Іванаўскі раён пачаў досыць актыўна развіваць сядзібны турызм, аграэкатурызм

Іванаўскі раён пачаў досыць актыўна развіваць сядзібны турызм, аграэкатурызм

Некаторыя сядзібы нашых продкаў здолелі выстаяць у віхуры стагоддзяў, але шмат якія засталіся хіба толькі ў памяці старажылаў. Гісторыя данесла да нас звесткі пра сядзібы ў вёсках Моталь, Тышкавічы, Гнеўчыцы, Дружылавічы, Ляскавічы, Махро. На шчасце, і сёння радуюць наша вока сялянскі двор з нязвязанымі пабудовамі 1920 г. у вёсцы Ляскавічы, двары аднароднага пагоннага тыпу на адной сядзібе пачатку XX ст. у вёсцы Шчакоцк. Сядзібныя помнікі Бацькаўшчыны, што датуюцца ХVІ – пачаткам ХХ ст., маюць, канешне,  розную ступень захаванасці. І таму наш сумесны пачэсны абавязак – зберагчы іх для нашчадкаў. Асабліва гэта мы павінны ўсвядоміць у Год беражлівасці, паведамляе «Чырвоная звязда».

Іванаўскі раён  і ў  XXI стагоддзі пачаў досыць актыўна развіваць ужо сучасны сядзібны турызм, аграэкатурызм. Турысты з усяго свету едуць у наш край – едуць найперш па беларускасць, шукаць і адкрываць унікальнасць і загадкавасць нашай гераічнай зямлі, нашай нацыі. І нам трэба, канешне, імкнуцца да таго, каб у нас якасна і высокадухоўна дзейнічалі  сядзібы рознага кшталту —  паляўнічыя, для аматараў рыбалкі, этнаграфічныя, краязнаўчыя, культуралагічныя і г. д. Каб наведвальнікі маглі сказаць потым, вярнуўшыся дадому пасля вандроўкі: сінявокая Беларусь – самая гасцінная  ў свеце, тутэйшыя  мясціны – самыя прыгожыя, а беларусы ды беларускі – самыя добрыя і ветлівыя.

Заўважу: на ўзвядзенне нашых, беларускіх, сядзіб-палацаў запрашаліся самыя знакамітыя архітэктары Заходняй Еўропы. Тут былі сканцэнтраваныя каштоўныя калекцыі па мастацтве, вялікія бібліятэкі, былі свае тэатральныя трупы, трымаўся вялікі штат дваровых людзей. Прычым у многіх мясцовых сядзібах клопат пра  ўтульнасць пераадольваў імкненне да раскошы. Шмат сядзібаў звязана з імёнамі знакамітых дзеячаў мастацтва, навукі. Сядзібы вылучаліся  непаўторным укладам жыцця. Шмат самых розных відаў мастацкай дзейнасці пераплялося, каб стварыць цэласны сядзібны ансамбль: архітэктура, паркабудаўніцтва, жывапіс, скульптура, паэзія, музыка, тэатр.

Менавіта сядзібнае асяроддзе здольна даць прастору для развіцця індывідуальных здольнасцяў яе насельнікаў.

Лічу, што аграэкатурызм – гэта новае эканамічнае мысленне сучаснай беларускай вёскі.  Многія гаспадары сучасных сядзіб ужо фактычна  адзначылі дзесяцігоддзе сваёй увішнай дзейнасці.  Менавіта дзякуючы агратурызму многія старыя хаты Беларусі з драўлянымі крыжамі на вокнах  не знікаюць, а жыццё падчас ужо ў так званых  неперспектыўных вясковых населеных пунктах набывае другое дыханне, іншую якасць, іншае напаўненне. Значыць, вясковыя хаты (іх побыт, этнаграфія, культура) працягваюць існаваць у прасторы і часе.

На Беларусі ўжо каля 1900 аграсядзіб. І на Іванаўшчыне – больш за дзясятак. Бачна тэндэнцыя да іх павелічэння. Дарэчы, ільготны рэжым гаспадарання для суб’ектаў гэтага віду дзейнасці нашай дзяржавай працягнуты да 2021 года! Так што – у добры шлях сядзібнага жыцця, новыя гаспадары і гаспадыні Беларусі!  І адметна, што сядзібы XXI стагоддзя, якія сёння ўзводзяцца ў Беларусі для сямейнага жыцця  з запрашэннем дызайнераў і спецыялістаў, – гэта не проста мода, а культуралагічна граматнае вяртанне ўчарашняга страчанага айчыннага побыту… Гаспадары і гаспадыні Беларусі! Смялей будуйце свае сядзібы на роднай зямлі ў XXI стагоддзі, адраджайце сядзібы сваіх бацькоў!

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Мнения

Вверх