QR-код і Чорная Панна. Нясвіж працягвае павялічваць сваю турыстычную прывабнасць

QR-код і Чорная Панна. Нясвіж працягвае павялічваць сваю турыстычную прывабнасць

Ён адным з першых гарадоў у краіне забяспечвае свае культурна-гістарычныя аб’екты інавацыйнымі тэхналогіямі QR-кода, паведамляе «Рэспублiка».

Ініцыятыва гэтага праекта належыць Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку «Нясвіж». Асноўная мэта — яшчэ больш павялічыць турыстычную прывабнасць горада, зрабіць інфармацыю пра культурна-гістарычныя аб’екты шырокадаступнай для айчынных і замежных турыстаў. Сучасная тэхналогія ўяўляе сабой наступны працэс: праз сканіраванне QR-кодаў можна будзе праслухаць аўдыёгід і наведаць раздзел сайта музея-запаведніка «Нясвіж», прысвечаны канкрэтным аб’ектам. Інфармацыя даводзіцца на чатырох мовах: беларускай, англійскай, рускай, польскай. Першымі ў спіс значных гістарычных аб’ектаў горада ўвайшлі Радзівілаўскі палац, касцёл Божага Цела, гарадская ратуша, Слуцкая брама, Дом рамесніка, былыя манастырскія комплексы бернардзінцаў і бенедыкцінак.

Да таго ж у музея-запаведніка «Нясвіж» з’явіўся першы афіцыйна зарэгістраваны таварны знак. З гэтага часу выкарыстанне і размяшчэнне яго на якіх-небудзь аб’ектах магчыма толькі з дазволу праваўладальніка.

А ў крамах музея з’явіўся ў продажы фірменны шакалад «Чорная Панна Нясвіжа». Выява Чорнай Панны на абгортцы была абрана па выніках адкрытага конкурсу.

Марына БАРАДАЎКА

Мнения

Вверх