Пецярбург, Вільню, Гродна з Варшавай. Пабудова гэтай чыгункі паспрыяла хуткаму развіццю рэгіёна, але і падаўленню паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Якуб Сушчынскі

Новости

Вверх