Васіль Быкаў паселіцца ў Гродне побач з Максімам Багдановічам

Васіль Быкаў паселіцца ў Гродне побач з Максімам Багдановічам

Для экспазіцыі славутага беларускага пісьменніка абяцаюць знайсці месца ў музеі Максіма Багдановіча. З падобнай ініцыятывай выступіла яго дырэктар Святлана Рапецкая, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя».

Пад творчасць Васіля Бывака плануюць адвесці частку плошчаў, вызваленых пасля адсялення людзей з кватэр, якія размешчаны ў будынку музея.

Святлана Рапецкая:

– Мы плануем зрабіць экспазіцыйную залу, прысвечаную творчасці і жыццю Васіля Быкава. Не ўсё так проста робіцца, у тым сенсе, што кватэры адсяляюцца, але неабходна правесці рамонт, неабходна зрабіць перабудову памяшкання. Трэба распрацаваць навуковую канцэпцыю. Мы пачалі над гэтым працаваць. Сказаць дакладна тэрміны я яшчэ не магу.

Паводле слоў Святланы Рапецкай, у фондах музея ёсць неабходныя для экспазіцыі матэрыялы: дакументы, фотаздымкі і іншыя экспанаты. «З аснашчэннем выставачнай плошчы праблем не будзе», – запэўніла дырэктар установы. Калі намаганняў Святланы Рапецкай будзе дастаткова, у Гродне павінна з'явіцца доўгачаканая экспазіцыя, прысвечаная творчасці і жыццю Васіля Быкава.

У бліжэйшы час жыхароў кватэр №№ 3 і 5 абяцаюць перасяліць у жыллё па вуліцы Касцюшкі. Пасля гэтага ў музейным будынку застанецца адна сям’я, якая займае апошнюю жылую кватэру. З гэтай сям’ёй таксама вядуцца перамовы пра пераезд на іншае месца жыхарства. Першапачаткова музей дзяліў дом з жыхарамі 9 кватэр.

Вадзім Батура

Мнения

Вверх